Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства»


Дыскусіяй на нямецкай мове па эўрапейскай тэматыцы сёньня ўвечары ў Менску адкрываецца Эўрапейскі міжкультурны фэстываль.

Падобная імпрэза адбудзецца ў Беларусі ўпершыню. Арганізатары разьлічваюць стварыць камунікацыйную пляцоўку для культурнага дыялёгу паміж жыхарамі Эўразьвязу і краінаў, якія ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства».

Фэстываль працягнецца тыдзень. Закончыцца ён 26 траўня, калі пераможцы конкурсу фатаграфіі «Эўропа па суседзтве» і конкурсу дзіцячага малюнку «Маляўнічая Эўропа» атрымаюць узнагароды ад арганізатараў.
«Адметнасьць гэтага фэстывалю ў тым, што ён ахоплівае ня толькі краіны

Эўразьвязу, але і краіны «Ўсходняга партнэрства», — падкрэсьлівае Вольга Стужынская, кіраўніца брусэльскага «Офіса за дэмакратычную Беларусь»:

Вольга Стужынская. Фота Алена Ліс
Вольга Стужынская. Фота Алена Ліс
«Фэстываль ладзіцца дзеля таго, каб болей расказаць жыхарам Беларусі пра краіны Эўразьвязу і краіны „Ўсходняга партнэрства“. „Усходняе партнэрства“ — адносна маладая ініцыятыва, і ведаў пра яе не было раней і пакуль няшмат. Сама ідэя гэтага мерапрыемства ўзьнікла летась. Мы вырашылі паспрабаваць рэалізаваць яе сёлета. Паглядзім, ці можам мы зрабіць такі фэстываль штогадовым, заснаваць традыцыю?»

Арганізатарамі фэстывалю выступіў шэраг грамадзкіх арганізацыяў. Галоўныя зь іх — «Офіс за дэмакратычную Беларусь», «Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацый», Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў і моладзевы адукацыйны цэнтар «Фіяльта».

«Гэта тыя чатыры арганізацыі, якія ўваходзяць у аргкамітэт фэстывалю. Насамрэч іх значна болей», — кажа «Свабодзе» кіраўніца «Офіса эўрапейскай экспэртызы і камунікацый», які зарэгістраваны ў Менску, Сьвятлана Зінкевіч:

«Зараз мы прапануем беларусам шэраг мерапрыемстваў, дзе яны могуць атрымаць інфармацыю і пра магчымасьці адукацыі, і пра асаблівасьці, напрыклад, моўныя, культурныя, той ці іншай краіны. Гэта першае, але, мне здаецца, не апошняе такое мерапрыемства. Мы плянуем праводзіць яго штогод».

Адначасова зь Менскам акцыі ў рамках Эўрапейскага міжкультурнага фэстывалю пройдуць у Горадні і Гомелі. У іх ліку — моладзевыя дэбаты, прэзэнтацыя міжнародных моладзевых абменаў і валянтэрскіх праграм, лекцыі пра цяперашняе ўзаемадзеяньне Эўразьвязу і Беларусі.А ў пэрспэктыве ў арганізатараў ёсьць жаданьне ахапіць фэстывалем кожную вобласьць, — кажа Вольга Стужынская:

«Мы пачнём раней усё гэта арганізоўваць, таму што шмат часу займае ўсталяваньне адносінаў з рознымі партнэрамі. Я вельмі спадзяюся, што ўсё гэта пойдзе далей на рэгіёны, бо ў рэгіёнах ведаюць пра Эўразьвяз і пра краіны «Ўсходняга партнэрства» нашмат меней, чым у Менску. Хацелася б, каб і мясцовыя арганізацыі, і, магчыма, мясцовы бізнэс удзельнічалі ў такіх мерапрыемствах.

29 траўня ўдзельнікі першага фэстывалю перакінуць мосьцік у фэстываль наступны. Яны зьбяруцца, каб абмеркаваць спрашчэньне візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, у прыватнасьці — разгледзяць досьвед Украіны, якая прасунулася ў гэтым кірунку значна далей за Беларусь.

У праграму «Ўсходняе партнэрства» ўваходзяць шэсьць краін — Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG