Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборная Швэцыі праз 7 гадоў выйграла чэмпіянат сьвету па хакеі, абыграўшы ў Стакгольме швайцарцаў — 5:1.

Адразу пасьля заканчэньня матчу чэмпіёны сьвету са зборнай Швэцыі надзелі загадзя падрыхтаваныя на выпадак перамогі залатыя шлемы.

«Трэ Крунур» толькі перад матчамі плэй-оф атрымалі папаўненьне з НХЛ, якое стала ключавым у асобе хакеістаў «Ванкувэра», які вылецеў з Кубка Стэнлі — нападнікаў Хэнрыка і Даніэля Саедзінаў і абаронцы Аляксандра Эдлера.

У матчы зборных Швэцыі і Швайцарыі на групавым этапе швайцарцы перамаглі зь лікам 3:2.

Зборная Швайцарыі, якая стала галоўнай сэнсацыяй сёлетняга першынства планэты, атрымала ў агульнай складанасьці 9 перамог у дзевяці матчах, у тым ліку над канадцамі ў групавым раўндзе, а таксама над чэхамі і амэрыканцамі — у плэй-оф.

У матчы за трэцяе месца чэмпіянату сьвету зборная ЗША перамагла Фінляндыю. Рашаючы гол забіў 19-гадовы Алекс Гальчанюк, які кожнае лета праводзіць у Менску ў бабулі зь дзядулем. Алекс Гальчанюк — сын вядомага беларускага хакеіста Аляксандра Гальчанюка, які у свой час пасьпеў згуляць за зборную СССР, а ў 1998 годзе выступаў за зборную Беларусі на Алімпіядзе ў Нагана.

Яго сын Алекс нарадзіўся ў ЗША ў 1994 годзе і нядаўна запрошаны ў самы тытулаваны клюб НХЛ «Мантрэаль Канадыенс».

Падчас матчу зь фінамі амэрыканцы, выконваючы буліты, забілі толькі двойчы. І абодва разы аўтарам голу быў Алекс Гальчанюк.

Асноўчы час матчу скончыўся зь лікам 2:2. Дадатковыя 10 хвілін выніку не прынесьлі.

Сёлета ў студзені Алекс стаў чэмпіёнам сьвету ў складзе моладзевай зборнай ЗША.

Беларусь заняла 14-е месца.

Наступны чэмпіянат сьвету пройдзе ў Менску зь 9 па 25 траўня 2014 года.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG