Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьпяваў адзін заслужаны савецкі мушкетэр, Парыжу заўжды былі патрэбныя дзьве рэчы: грошы і рыцары. Але сэ ля ві — трэцяй рэччу, пякучую патрэбу ў якой француская сталіца адчула дзьвесьце гадоў таму, аказаліся новыя могілкі. Што, у прынцыпе, даволі ўдала завяршае пачаты грашыма асацыятыўны рад. Увесну 1804 году горад Парыж выкупіў у прыватнага ўладальніка сямнаццаць гектараў зямлі на ўзгорку Бэльвіль на самай ускраіне, а ўжо 21 траўня таго году там адбылося першае пахаваньне. Якое ні да рыцарства, ні да грошай ня мела ніякага дачыненьня — доўгі шэраг жыхароў могілак Пэр-Ляшэз адкрыла пяцігадовая дзяўчынка.

Піярыць могілкі ва ўсе часы было няпроста — няма да чаго падкапацца. Каб завабіць народ класьціся ў зямлю менавіта на Пэр-Ляшэз, а не на перапоўненых і такіх звыклых старых, яшчэ зь сярэднявечча вядомых могілках, што неўпрыкмет апынуліся ледзьве ня ў цэнтры гораду, давялося зьвярнуцца да клясыкаў. Празь некалькі гадоў пасьля адкрыцьця на Пэр-Ляшэз перапахавалі Мальера і Ляфантэна, і на парыскім Стыксе пачалася паводка, бо народ паваліў сюды ракой. Ляжаць у сырой зямліцы побач зь несьмяротнымі майстрамі слова хацеў кожны француз, які ўмеў чытаць, а неўзабаве і для іншаземных трупаў на Пэр-Ляшэз быў уведзены бязьвізавы рэжым.

З жыхароў Пэр-Ляшэз можна скласьці горад. Можна — энцыкляпэдыю. Можна — Кнігу лёсаў. Можна — пазл: каго не хапае, каб карцінка выглядала завершанай — і хто лішні? Можна — дапаможнік па сьпірытызьме. Тут ляжыць Нестар Махно, таксама ў нейкім сэнсе пэр. Тут знайшоў апошні прытулак Шампальён. Менавіта тут спачываюць Бальзак і Апалінэр. Сюды, прамовіўшы свае цудоўныя словы пра мярзотныя шпалеры ў кветачкі, выправіўся Оскар Ўайлд. Тут навечна аддаўся сваёй вялікай мэлянхоліі Пруст. Гюстаў Дарэ і Сара Бэрнар, Шапэн і Элюар, Піяф і Дэлякруа... Тут вярнуўся нарэшце ў сваё індзейскае аблічча сын адмірала Джым Морысан. Тут побач ляжаць куртызанкі, куцюр’е, камуністы і камэдыёграфы. Тут спачывае прах старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка — і Пэр-Ляшэз, па вялікім рахунку, мусіць у нейкім сэнсе дадаваць БНР аўтарытэту. Бо ў такім суседзтве...

На радзіме Міколы Абрамчыка, між тым, могілкі — самы жудасны прыклад таго, да якой пульпы дабралася русыфікацыя. Або — куды так і не дабраліся ўсе беларусізацыі. Наведваючы сваіх памерлых у Менску, адганяеш ад сябе навязьлівую думку, што дзеці нябожчыкаў, напэўна, сьвята вераць ва ўваскрашэньне душаў і баяцца, каб на тым сьвеце іхных бацькоў не палічылі «апазыцыяй» і «адмарозкамі». Калі, вядома, бацькі — не пісьменьнікі ці якія іншыя артысты. Гэтым можна. Але нармальнаму чалавеку паміраць па-беларуску не выпадае — засьмяюць або арыштуюць. Вось дзе праца для ТБМ. А для празьмерна ўражлівага нацыянальна сьведамага чалавека дык і наогул глеба для новай фобіі — быць пахаваным пад помнікам з эпітафіяй па-расейску і без «Пагоні». Лепш ужо зажыва. Ці ў Парыжы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG