Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьніца Анка Упала неяк распавяла:

– Едзе мая знаёмая зь Менску на цягніку, вяжа шалік ці шапачку. Да яе з размовамі чапляецца бабуленцыя. Натальля адказвае на пытаньні беларускай мовай.

Бабуленцыя: А что это у вас в Минске так разговаривают?
Натальля: Так.
Бабуленцыя: Ну, совсем уже обнаглели!!!

***

– Што дазволена Юпітэру, не дазволена быку, – прамовіў старшы сьледчы крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС Васілі Копач на маё тлумачэньне ўдзелу ў падзеях 24 траўня 1995. У той дзень некалькі дзясяткаў маладых людзей каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта зладзілі акцыю-пэрформанс. Наперадзе несьлі сьцяг БССР галавой уніз, а самі ўдзельнікі ішлі ланцугом, трымаючы рукі хто на патыліцы, хто за сьпінай. Праз дзесяць дзён пасьля рэфэрэндуму, які зьмяніў нацыянальную сымболіку і пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай.

У фінале былі спрэчкі, ці рваць савецкую сымболіку? Аргумэнт «супраць» – не прыпадабняцца да прадстаўнікоў новай улады. Аргумэнт «за» – вока за вока. Другім вокам быў прэзыдэнцкі заўхоз Іван Ціцянкоў, які перад камэрай падраў б-ч-б сьцяг, што зьнялі з флягштоку над рэзыдэнцыяй. Менавіта Ціцянкова параўноўваў з Юпітэрам падпалкоўнік Копач, калі афармляў мне падпіску пра нявыезд як падазраванаму ў злосным хуліганстве з асаблівым цынізмам.

Урэшце праз год засудзілі толькі аднаго чалавека: на той момант лідэра Партыі аматараў піва Андрэя Рамашэўскага. Для ўсіх было відавочна, што за несур'ёзнай назвай партыі хаваецца рэальны ўплыў на, як казалі яшчэ ў нядаўнім на той момант СССР, нефармальную моладзь. У абвінавачаньні было штосьці кшталту «зьдзек над памяцьцю і традыцыям беларускага народу».

***

– Традыцыі мо тысячагодзьзі – дык і ня лезьце з бруднымі душамі. Мы так ня робім, але людзі хай робяць – як іх продкі прывучылі.

Гэта адзін з камэнтаў да фотарэпартажу Сяргея Гудзіліна з могілак на Радаўніцу.

У Беларусі ўсе збольшага прызвычаеныя да розных дробных нюансаў пахавальнай і памінальнай традыцыі, якія выконваюцца хутчэй аўтаматычна, чым асэнсавана. Напрыклад, ставіць чарку з закускай пад фотаздымкам памерлага.

Але ў фотарэпартажы былі па-багатаму накрытыя сталы проста на саміх магілах. Рэакцыя на ўбачанае ў многіх была шокавая – як так, у ХХІ-м стагодзьдзі, у горадзе!? Меркаваньні разышліся дыямэтральна: ад «неэтычна дэманстраваць разумовае калецтва» да «не чапайце традыцыю»!

***

Расейскія турысты: У Беларусі мы вяртаемся нібы ў сваё дзяцінства ў СССР!

Эўрапейскія турысты: Ваш сталінскі ампір – сапраўдная цікавостка, у Эўропе такога няма.

Беларускі рацыяналіст: Сталы на магілах на Радаўніцу – вось, што трэба паказваць замежнікам! У Эўропе такога больш нідзе няма.

***

Прыяцель аднойчы пажартаваў: «Вінавацячы людзей у цемрашальстве, мы робім замах на іх ідэнтычнасьць».

Вось наўскідку традыцыі, якія прапануюцца як тыя, што нас аб'ядноўваюць, і робяць унікальнымі:

– Сьцяг БССР, прыдуманы ў 1954, і мадыфікаваны ў 1995;

– Ладзіць банкеты на могілках;

– Дзяліць суграмадзянаў на юпітэраў і быкоў;

– Весьці адлік незалежнасьці краіны ад 1944;

– Лічыць сябе такімі ж самымі рускімі, але не зусім;

– Не адказваць на пытаньне, чаму ня хочаш гаварыць мовай дзеда-прадзеда;

– Браць калгас за ідэальную мадэль грамадзтва, у тым ліку, калі калгас пад нацыянальнай сымболікай;

– Ад дзіцячага садка замест дзеяслову «ўзяць» ужываць "скрасьці";

– Не абурацца выкрыцьцём начальства, якое скрала – а навошта тады ісьці ў начальнікі?

Дадай свой пункт.

***

24 траўня 1995 году адбылася першая вулічная акцыя пры новай уладзе, якая мела наступствам для ўдзельнікаў затрыманьні і крымінальны перасьлед. Мы баранілі б-ч-б сьцяг, пра які дазналіся менш за сем гадоў перад тым – на Дзяды 1988. Ад таго часу ўдзельнікі акцыі займелі традыцыю шанаваць і выкарыстоўваць нанова адкрытую нацыянальную сымболіку.

Мы ня проста адказвалі Ціцянкову «вока за вока».

Мы зусім абнаглелі: мы баранілі сваё права на стварэньне новай рэальнасьці.

І новых традыцыяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG