Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары 24 траўня 1940 году ў адной з рэстарацыяў Мэхіка п’е ды гуляе шумная мужчынская кампанія. Віно, шампанскае, тэкіла... Як пайшла такая п’янка — рэж апошні агурок! На нявіннае пытаньне афіцыянта, ці ня выйграў нехта з сэньёраў у лятарэю, адзін з балявальнікаў раздражнёна адказвае: «Дзень нараджэньня ў мяне, паняў? Давай, нясі яшчэ тэкілу! Ды з чарвячком, з чарвячком!»

Пра сапраўдную нагоду разгуляцца ў гэты вечар ніхто не заікаецца, нягледзячы на колькасьць выпітага. Разьвязаць цяпер язык значыць завязаць сабе на шыі пятлю, надзейную, як гальштук піянэра Пятра Сталыпіна. Але заікнуцца хочацца. Бо нагода ж не абы-якая, і яны пачуваюцца героямі: сёньня на досьвітку каля 4-й гадзіны гэтыя самыя сэньёры колькасьцю дваццаць чалавек, пераапранутыя ў мэксыканскіх жаўнераў, пад’ехалі да дома палітычнай прастытуткі Троцкага ў Каяакане. Ахоўнік правёў іх ва ўнутраны двор, яны падышлі да танюсенькай сьцяны, за якой была спальня палітычнай прастытуткі і ягонай жонкі, і ўсадзілі ў яе столькі куляў, колькі здольная выпусьціць аўтаматычная зброя на працягу дзесяці хвілінаў. Сыходзячы, яны для надзейнасьці пакінулі каля дзьвярэй бомбу і забралі з сабой ахоўніка, які, як водзіцца, «зашмат ведаў». У сьцены дома было зроблена некалькі сотняў стрэлаў. Каб ацалець пасьля такога ціру, трэба нарадзіцца ў кашулі.

«Ну, за посьпех! І каб не апошні!»

Ніхто з прысутных, і нават сам «імяніньнік», чырвоны дон мастак Сікейрас, не здагадваўся, што палітычная прастытутка пасьля гэтай агнястрэльнай ранішняй фэерыі ня проста выжыла — яна не атрымала ніводнай драпіны, за выключэньнем лёгкага парэзу аскепкам шкла. Як і жонка палітычнай прастытуткі Натальля Сядова, якая, як толькі пачалася страляніна, штурхнула старога ў карак з такой сілай, што ён паваліўся на падлогу паміж ложкам і сталом — і дзякуючы гэтаму застаўся жывы. «Наташа, за што?» — нема пыталіся вочы, пакуль банда ператварала сьцены каяаканскага дома ў рэшата. Відаць, і праўда ў бронекашулі нарадзіўся больш за шэсьцьдзесят гадоў таму пад Хэрсонам Лёва Бранштэйн. Унуку Троцкага Севу, які мірна спаў у суседнім пакоі, адна з куляў трапіла ў нагу. На гэтым сьпіс ахвяраў таго дня сканчаецца.

Неўзабаве ўсе дваццаць сэньёраў будуць арыштаваныя мэксыканскай паліцыяй. Мастак Сікейрас будзе бажыцца на допытах, што забіваць нікога не хацеў, што напад на дом у Каяакане быў пэрформансам і спадары сьледчыя проста нічагусенькі не разумеюць у сучасным мастацтве. Пра тое, што на гэты пэрформанс быў атрыманы грант ад НКВД, ён маўчаў. А ў дом Троцкага ўсё часьцей пачне наведвацца адзін малады чалавек, францускі альпініст, які захоча прадэманстраваць правадыру новую мадэль ледаруба. Як казаў сам Леў Давідавіч, «гістарычная заканамернасьць адбываецца ў выніку натуральнага падбору выпадковасьцяў». Кулі адбор не прайшлі, а ледаруб вось — вытрымаў.

Усё гэта нагадвае нейкую трагічную карыкатуру. Чалавека, які паклаў жыцьцё на тое, каб ашчасьлівіць сваіх суродзічаў сусьветнай рэвалюцыяй, што будзе, нібы шалёны трамвай, давіць усіх запар — забілі сталінскія áгенты, у якіх погляды на тое, як заразіць той трамвай шаленствам, трохі адрозьніваліся. Аднак што за розьніца тут для тых, каго зьбіраліся задавіць, застаецца няясным. Можа, у інтэлектуальнасьці Троцкага ды Сталіна? Каяаканскі самотнік страшна злаваў крамлёўскага генацвале, які, дарма што геніяльны мовазнаўца, замежнымі мовамі, апрача расейскай, не валодаў і наогул быў рэдкасны недавук. А можа, у шчырасьці? У Мэксыцы ў 1940-м загінуў той, хто, не саромеючыся, мог напісаць з чыста марксісцкай гідлівасьцю: «З пункту погляду так званай абсалютнай каштоўнасьці чалавечай асобы рэвалюцыя падлягае „асуджэньню“, як і вайна, як, зрэшты, і ўся гісторыя чалавецтва. Але ж і самое разуменьне асобы выпрацавалася ў выніку рэвалюцый...» Якое вялікае і прасторнае двукосьсе. Туды ўвесь сьвет можна засунуць — у імя ідэалаў.
XS
SM
MD
LG