Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё, што табе трэба — гэта каханьне. А калі ты забойца, у якога рукі ў крыві, дык і пагатоў. Каханьне — як фальшывае алібі, што безь пярэчаньняў бяруць на веру некалькі мільярдаў прысяжных, якіх ніколі не запросяць у суд. Яно, каханьне, апошняя надзея сьмяротнікаў, бо калі цябе кахалі і ты кахаў — значыць, нікчэмнае жыцьцё тваё ўсё ж мела сэнс. Нейкі, няважна які. Каханьне здольнае і над парай звычайных бандытаў запаліць такі арэол, які, здаецца, і ў пекле заменіць сабой геену вогненную. І вось ужо замест сухога пратаколу і чарговай закрытай справы на пакамечаных блянках банкаўскіх чэкаў праступае напісаная няроўнымі, бы таропка накрэмзанымі ў машыне, радкамі яна, гісторыя.

Ён быў дробны злодзей, яна была афіцыянтка, але ім хацелася большага. Яго гвалцілі ў турме, яе гвалціла сама рэчаіснасьць, непрыгожая і безнадзейная, як пустэльня — ім хацелася вырвацца і ўцячы. Ён любіў свабоду, грошы і добрыя машыны, яна любіла свабоду, пісталеты і пісала кепскія вершы. 23 траўня 1934-га ўсё скончылася: на адным з гасьцінцаў у Бэлвіл Пэрыш, штат Люізіяна, мясцовы шэрыф разам з тэхаскімі рэйнджэрамі імем закону выпусьцілі сто семдзесят куляў у аўтамабіль Форд V8, у якім былі Клайд Бэроў і Боні Паркер. Пяцьдзясят зь іх трапілі ў цэль. Імёны амаль паўтара дзясятка чалавек, якіх забіла за два гады рамантычная пара, што так марыла жыць прыгожа, ня ведае ніхто, акрамя, мабыць, нейкіх вузкіх спэцыялістаў па крымінальнай гісторыі ЗША. А хто такія Боні і Клайд, ведае ўвесь сьвет. Каханьне страляе проста ў лоб справядлівасьці, мазгі разьлятаюцца і запырскваюць мараль.

А і праўда, хто яны такія? Ёсьць два чалавекі, якіх лепш прыбраць, шукаючы адказ на гэтае пытаньне, прыбраць, як непатрэбных сьведкаў: Ўорэн Біці і цудоўная Фэй Данаўэй. Кантрольны клік у прыгожую галаву — усё, іх больш няма. Назваць Боні і Клайда звычайнымі бандытамі наважыцца цяжка. Ахвярамі — таксама. Самі яны лічылі сябе добрымі і чалавечнымі людзьмі, чулымі да чужога гора — і былі амэрыканцамі да апошняга капіляра на запясьці. Прынцыповымі ворагамі дзяржавы называць іх таксама не выпадае: што Клайд, што Боні, што саўдзельнікі іхных нападаў і рабункаў былі занадта неадукаваныя і цьмяна ўяўлялі сабе, што такое значыць гэтая ідэалёгія — ня кажучы ўжо пра тое, каб яе мець.

А адказ просіцца вось які: яны былі героі школьнага сачыненьня на тэму «Кім я мару быць, калі вырасту». Школьнага — дарма што ў той травеньскі дзень яму было 25, ёй не было 24. Хаця ім задавалі ўсяго толькі пераказ. Яны напісалі тое сачыненьне так, як маглі, паспрабавалі прыдумаць сябе ў меру свайго розуму і ўяўленьня пра мараль. У выніку атрымаўся хаатычны, непісьменны і страшны ў сваёй шчырасьці тэкст, кожнае слова ў якім падкрэсьлена, пакрэсьлена і перакрэсьлена — чырвоным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG