Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няясна, для якога грамадзтва гэта тэлебачаньне»


Скрыншот афіцыйнага сайту Грамадзкага тэлебачаньня

Скрыншот афіцыйнага сайту Грамадзкага тэлебачаньня

У Расеі пачало вяшчаньне Грамадзкае тэлебачаньне. Аб стварэньні гэтага праекту было абвешчана папярэднім прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым у канцы 2011 году, падчас ўсплёску ў краіне грамадзянскай актыўнасьці.

Паводле генэральнага дырэктара ОТР Анатоля Лысенкі, канал задумваўся для гледачоў неабыякавых і актыўных.

Пра свае ўражаньні ад першых гадзін працы тэлебачаньня распавядае аглядальнік рускай службы Радыё Свабода Ганна Качкаева.

— Ад самага пачатку, калі гаворка зайшла аб Грамадзкім тэлебачаньні — хоць і было адчуваньне грамадзянскай актыўнасьці, якая раптам зьявілася, некаторай разгубленасьці ўлады з гэтай нагоды — ад самага пачатку ілюзій не было. Таму што грамадзкае тэлебачаньне стваралася рашэньнем прэзыдэнта, без удзелу грамадзкасьці, ня вельмі зразумела, на якія грошы. І так да канца і не было сфармулявана, якому грамадзтву і для чаго яно патрэбнае. У гэтым сэнсе, вядома, нічога рэвалюцыйнага адбыцца не магло. Гэта эклектыка і нявызначанасьць зьместу. Грамадзтва не зьявілася, страхаў стала больш, палярызацыя і недавер адзін да аднаго павялічыліся.

І на гэтым тле, тым ня менш, калі заяўка зробленая і грошы вылучаныя, праект ажыцьцяўляецца. Набраныя людзі, неяк паспрабавалі сфармаваць праграмную палітыку, пазначыць вэктар. Вядома, я б не сьпяшалася зь нейкімі ацэнкамі, вяшчаньне тэставае, рэальна яно пачнецца зь верасьня, гэта тэставая вэрсія сайту, усё яшчэ наладжваецца з пункту гледжаньня даступнасьці, таму што гэта не адкрытая частата, а кабэльныя і спадарожнікавыя сеткі і вяшчаньне ў інтэрнэце.

І вядома, па першаму дню наогул судзіць рана, таму што гэта прэм’ерная сетка што называецца, «на паглядзець». Але нават па ёй ёсьць адчуваньне некаторай эклектычнага стылю і зьместу. Ёсьць чаканьні, ёсьць такія праграмы, як, напрыклад, «Сацыяльная сетка», якую робяць выхадцы з былога цэнтральнага тэлебачаньня, такія «парфяняты» з гнязда Парфёнава. Туды перайшоў Андрэй Норкін, які будзе рабіць праграму, якраз зьвязаную з грамадзянскімі актывістамі, з валянтэрамі з грамадзкай актыўнасьцю.

Ёсьць адчуваньне спробы загаварыць аб вялікай краіне з пункту гледжаньня не галоўных навін, а парадку дня рэгіёнаў — гэта таксама слушны пасыл. Гэтак жа, як і слушны пасыл казаць пра расейскую вёску, расейскую навуку. Але толькі якімі сродкамі, у якой манэры, якой будзе інтанацыя — пакуль усё гэта не відавочна. Пакуль унутры анонсаў канала дзьве супрацьлеглыя думкі гледачоў (у праграме людзей на вуліцах розных гарадоў пыталіся, чаго яны чакаюць ад Грамадзкага тэлебачаньня). Дык вось адзін чалавек заяўляе аб тым, што гэта тэлебачаньне для людзей, і тут не павінна быць ніякай апазыцыі, яно павінна быць агульнагуманітарным, што завецца, а другі, наадварот, кажа, што хацеў бы, каб на гэтым тэлебачаньні расказвалі пра апазыцыю і ўладу. Наколькі Грамадзкае тэлебачаньне адгукнецца на гэтыя патрэбы, наколькі зловіць новае адчуваньне часу — сказаць цяжка. Тым больш што з таго моманту, калі яно было заяўлена, сам час моцна памяняўся.
XS
SM
MD
LG