Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь: Што не дазволена — забараняецца


Такую назву мае аб’ёмная заява праваабарончай арганізацыі Amnesty International, якая адрасаваная 23-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН. Прапануем вам зьмест дакумэнту ў скароце.

Сотні людзей у Беларусі кожны год пазбаўляюцца сваіх правоў на свабоду сходаў і аб’яднаньняў. Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці сутыкаюцца з закрыцьцём, а фізычныя асобы — з крымінальным перасьледам, калі яны крытыкуюць уладу. Любая форма грамадзкага дзеяньня, нават пікет з аднаго чалавеку, падлягае дазволу, які рэдка даецца, мірным дэманстрантам пагражае штраф або кароткатэрміновае турэмнае зьняволеньне.

Адсутнасьць свабоды мірных сходаў у Беларусі апынулася ў цэнтры ўвагі ў сьвеце ў сьнежні 2010 году, калі, у асноўным, мірныя дэманстрацыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў былі жорстка здушаныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Сотні пратэстоўцаў зьведалі зьбіцьцё, адвольныя арышты і вялікія штрафы. Усе асноўныя апазыцыйных кандыдаты ў прэзыдэнты і шмат выдатных актывістаў апазыцыі былі арыштаваныя, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Эдуард Лобаў і Зьміцер Дашкевіч застаюцца ў турме да гэтага часу.

У Беларусі недзяржаўныя арганізацыі (НДА) павінны рэгістравацца ў органах улады або іх чальцам пагражае прыцягненьне да адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. НДА сутыкаюцца з жорсткімі патрабаваньні да рэгістрацыі.

Арганізацыям грамадзянскай супольнасьці часта адмаўляюць у рэгістрацыі ў парушэньне заканадаўства за нязначныя недахопы ў дакумэнтацыі, якую можна было б лёгка выправіць. Арганізацыі, якім адмовілі ў рэгістрацыі, могуць зьвярнуцца ў суд, але Amnesty International не ўдалося знайсьці ніводнага прыкладу пасьпяховага абскарджаньня адмовы ў рэгістрацыі.

Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае адказнасьць за любую дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, у тым ліку палітычных партый і рэлігійных арганізацый, і накладае штраф або пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў. У 2011 годзе Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы пастанавіла, што «абмежаваньне зьяўляецца настолькі моцным, што ня толькі абмяжоўвае свабоду аб’яднаньняў, але таксама і свабоду меркаваньняў і іх выказваньня да неабгрунтаванага ступені».

Адсутнасьць бесстароннага расьсьледаваньня і незалежнай судовай сыстэмы палягчае асуджэньне і пазбаўленьне волі праз палітычна матываваныя справы абаронцаў правоў чалавека. Алесь Бяляцкі, старшыня незарэгістраванай арганізацыі па правах чалавека праваабарончы цэнтар «Вясна» і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі па правах чалавека заплаціў вельмі высокую цану за сваю дзейнасьць у галіне правоў чалавека. 24 лістапада 2011 года, пасьля судовага разбору, які парушаў міжнародныя стандарты справядлівага судовага разьбіраньня, ён быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў па абвінавачваньні ва «ўтойваньні даходаў у буйным памеры» (артыкул 243.2 беларускага КК) за выкарыстаньне яго асабістых банкаўскіх рахункаў у Літве і Польшчы для падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі. З моманту спыненьня рэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» арганізацыя не магла адкрываць рахункі ў Беларусі, і ў яе чальцоў не было іншага выбару, акрамя як выкарыстоўваць банкаўскія рахункі ў суседніх краінах для фінансаваньня сваёй дзейнасьці ў галіне правоў чалавека. Amnesty International лічыць Алеся Бяляцкага вязьнем сумленьня і заклікае да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня.

Заключэньне

Закон і практыка ў Беларусі не знаходзяцца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі свабоды мірных сходаў і асацыяцый.

Amnesty International заклікае беларускія ўлады:

— неадкладна і безумоўна вызваліць усіх тых, хто затрыманы выключна за мірнае выказваньне сваіх палітычных ці іншых перакананьняў;

— неадкладна адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу;

— адмяніць адміністрацыйную забарону і крымінальную адказнасьць за выкарыстаньне замежных грантаў і зьняць забарону для грамадзкіх арганізацый захоўваць сродкі ў банках замежных краінаў;

— прывесьці закон аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG