Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Дзяды» на экспарт


Дзяды-2011, ілюстратыўнае фота

Дзяды-2011, ілюстратыўнае фота

20 траўня ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў адбудзецца трэці паказ спэктакля «Дзяды», пастаўленага «Тэатрам Ч» паводле паэмы Адама Міцкевіча. Напярэдадні творчая група распавяла пра супольную літоўска-беларускую працу над пастаноўкай. Як адзначылі стваральнікі, перад прэм’ерай, якая адбылася 17 і 18 красавіка, у актораў і рэжысэра проста не было часу і сілаў, каб сустракацца з журналістамі: так шчыльна былі занятыя спэктаклем.

Дзеля мастацкага ўвасабленьня паэмы «Дзяды» на тэатральных падмостках «Тэатр Ч» запрасіў літоўскую рэжысэрку Рамуне Кудзманайце. Вядома, што раней іншы літоўскі тэатральны рэжысэр Эймунтас Някрошус ужо меркаваў паставіць «Дзядоў», аднак пачаў чытаць тэкст паэмы і адклаў гэтую задуму.

«Гэты твор — выклік для рэжысэра. Таму што літаратурны матэрыял такі, які вельмі высока падымае плянку як для рэжысэра, так і для актораў. Нашай творчай брыгадзе проста было цікава, адолеем мы гэтую вяршыню ці не. У Літве ці ў Польшчы гэты спэктакль ставіўся б зусім па-іншаму. Калі я ставіла яго ў Беларусі, у мяне было дакладнае ўяўленьне, што я стаўлю твор пра беларускія рэаліі. Таму ў „Дзядах“ у нас сьпяваюць беларускія народныя песьні, шмат сымболікі і бытавых рэчаў таксама зьвязаныя зь Беларусьсю. Я перакананая, што тут мы не пайшлі супраць ідэі Міцкевіча, які нарадзіўся ў Беларусі, бачыў гэтыя абрады менавіта ў Беларусі і чуў песьні менавіта беларускія. Хоць я ўсьведамляю, што для сьвету гэта будзе нешта новае. Таму што, напрыклад, у Літве ніхто ня лічыць Міцкевіча беларусам, яго ведаюць як літоўца, які пісаў па-польску», — адзначыла Рамуне Кудзманайце.

Мастацкі кіраўнік «Тэатру Ч» Андрэй Курэйчык перакананы, што пастаноўка шэдэўру паэзіі эпохі рамантызму будзе запатрабаваная ня толькі ў Беларусі, а і за мяжой:

«Ужо цяпер мы запрошаныя на два фэстывалі: у Херсоне і ў Друскеніках. Вельмі спадзяемся на цікавы гастрольны лёс спэктакля „Дзяды“, які, трэба прызнаць, ня створаны паводле канонаў клясычных гастрольных спэктакляў, калі мала актораў і дэкарацыі займаюць дзьве валізкі. Не, ён — фактычна спэктакль рэпэртуарнага тэатру: вялікі склад актораў, вялікая тэхнічная група, складаны і шматлікі рэквізыт. Аднак, менавіта дзякуючы гэтаму, для фэстываляў „Дзяды“ — гэта клясны прадукт зь Беларусі».

Стваральнікі кажуць, што пасьля ўдзелу ў тэатральных фэстывалях ва Ўкраіне і Літве яны б вельмі хацелі выступіць зь «Дзядамі» ў Польшчы, а таксама ў Расеі.

Актор Раман Падаляка, які нядаўна зьняўся ў фільме «Жыве Беларусь!», у спэктаклі «Дзяды» грае Густава-Конрада. Ён сказаў Свабодзе, што, нягледзячы на пэўныя сымбалі, «Дзяды» — гэта не палітычны пэрфоманс. Аднак спадар Падаляка лічыць: кожнаму актору неабходна выказвацца пра тое, што адбываецца ў грамадзтве:

«Акторства — гэта перш за ўсё мастацтва. Аднак мы як прадстаўнікі мастацтва таксама маем сваю пазыцыю і сваё бачаньне культуры, таго, як яна павінна разьвівацца. Чаму мы павінны хаваць свой патрыятызм — для мяне гэта загадка. Для мяне табу — гэта тое, што адбываецца на беларускай сцэне, тое, што робіцца так, абы купілі і абы зарабіць грошай. Я найперш зьвяртаю ўвагу на мастацкія якасьці, таму што мне цікавая найперш гісторыя, тое, як яна нітуецца з рэчаіснасьцю і як мне гэта ўвасобіць як актору. Заўсёды грамадзтва і гісторыю рухаюць асобы. Дык вось мне падаецца, што кожны чалавек, кожны з нас — гэта тая асоба, якая рухае агульную гісторыю. Таму мы ўсе павінны ведаць і камэнтаваць свае стаўленьне да розных падзеяў з пункту гледжаньня сваёй прафэсіі».
XS
SM
MD
LG