Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў, Мілінкевіч і Янукевіч рыхтуюць Народны рэфэрэндум


Юрась Губарэвіч, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Уладзімер Някляеў, Андрэй Дзьмітрыеў

Юрась Губарэвіч, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Уладзімер Някляеў, Андрэй Дзьмітрыеў

Кампанія «Гавары праўду», рух «За свабоду» і партыя БНФ абвясьцілі пра стратэгічнае партнэрства дзеля правядзеньня «Народнага рэфэрэндуму». Галоўнай мэтай кампаніі павінна стаць аб’яднаньне дэмакратычнай апазыцыі і актывізацыя грамадзтва дзеля дэмакратычных зьменаў у краіне.

Пра стратэгічнае партнэрства і «Народны рэфэрэндум» на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведамілі лідэры трох палітычных суб’ектаў: Уладзімер Някляеў, Аляксандар Мілінкевіч і Аляксей Янукевіч. Як падкрэсьліў Уладзімер Някляеў, гэта сталася вынікам доўгіх перамоваў пра супольную дзейнасьць:

«Рашэньне пра стратэгічнае партнэрства адпавядае інтарэсам кожнай з нашых структур, бо найперш мы ставім пытаньне — ня хто, а што замест Лукашэнкі. У пытаньні „што“ — мы прыйшлі да згоды: мы праводзім „Народны рэфэрэндум“ па тых пытаньнях, якія найбольш хвалююць грамадзтва. Прыйдзем да згоды і ў пытаньні „хто“. Ім стане той, хто ў найбольшай ступені будзе адпавядаць нашым агульным інтарэсам і дасягненьню нашай мэты, гэта значыць — сыстэмным зьменам у краіне».

Першы этап «Народнага рэфэрэндуму» мае адбыцца да пачатку мясцовых выбараў. Тады будуць вылучацца пытаньні, каб вынесьці іх на народнае абмеркаваньне. Дзеля гэтага лідэры кампаніі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і партыі БНФ цягам лета плянуюць аб’ехаць і пагутарыць зь людзьмі ў 30 гарадах Беларусі. Гаворыць Аляксандр Мілінкевіч:

«80% грамадзян краіны хочуць перамен. Другая важная рэч — тое, што людзі ня ведаюць, каму даручыць гэтыя перамены, іх правядзеньне. Мы называем гэты рэфэрэндум народным у тым сэнсе, што для нас галоўнае — хаця б абудзіць дыскусію ў грамадзтве. Вельмі важная нацыянальная дыскусія: што павінна быць зьменена?»

Ініцыятары рэфэрэндуму мяркуюць, што вылучаныя пытаньні будуць уключаныя ў праграмы кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. А падчас мясцовых выбараў плянуецца распачаць збор подпісаў за яго правядзеньне. Уладзімер Някляеў, Аляксандар Мілінкевіч і Аляксей Янукевіч падкрэсьлілі, што іхнія арганізацыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў ня будуць удзельнічаць у іх як асобныя партыі ці рухі, але будуць мець супольную пазыцыю і вылучаць адзінага кандыдата. Тым ня менш стратэгічнае партнэрства — гэта не аб’яднаньне партыяў і рухаў, і кожная арганізацыя працягвае дзейнічаць самастойна. А «Народны рэфэрэндум» — шырэйшая за выбары палітычная кампанія, паведаміў Аляксей Янукевіч:

«Мы павінны разьвіваць дэмакратыю, не зважаючы на тое, што мэханізм выбараў цалкам разбураны сёньняшняй уладай. І мы разглядаем гэтую кампанію не як збор народных меркаваньняў. А разглядаем як палітычны працэс апаніраваньню тым варыянтам той палітыкі, якую праводзіць сёньняшняя ўлада. І мы перакананыя, што гэтае нашае стратэгічнае партнэрства будзе пасьпяховым».

Як падкрэсьлілі ўдзельнікі стратэгічнага партнэрства, яно створанае дзеля аб’яднаньня дэмакратычнай апазыцыі. Яны таксама заявілі, што адкрытыя для супрацоўніцтва з усімі іншымі палітычнымі партыямі і рухамі.

Аляксей Янукевіч, Уладзімер Някляеў

Аляксей Янукевіч, Уладзімер Някляеў






Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG