Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рынак у Ждановічах: сумнеўная якасьць па сумнеўных коштах


Шматфункцыянальны рынак у Ждановічах — ня толькі найбуйнейшая гандлёвая пляцоўка ў краіне, але і вымушаны спонсар чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году.

Генэральны дырэктар Яўген Шыгалаў, асуджаны ў 2008 годзе за злоўжываньне службовым становішчам і памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам узамен на без малога 40 мільёнаў даляраў, у якасьці «адпрацоўкі» мусіць фінансаваць «Чыжоўка-Арэну» ажно да поўнага заканчэньня працаў на аб’екце. Натуральна, з дапамогай кліентаў «Ждановічаў», якія, у сваю чаргу, багата інвэстуюць у бізнэс-імпэрыю Шыгалава.

Мянчук Міхаіл Лупсякоў — сталы наведнік «Ждановічаў». Але апошнім часам амаль кожны паход на рынак заканчваецца візытам у адміністрацыю — па яго словах, надакучыла, калі кожны гандляр намагаецца ашукаць на роўным месцы:

«Калі прыходзіш на рынак, асабліва дзе прадаюць мабільныя тэлефоны, яны заўсёды намагаюцца ўсунуць якую-небудзь лажу. Вельмі часта ня хочуць даваць чэкі, каб потым прыкідвацца, што тавар ня іхні. На словах абяцаюць памяняць ці вярнуць грошы, калі прылада раптам не спадабаецца ці не працуе, але калі прыходзіш, то ні забіраць, ні мяняць свой бракаваны тавар ня хочуць. А пойдзеш у адміністрацыю, то трэба яшчэ некалькі разоў схадзіць, каб з боем прабіваць сваё законнае права ня быць падманутым. Яны даюць кантралёра. Той ідзе, вядзе перамовы, гандляры аднекваюцца. Цырк нейкі. Пастаянна стараюцца падмануць на дробязях. Урэшце надакучвае такое стаўленьне, калі хочуць усунуць падпсаваны тавар ці нешта іншае. І нельга нічога дабіцца. Выклікаеш міліцыю, тая прыходзіць — чаго шуміш? Выходзіць, што ўсё куплена. Відаць, такую гаспадарку трэба будаваць на прынцыпова іншых правілах».

Аднак самі гандляры ўдакладняюць: нельга ўсіх падводзіць пад адзін шаблён, бо ёсьць гандаль легальны, а ёсьць ценявы. Адміністрацыя «Ждановічаў» распрацавала так званую схему рынку, на якой пазначана, каму якая тэрыторыя выдзелена і што канкрэтна рэалізуецца на кожным квадратным мэтры. Вісяць папярэджаньні, што ня варта набываць з рук тавары сумнеўнага паходжаньня — найперш у людзей, якія ня маюць касавых апаратаў, ліцэнзіяў, а значыць, і права весьці розьнічны ці оптавы гандаль. Яскравы прыклад ігнараваньня элемэнтарных патрабаваньняў — гандляры, якія атабарыліся цераз дарогу ад буйных павільёнаў і абыходзяцца без стацыянарных месцаў. Там ідзе бойкі гандаль перадусім мабільнымі тэлефонамі, бытавой тэхнікай — адпаведна, без усялякіх гарантыяў якасьці. Ахова і кантралёры раз-пораз такі стыхійны гандаль спыняюць, але поле іхнай дзейнасьці — гэта перадусім цывілізаваная частка рынку. Парушэньнямі такога кшталту павінна займацца міліцыя.

«Ждановічы» — яскравы прыклад зьмяшэньня нацый і народнасьцяў. Асобныя нацыянальныя групоўкі трымаюць пад кантролем цэлыя сэктары — ад аўтамабільнага рынку да садавінна-гародніннага. Пра падзел сфэраў уплыву расказвае прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка:

«Адна групоўка каўказцаў кантралюе скупку золата. Іншая гандлюе садавіной, гароднінай, і гэта збольшага іхні рынак як на опце, так і на дробязі. Усе, хто гандлюе мабільнікамі, — таксама рэгіёны каўкаскія: Кабардзіна-Балкарыя, Дагестан, Чачня. На аўтарынку амаль што толькі яны адны і засталіся. Але ня толькі расейскія, бо ў нас жа і армянаў, і азэрбайджанцаў сваіх хапае, цэлыя дыяспары сядзяць на перакупах-закупах. Але расейскіх усё больш, зноў жа, зь пералічаных мной рэгіёнаў. Прычым ставяць кошты на свае машыны таньнейшыя, чым беларусы. Натуральна, віетнамцы. Іх пазыцыі вельмі моцныя. Перадусім скура, а таксама — гандлёвыя кропкі, якімі валодае ці жонка, ці пляменьніца Шыгалава. Таксама дужа іх шмат на опце і на дробных новых рэчах — панамкі ды розная ерунда. Вядома ж, цыганы, куды бязь іх. Але цыганы ня нашыя, не беларускія. Прынамсі нумары на машынах у іх расейскія. Іх асноўны гандаль — бэнзапілы».



Пры гэтым некаторыя віетнамцы жывуць проста ў гандлёвых павільёнах, дзе абсталяваныя шматпавярховыя «нары» для сну. У такіх умовах многія існуюць гадамі, пакуль не назьбіраюць грошай, каб набыць кватэру.

Памылка сэрвэра

Памылка на сэрвэры. Зьвярніцеся ў службу падтрымкі.

Please use Search above to see if you can find it elsewhere


Асобная тэма — так званае «поле цудаў», дзе прыватнікі гандлююць рознай старызнай. І хоць прадаваць новы тавар там фактычна забаронена, кантрафактная прадукцыя прадстаўленая ў шырокім асартымэнце. Прадпрымальнік Аляксандар Макаеў шмат гадоў адпрацаваў у Ждановічах і кажа, што такім чынам кантрабандысты перабіваюць пакупнікоў у «сэртыфікаваных» гандляроў:

«Многія прадпрымальнікі скардзяцца, што на „полі цудаў“ прадаецца фактычна новы тавар. Гэта людзі, якія ня плацяць падаткаў, а аплачваюць толькі месца за суботу і нядзелю. І не 60 дзён на год там зьяўляюцца, як прапісана ў дакумэнтах, а штодня. Адзінае, што могуць паклікаць на замену брата, свата. То бок — гандаль не спыняецца. Пры гэтым дарагая апаратура, тэхніка — напрыклад, дрылі — на 5 даляраў будзе таньнейшая, але ніякай гарантыі. Усе пра гэта ведаюць, але, мабыць, нехта „крышуе“, калі ўсё гэта квітнее. Але хтосьці патурае, нягледзячы на незадавальненьне прадпрымальнікаў, якія вымушаныя плаціць ня толькі падаткі, але і немалую арэнду. Рынак увесь час разрастаецца, кантраляваць яго ўсё больш складана, затое хаваць крымінал усё прасьцей».

Многія прадпрымальнікі лічаць, што закрываць вочы на шматлікія парушэньні адміністрацыю рынка прымушае сытуацыя, у якую паставіла яго дзяржава. Памілаваны прэзыдэнтам генэральны дырэктар Яўген Шыгалаў вымушаны адпрацоўваць свае грахі — захоп земляў пад будоўлю новых павільёнаў.

Гаворыць Аляксандар Таўстыка: «Шыгалаў працуе, рынак працуе. У яго ёсьць абавязак: пакуль „Чыжоўка-Арэна“ не дабудуецца, доўг зь яго плячэй зьняты ня будзе. Але цяпер тут капітал ужо інтэрнацыянальны. Прысутнічае капітал расейскі, казахскі, кітайскі. Беларускага засталося ня так і шмат. Справа ў тым, што Шыгалаў, трапіўшы ў апалу, страціў падтрымку Шэймана. А ўсё гэта стваралася з дабраслаўленьня самога Шэймана, які, калі памятаеце, асабіста дазволіў выдзяляць зямлю на ўзроўні Менаблвыканкаму. Зрэшты, пазьней на гэтай жа падставе супраць Шыгалава і ягонага намесьніка была ўзбуджаная крымінальная справа. Шыгалаў нікуды ня дзеўся, былі заплочаныя адкупныя, але абавязак на ім вісіць — „Чыжоўка-Арэна“ да чэмпіянату сьвету-2014. Але, зноў жа, за кошт нас».

Раз-пораз спроба падзелу рынку ўплыву заканчваецца буйнымі разборкамі паміж групоўкамі. Апошняя датаваная канцом мінулага году — счапіліся блізу паўсотні каўказцаў і цыганоў. Калі слоўныя аргумэнты скончыліся, у ход пайшла траўматычная зброя. Некалькі чалавек былі параненыя.
XS
SM
MD
LG