Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі фінвыведак зьбяруцца ў Менску


Пытаньні барацьбы з «адмываньнем» злачынных даходаў і барацьбы зь фінансаваньнем тэрарызму абмяркуюць у Менску прадстаўнікі фінансавых выведак 30 краін сьвету.

Пленарнае пасяджэньне Эўразійскай групы па супрацьдзеяньні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаваньні тэрарызму пройдзе ў Менску 21–24 траўня.

Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў дзяржаў-сябраў Эўразійскай групы — Беларусі, Індыі, Казахстану, Кітаю, Кіргізстану, Расеі, Таджыкістану, Туркмэністану і Узбэкістану, а таксама экспэртаў з краін і міжнародных арганізацый, якія маюць статус назіральнікаў, паведамляецца на сайце Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі.

Эўразійская група па супрацьдзеяньні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаваньні тэрарызму ўтворана 6 кастрычніка 2004 году, каб сумесна змагацца са злачынствамі ў фінансавай сфэры і зьніжаць пагрозу міжнароднага тэрарызму. У групу ўваходзяць дзевяць дзяржаў, яшчэ 14 — назіральнікі. Таксама статус назіральнікаў маюць 18 міжнародных арганізацый і спэцструктур.

А днём раней, 20 траўня, у Менску адбудзецца сумесны сэмінар Эўразійскай групы па супрацьдзеяньні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаваньні тэрарызму з групай «Эгмант».

Група «Эгмант» — гэта міжнародная арганізацыя падразьдзяленьняў фінансавай выведкі. Сваю назву яна атрымала па месцы правядзеньня ўстаноўчай канфэрэнцыі ў палацы Эгмант-Арэнбэрг у Брусэлі ў чэрвені 1995 году. Яна аб’ядноўвае звыш 130 фінансавых выведак дзяржаў сьвету.
XS
SM
MD
LG