Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: закон і палітыка абмяжоўваюць свабоду веравызнаньня ў Беларусі


Канстытуцыя дазваляе свабоду веравызнаньня ў Беларусі, але закон і палітычная практыка насамрэч абмяжоўваюць яе.

Гэтак гаворыцца ў абнародаванай сёньня сакратаром Дзярждэпартамэнту ЗША Джонам Керы штогадовай справаздачы аб свабодзе рэлігіі ў сьвеце.

У адносінах да свабоды рэлігійнага жыцьця ў Беларусі ў 2012 годзе дакумэнт сьцьвярджае, сярод іншага:

«Тэндэнцыя ў падыходзе ўладаў да свабоды веравызнаньня істотна не зьмянілася на працягу году. Улады выбарачна і адвольна абмяжоўвалі дзейнасьць рэлігійных суполак, што прывяло да самацэнзуры сярод шматлікіх удзельнікаў гэтых суполак. Улады скарыстоўвалі палажэньні закону аб рэлігіі, каб перашкаджаць у дзейнасьці суполак, якія не належаць да Беларускага экзархату РПЦ. Закон абмяжоўвае магчымасьці рэлігійных суполак забясьпечваць рэлігійную адукацыю ды свабодна ўвозіць і распаўсюджваць рэлігійную літаратуру. Улады перасьледавалі і штрафавалі чальцоў некаторых рэлігійных суполак, асабліва тых, якія разглядаюцца імі як носьбіты замежнага культурнага ўплыву або як палітычныя актывісты. Замежныя місіянэры, духавенства і супрацоўнікі гуманітарных арганізацый, зьвязаныя з пратэстанцкімі цэрквамі і Рымска-каталіцкай царквою, сутыкаліся са шматлікімі перашкодамі, уключна з дэпартацыяй і адмовай у выдачы візы або яе адменай. Былі паведамленьні пра выпадкі зьневажаньня або дыскрымінацыі з прычыны рэлігійнай прыналежнасьці, перакананьняў або практыкі. Большасьць такіх выпадкаў датычыла вандалізму ў адносінах да рэлігійных аб’ектаў, будынкаў і помнікаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG