Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 траўня 1826 году, акурат на Тройцу, нюрнбэрскі шавец Вайкман і ягоны прыяцель Бэк выправіліся за горад на піва і сасіскі. Паблізу ад гарадзкой брамы ім памахаў рукой нехта незнаёмы ў лямцавым капелюшы і чорным шаліку.

«Ведаеш, Бэк, пра што я цяпер думаю? — запытаўся Вайкман. — Пра таемныя знакі чалавечага быцьця. Пра тое, як важна іх распазнаваць. Вось узяць хаця б нас з табой. Калі нехта махае нам рукой, значыць, яму ад нас нешта трэба. А калі камусьці ад нас нешта трэба, значыць, дружа, цалкам можа здарыцца, што ён пачастуе нас півам і сасіскамі. І мы зэканомім сёньня парачку флярынаў».

Яны падышлі. Чалавек, які іх паклікаў, быў зусім малады, гадоў сямнаццаць, ня больш. «Што табе трэба, шаноўны?» — важна запытаўся Вайкман. Незнаёмец паклікаў іх пальцам, прыклаў яго да вуснаў, і калі яны міжволі наставілі вушы, выразна і заклапочана прамовіў:

«Я хачу быць такім кавалерыстам, як мой бацька!»

«Ведаеш, Вайкман, здаецца мне, што піва і сасіскі давядзецца сёньня ўсё ж купляць за свае», — сказаў Бэк, разглядваючы боты незнаёмца, зь якіх выглядвалі брудныя пальцы.

«Што ж, пахвальнае жаданьне, — з прыкрасьцю адказаў Вайкман дзіўнаму тыпу ў шаліку. — А я хачу зрабіцца прынцам Бадэнскім. На гэтым скончым наш марбурскі дыспут. Мы, шаўцы, народ заняты. Братоў Грымаў чытаў?»

«О, я хачу быць такім самым кавалерыстам, як мой бацька! — заківаў бадзяга. — Кавалерыстам! Коні! І-го-го!»

Прыяцелі ўжо думалі пайсьці сваёй дарогай, але незнаёмец, дзіўна перастаўляючы свае крывыя ногі, рушыў за імі. «Хачу быць кавалерыстам!» — ледзь ня румзаў ён, нібы Вайкман і Бэк былі камандзірамі ўланскага палка. Урэшце гэта ім надакучыла, і яны здалі яго гарадзкой варце. Так сьвет упершыню пазнаёміўся з Каспарам Гаўзэрам, чалавекам зь ніадкуль, самай загадкавай асобай дзевятнаццатага стагодзьдзя.

Варта адвяла незнаёмца да капітана кавалерыі, той прывёў хлопца ў паліцыю. Пры Каспары і праўда знайшлі ліст, аўтар якога, старанна ўдаючы зь сябе малапісьменнага баўэра, прасіў «залячіть падателя сяго пісьма ў коволерію, патаму што мальчык хоча служыць сваму каралю, мне яго аддалі на васьпітаньне, а яго карміць не магу». А разам зь лістом — некалькі паперак з малітвамі і нечае эсэ пад злавеснай назвай

«Як вярнуць страчаны час і змарнаваныя гады».

На ўсе пытаньні, хто ён і адкуль родам, Каспар прызнаваўся, што хоча быць кавалерыстам, як ягоны бацька, і вельмі ганарыўся, што можа падзяліцца з панамі такой важнай інфармацыяй. Ён умеў трохі пісаць і чытаць (напісаў сваё імя, калі яго папрасілі), пра навакольны сьвет ведаў ня больш за трохгадовае дзіця, мог так-сяк прамармытаць «Ойча наш», любіў белых коней, пад якімі разумеў усё, што варушыцца, еў адно чорны хлеб, а піў толькі ваду. Ад сасісак, піва, айсбайну, кудэль-мудэлю, шпэцляў, фляйшпфлянцляў, обствасэру, егермайстру, лідлю, рамштайну і іншых рэчаў, безь якіх беларусу цяжка ўявіць сабе нармальнае чалавечае шчасьце, Каспара адразу пачынала ванітаваць. Ня менш за Каспаравы кулінарныя густы і жарсьць да конскай пароды зьдзіўлялі ягоныя ногі — вывернутыя, бы абцугамі.

Пазьней ён прыгадаў, што жыў у клетцы, у якой немагчыма было выпрастацца, можна было толькі сядзець, ляжаць і поўзаць. Яго прызналі цудам прыроды і пачалі перадаваць з рук у рукі — настаўнікі, прафэсары, сьвятары, чыноўнікі, прыёмныя бацькі і прыемныя жанчыны доўгай чарадою пацягнуліся цераз ягонае новае жыцьцё, і кожны хацеў разгадаць яго, і кожны хацеў навучыць небараку Каспара розуму.

Пра яго гаварылі ў Мінэапалісе, Менску, Манчэстэры і Мадрасе. Адны лічылі яго Маўглі, выхаваным зьвярамі (а пісаць ён, відавочна, навучыўся ў Лясной школе, і «Патэр ностэр» даведаўся ад зайцоў), іншыя — прайдзісьветам, які вырашыў у такі спосаб пажыць па-чалавечы, не турбуючыся пра хлеб надзённы; трэція — ахвярай псыхічна хворых бацькоў, чацьвертыя... Чацьвертыя, супаставіўшы ўсе факты, моўчкі паказвалі ўгару і ня раілі ні з кім дзяліцца здагадкамі: відаць, Каспар наш — пазашлюбны сынок самой Ягонай міласьці... Пятыя пагаджаліся, але даказвалі, што дзіця трымалі да паўналецьця ў зьняволеньні, каб уратаваць.

А неўзабаве на Каспара пачалі паляваньне таямнічыя людзі ў чорным. Камусьці вельмі не хацелася, каб ён Нешта Ўспомніў. А ўспамінаць ён пачаў усё часьцей. Усё скончылася ў Ансбаху, калі Каспару было каля 21 году ад роду: яго завабілі ў парк і закалолі нажом. Гэта потым ужо ў адным з баварскіх замкаў знайшлі сутарэньне, у якім валяўся спарахнелы, некалі пафарбаваны ў белы колер цацачны конік — ці сапраўды ён некалі належаў Каспару, засталося невядома. Як і тое, хто ён усё ж быў — Каспар Гаўзэр, чалавек зь ніадкуль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG