Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да беларуска-расейскага напружаньня дадалася і Ланская


Агітацыйны плякат у Менску. Архіўнае фота

Агітацыйны плякат у Менску. Архіўнае фота

Інтэграцыйны праект па аб’яднаньні МАЗа і КамАЗа, а таксама колькасьць нафты, якую атрымае сёлета Беларусь з Расеі, былі ў цэнтры перамоваў прэм’ераў дзьвюх краін. Дзьмітрый Мядзьведзеў і Міхаіл Мясьніковіч сустрэліся сёньня ў Маскве.

Паводле папярэдняй інфармацыі з Масквы, ні па першым, ні па другім пытаньні рашэньне сёньня не прынятае. Чакаецца, што ўсё вызначыцца на сустрэчы кіраўнікоў дзьвюх краін. Калі яна адбудзецца, пакуль не гаворыцца. Хоць вядома, што на 28 траўня ў Бішкеку плянуецца саміт кіраўнікоў краін АДКБ. І Беларусь, і Расея ўваходзяць у гэтую міжнародную арганізацыю.

Вось як бачыць сытуацыю намесьніка дэкану факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэй Суздальцаў:

«Што тычыцца аўтахолдынгу, то ў Маскве ўзьнікла ўражаньне, што беларусы хочуць мець ня проста 50%, а завалодаць усім КамАЗам. І гэтае пытаньне, як і нафтавае, будзе, вядома, вырашацца на вышэйшым роўні. Сытуацыя ў дачыненьнях першых асобаў цяжкая. А тут Масква яшчэ зьвярнула ўвагу на выхадку Лукашэнкі адносна Ланской. Ён прадставіў справу, быццам гэта Расея так дзейнічае супраць яго. А што, калі наступным разам Беларусь выведзе на сцэну якую-небудзь голую дзяўчыну? І што, з-за гэтага радавацца ўсёй Расеі? Беларусы хіба нас пыталіся — якая нам падабаецца? Не, кажуць — палюбіце яе такой, якая яна ёсьць? Глупствы нейкія».

Расейскія і беларускія экспэрты, аналізуючы сытуацыю, адзначаюць дзьве тэндэнцыі. З аднаго боку, эканамічныя пазыцыі Беларусі пагаршаюцца: скарачаецца беларускі экспарт, растуць запасы гатовай прадукцыі на складах, золатавалютныя рэзэрвы падтрымліваюцца толькі за кошт Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. З другога боку, Менск хоча ўзнавіць дачыненьні з Эўразьвязам. А словы кіраўніцы прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майры Моры пра тое, што апошнія крокі Беларусі сьведчаць, на яе погляд, пра дастаткова сур’ёзны намер палепшыць стасункі, могуць сур’ёзна напалохаць Маскву. І таму Крэмль і далей пойдзе на саступкі Менску і аплаціць расейскімі грашыма кошт сваіх геапалітычных праектаў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка з гэтым не пагаджаецца:

«Разумець гэта як пагрозу непрыгожай нявесты: „Я пайду да Васі, а не да Карла Фрыдрыхавіча...“ Ды ну. Нікуды яна ня пойдзе абсалютна. Крэмль у любы момант можа „пераціснуць“. Расея наагул можа абваліць увесь эканамічны лад беларускага жыцьця».

Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што пакуль Аляксандар Лукашэнка пасьпяхова выкарыстоўвае супярэчнасьці ў падыходах да Беларусі з боку Брусэля і Масквы:

«Расея вельмі насьцярожана ставіцца да праграмы „Ўсходняе партнэрства“. Яна ня хоча дапусьціць, каб краіны заходняй часткі СНД абралі шлях эўрапейскай інтэграцыі. Таму ў сёньняшнім кантэксьце, калі беларускі рэжым паказвае (падкрэсьліваю, толькі паказвае), што ён гатовы распачаць дыялёг з Эўрапейскім Зьвязам, ЭЗ разумее, што ёсьць рэгіянальная пагроза пашырэньня аўтарытарных тэндэнцыяў, што бачна на прыкладах Грузіі, Украіны і Малдовы. Таму Расея ў такіх умовах вымушаная быць больш паблажлівай да рэжыму Лукашэнкі. Больш за тое, яна гатовая праплочваць Менску некаторыя рэчы».

Якраз напярэдадні сёньняшняй сустрэчы прэм’ераў Белстат абвясьціў, што за першы квартал сёлетняга году таваразварот Беларусі з краінамі Эўразьвязу зьнізіўся на 26%. Некаторыя экспэрты пасьпяшаліся зьвязаць гэта «са спыненьнем растваральнага бізнэсу», калі Беларусь пад выглядам растваральнікаў прадавала праз Латвію ў Эўропу звычайныя нафтапрадукты. «Аднак гэта зусім ня так», — цьвердзіць Леанід Заіка, які першым выкрыў схему «растваральнікаў-разбаўляльнікаў»:

«Ідзе агульнае зьніжэньне эканамічнай актыўнасьці, асабліва на зьнешніх палях. Прычына не ў растваральніках. Гэта несур’ёзны падыход, што на адных растваральніках уся Беларусь правальваецца. Прычына ў павелічэньні канкурэнцыі, у пагаршэньні сытуацыі на ўнутраных рынках. Усясьветная эканоміка перапоўненая нафтай і нафтапрадуктамі. Таму тое, што іх сталі менш купляць, — гэта натуральна.

Ідзе агульнае паніжэньне экспартнай дынамікі на прасторах СНД. У Казахстане падзеньне экспарту складае 14%, у Расеі — 5%, у Беларусі — 17,7%».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG