Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці давяраеце Вы банкам? Такое пытаньне задавалася грамадзянам 135 краін сьвету падчас дасьледаваньня, праведзенага ў 2012 годзе пад эгідай сацыялягічнага цэнтру Gallup Organization.

Дасьледаваньне канстатавала даволи нізкі давер да фінансавых інстытутаў і банкаў, які пануе ў Эўропе ў выніку эканамічнага крызісу. Сусьветным рэкардсмэнамі ў гэтым сэнсе аказаліся грэкі — толькі 13% зь іх давяраюць банкам. Але і ў іншых краінах Эўразьвязу давер да банкаўскай сыстэмы даволі нізкі, асабліва ў тых, што найбольш пацярпелі і церпяць ад эканамічнага крызісу — у Гішпаніі, Ірляндыі, Італіі.

Але і ў краінах, якія менш пацярпелі, паказьнікі ня надта ўражваюць. Нават у Нямеччыне, рухавіку эўраінтэграцыі і галоўным яе спонсары, давер да нямецкіх банкаў маюць 38% насельніцтва.

Праўда, ёсьць у Эўропе і выключэньні — банкам давярае кожны другі паляк. Блізкія да гэтых лічбы ў Беларусі, тут, паводле апытаньня банкам давярае 47% насельніцтва. Дэвальвацыя 2009 году і маніпуляцыі на валютным рынку ў 2011 годзе ня здолелі зьнішчыць гэты давер, які ў Беларусі прыкметна вышэй, чым у Расеі і ва Ўкраіне. Беларускі давер да банкаўскай сыстэмы — на ўзроўні Швэйцарыі і Аўстрыі.

У адрозьненьні ад Эўропы, краіны Азіі характарызуюцца надзвычай высокім даверам да банкаў.

Ці давяраеце Вы фінансавым інстытутам і банкам?

Краіна % тых, хто давярае
Кітай 72
Індыя 70
Польшча 50
Беларусь 47
Швэйцарыя 47
Аўстрыя 47
Нямеччына 38
ЗША 37
Расея 33
Літва 29
Украіна 28
Вялікабрытанія 27
Італія 20
Гішпанія 18
Грэцыя 13

Давер да банкаў ня супадае з аб’ектыўнай ацэнкай банкаўскай сыстэмы. Але суб’ектыўныя масава распаўсюджаныя ацэнкі зьяўляюцца і аб’ектыўным фактарам, які ўплывае на стан эканомікі.

Аўтары дакладу аб даверы да банкаў у розных краінах прыгадваюць знакамітую фразу прэзыдэнта ЗША Франкліна Рузвэльта: «Адзінае, чаго нам варта баяцца — гэта свайго страху». Недавер да банкаў робіць людзей менш схільнымі ашчаджаць сродкі менавіта ў банках, а не пад матрацам дома ці купляючы золата, што зьніжае магчымасьці для ўнутраных інвэстыцый. Высокі недавер да банкаў можа спрацаваць як прароцтва, якое спраўджвае само сябе — панічнае масавае выманьне насельніцтвам банкаўскіх укладаў можа абрынуць і здаровую банкаўскую сыстэму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG