Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аб’яднаньне МАЗа і КамАЗа будзе рэалізавана шляхам стварэньня беларуска-расійскага холдынгу, якому ў даверчае кіраваньне будуць перададзеныя акцыі гэтых прадпрыемстваў. Ні пра які продаж або зьмену ўласьніка гаворкі не ідзе.

Пра гэта заявіў журналістам першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімір Сямашка пасьля цырымоніі закрыцьця «Беларускага прамысловага форуму — 2013», перадае БелТА.

Уладзімір Сямашка спаслаўся на дамоўленасьці, дасягнутыя падчас ягоных перамоваў з намесьнікам прэм’ер-міністра Расеі Аркадзем Дварковічам, якія завяршыліся ў Маскве 17 траўня.

На думку першага віцэ-прэм’ера, стварэньне холдынгу дасьць магчымасьць узмацніць патэнцыял двух гігантаў аўтапраму, асабліва экспартны.

«Гадоў празь пяць, калі мы ўбачым, што і МАЗ, і КамАЗ павялічылі сваю вытворчасьць і продажы, тады толькі, можа, мы вернемся да размовы аб перадачы акцыяў ва ўласнасьць ці іншых формаў арганізацыі інтэграцыі двух прадпрыемстваў», — удакладніў Уладзімір Сямашка.

Паводле ягоных словаў, «МАЗ сёньня зьяўляецца дынамічным прадпрыемствам з добрымі эканамічнымі паказчыкамі, лёс якога добра ўяўляе і ягонае кіраўніцтва, і ўрад, распрацаваныя і рэалізуюцца адпаведныя бізнэс-пляны. Аднак ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы і ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю інтэграцыя МАЗа і КамАЗа дазволіць ім дзейнічаць больш эфэктыўна, перш за ўсё на рынку Расеі».

Гаворачы пра тэрміны рэалізацыі інтэграцыйнага праекту, Уладзімір Сямашка паведаміў, што стварэньне холдынгу, статут і пагадненьне аб перадачы акцыяў МАЗу і КамАЗу ў даверчае кіраваньне новай структуры адбудзецца на працягу месяца.

Менш як месяц таму, 19 красавіка, выступаючы з пасланьнем Нацыянальнаму сходу, Аляксандар Лукашэнка назваў праект аб’яднаньня МАЗа і КамАЗа «бандыцкай акцыяй»:

«Ня ведаю, як там ва ўрадзе рашаецца пытаньне. Але гэта ня іх сфэра. Усё роўна прыйдуць да прэзыдэнта. Што мы атрымаем ад гэтага аб’яднаньня, акцыянаваньня? А яшчэ і перадай за бесцань акцыі МАЗа.

Што мы атрымаем? Рынкі? Яны ў нас ёсьць, і яны ў нас агульныя. І мы не саступаем па якасьці, па цане прадукцыі, якую выпускае сёньня будучы акцыянэр. Я пытаюся: колькі вы ўкладзяце ў мадэрнізацыю МАЗа, калі вы сюды прыйшлі? Мне адказваюць: грошай няма. Я — прэзыдэнт Беларусі. І я на гэтую бандыцкую акцыю, інакш і не назавеш, не пайду».

Па выніках першага кварталу 2013 году доля прадукцыі Менскага аўтазаводу на расейскім рынку грузавых аўтамабіляў поўнай масай 14–40 тон склала 7,4%. За год доля МАЗа скарацілася ўдвая: па выніках першага кварталу 2012 году беларускі вытворца кантраляваў 14,3% расейскага рынку. З сакавіка МАЗ перайшоў на 4-дзённы працоўны тыдзень.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG