Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабіце добрыя справы


Чалавек — сацыяльная істота. І калі сувязі з грамадзтвам, соцыюмам слабыя, гэта адбіваецца на ўсім — ад паводзінаў ажно да геннага ўзроўню. Пра біялягічныя і сацыяльныя наступствы самоты піша International Herald Tribune.

Адзінота, кажа Джон Т. Caciёpа, псыхоляг з Чыкагскага унівэрсытэту, падрывае здольнасьць людзей да самакантролю. Экспэрымэнты, праведзеныя ім і яго калегамі, паказалі, што людзі, якія адчуваюць сябе самотнымі, ядуць значна больш тлустай і салодкай ежы. «Каб супакоіць боль самоты, мы ўзьдзейнічаем цукрам і тлушчам на цэнтры задавальненьня ў мазгах і ня можам спыніцца,» — піша доктар Сасіёра.

Ён спасылаецца на дасьледаваньні, якія выявілі, што сацыяльная ізаляцыя — такі ж фактар рызыкі для хваробаў і раньняй сьмерці, як высокі крывяны ціск, атлусьценьне, маларухомы лад жыцьця і паленьне. Адзінота падвышае ўзровень гармонаў стрэсу, што закранае ўсе сыстэмы мозгу.

Ліза Ярэмка, супрацоўніца Ўнівэрсытэту штату Агаё, высьветліла, што ў крыві самотных людзей вышэйшая канцэнтрацыя рэчываў, якія робяць больш імавернымі хваробу сэрца, артрыт і дыябэт.

Паводле доктара Сасіёры самота можа ўплываць нават на гены, мяняючы структуру ДНК і зьніжаючы здольнасьць арганізму супраць стаяць запаленьням.

Варта адзначыць, што размова ідзе пра суб’ектыўнае самаадчуваньне. Чалавек можа жыць у сям’і, мець сяброў, але калі гэтыя сувязі не глыбокія, не напоўненыя станоўчым зьместам, чалавек можа адчуваць сябе самотным. Некаторыя людзі, якія разьвяліся, кажуць, што ў сваім кепскім шлюбе адчувалі сябе нават больш самотнымі, чым пасьля разводу.

Чалавек, які жыве адзін, але мае моцную эмацыйную сувязь з сябрамі і сваякамі, не адчувае сябе самотным.

Д-р Сасіёра прапануе рабіць «выпадковыя акты дабрыні»: сказаць камплімэнт незнаёмаму чалавеку, пачаставаць яго кавай, дапамагчы старому несьці прадукты ці перавесьці яго праз вуліцу. Варта сьвядома шукаць кантактаў, робячыся валянтэрам у дапамозе сіротам, старым, інвалідам, жабракам. Гэта дазваляе знайсьці новых сяброў і процідзейнічае пачуцьцю самоты. «Трэба выйсьці вонкі з сытуацыі ўласнага болю. Рэальныя зьмены пачынаюцца з дзеяньня,» — кажа дасьледнік наступстваў самоты Джон Сасіёра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG