Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронца: «Запыты зь Беларусі павінны крытычна спраўджвацца»


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

20 траўня ў Менску прайшоў сумесны сэмінар адмыслоўцаў фінансавай выведкі краін СНД, Эўразьвязу ды іншых краін сьвету. Праваабаронцы зь Беларусі ў сувязі з супрацоўніцтвам фінансавых выведак сьвету найперш згадваюць справу праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якога кінулі ў турму пасьля таго, як чыноўнікі Літвы і Польшчы падзяліліся фінансавымі зьвесткамі адносна яго з уладамі Беларусі.

Сэмінар фінансавых выведнікаў, які адбыўся сёньня ў Менску, — гэта, паводле афіцыйных зьвестак, сустрэча дзеля абмену досьведам выкарыстаньня інфармацыйных тэхналёгій у барацьбе зь легалізацыяй злачынных прыбыткаў і фінансаваньнем тэрарызму. Вопытам абменьваліся сябры Эўразійскай групы, у якую ўваходзяць Беларусь, Расея, Індыя, Кітай і яшчэ 5 сярэднеазіяцкіх краін, і чальцы групы «Эгмант», якая аб’ядноўвае адмыслоўцаў з 10 эўрапейскіх краін і яшчэ 14 краін-назіральніц.

Супрацоўніцтва органаў фінансавай выведкі штогод пашыраецца, паведамляюць удзельнікі сэмінару і рапартуюць пра посьпехі. Беларускія адмыслоўцы ў фінансавых расьсьледаваньнях, у прыватнасьці з Дэпартамэнту фінансавага маніторынгу КДК, кажуць, што летась ім удалося далічыць у бюджэт краіны падаткаў больш як на 240 мільярдаў рублёў.

Праваабаронцы зь Беларусі ў сувязі з гэтым згадваюць справу кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, якога асудзілі нібыта за ўтойваньне вялікіх прыбыткаў, атрыманых з-за мяжы. Між тым гэта былі грошы, якія праваабарончыя арганізацыі сьвету пералічвалі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі. Ці магчыма, што падобныя справы ў Беларусі будуць паўтарацца?

Намесьнік кіраўніка «Вясны» Валянцін Стэфановіч заўважае, што справу Бяляцкага зыходна распачынаў КДБ. Тое, што Мін’юст Літвы і пракуратура Польшчы на запыт беларускага боку падалі інфармацыю пра грашовыя рахункі Бяляцкага, праваабаронца назваў «памылковымі дзеяньнямі пэўных службовых асобаў Літвы і Польшчы». «Запыт быў зроблены без спасылкі на пэўную крымінальную справу, і таму на яго магчыма было не адказваць», — лічыць Валянцін Стэфановіч. Праваабаронца мяркуе, што Беларусь і надалей можа злоўжываць прававымі мэханізмамі дзеля перасьледу прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці. Якія захады перасьцярогі трэба рабіць праваахоўнікам эўрапейскіх краін, якія супрацоўнічаюць зь беларускімі калегамі?

«Мне падаецца, што запыты, якія паступаюць зь Беларусі, трэба разглядаць і ў Міністэрстве замежных спраў. То бок павінна быць належным чынам наладжана супраца ведамстваў гэтых краін. Бо магчыма, што Мін’юст ці пракуратура ня будуць валодаць той інфармацыяй, якой валодае МЗС».

Былы сьледчы беларускай пракуратуры, цяпер вядомы праваабаронца Алег Воўчак пералічвае некалькі гучных імёнаў былых палітвязьняў, перасьлед якіх пачынаўся менавіта зь фінансавых прэтэнзіяў. «Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў, бізнэсовец Андрэй Бандарэнка — каля 10 чалавек магу назваць адразу, а калі падумаць, то набярэцца і больш», — кажа Алег Воўчак. Праваабаронца мяркуе, што дзеля дасягненьня сваіх палітычных мэтаў беларускія ўлады і далей будуць выкарыстоўваць надуманыя фінансавыя прэтэнзіі да актывістаў апазыцыі:

«Улічваючы, што ў нас няма вяршэнства права, няма нагляду пракуратуры за органамі, якія вядуць падобны перасьлед, можна чакаць што і далей беларускія ўлады будуць спрабаваць атрымаць інфармацыю, падобную да тае, што прыйшла пра Бяляцкага. Тым больш, набліжаецца чэмпіянат па хакеі ў будучым годзе, потым выбары. А значыць, трэба, каб усё было спакойна, каб актыўных людзей ці групаў было меней. Супроць гэтай практыкі ёсьць адзін асноўны захад — каб дасьведчаныя юрысты вывучалі запыты, а ня проста выдавалі інфармацыю на запыт. Трэба спраўджваць запыты беларускага боку з усіх бакоў», — раіць эўрапейцам праваабаронца Алег Воўчак.
XS
SM
MD
LG