Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не чакаем, што людзі адразу пабягуць прыватызаваць кватэры»


Кіраўнік асацыяцыі «Нерухомасьць» Мікалай Прасталупаў пракамэнтаваў Свабодзе намер беларускіх уладаў перавесьці не прыватызаванае грамадзянамі жыльлё ў камэрцыйнае. Адпаведны праект указу ўжо падрыхтаваны.

Як заявілі ва ўрадзе, калі грамадзяне адмаўляюцца або зь нейкіх прычын ня могуць прыватызаваць жыльлё, то яно пераводзіцца ў катэгорыю арэнднага, то бок жыльля камэрцыйнага карыстаньня. Калі ж людзі не гатовыя ні прыватызаваць такія кватэры, ні плаціць за карыстаньне імі, то іх па заяве грамадзяніна мяркуецца перавесьці ў катэгорыю сацыяльнага.

Чаго ж чакаць грамадзянам?

Прасталупаў: «Відаць, будзе ўстанаўлівацца арэндная плата, як з камэрцыйным жыльлём. Апроч плацяжоў, якія грамадзяне сплачваюць — тэхабслугоўваньне, вада, каналізацыя, камунальныя плацяжы — будзе яшчэ, відаць, нейкая арэндная плата. Але ў нас дзяржава сацыяльнай накіраванасьці, таму, я спадзяюся, будуць улічваць прыбытак сям’і, дый кватэры бываюць розныя. Якая там арэндная плата, калі засталіся адны пэнсіянэры?! Павінна ж усё ўлічвацца».

Карэспандэнт: Але ці прыватызуюць грамадзяне сваё жыльлё цягам году, калі дагэтуль не прыватызавалі?

Прасталупаў: «Дагэтуль не прыватызавалі зь дзьвюх асноўных прычын. Першая — гэта ўнутраныя сямейныя разлады. І калі яны дагэтуль не дамовіліся, то наўрад ці дамовяцца цяпер. Другая прычына — гэта фінансавыя магчымасьці. І калі выйдзе такі прэзыдэнцкі ўказ, то ад гэтага грамадзяне ўнутры сваёй сям’і хутка не разьбяруцца, не памірацца і грошай у іх не дадасца. Таму мы не чакаем, што людзі адразу пабягуць прыватызаваць».

Карэспандэнт: Прыватызаваць кватэру цяпер даволі дорага.

Прасталупаў: «Дорага. Цэны будуць розныя, і гэта залежыць ад шэрагу фактараў. Калі, напрыклад, браць якую-небудзь 20-гадовую панэльку ў Менску, там квадратны мэтар будзе каштаваць 300–400 даляраў».

Карэспандэнт: «Аднак грамадзяне занепакоеныя тым, што арэндная плата можа быць вельмі высокай і сплаціць яе будзе не пад сілу...»

Прасталупаў: «Пакуль не агучаны памер арэнднай платы і тое, ці будзе на яе ўплываць якасьць жыльля і сацыяльны склад сям’і. Таму людзі хвалююцца, бо пакуль нічога не зразумела. Але ж у нас дзяржава сацыяльнай накіраванасьці, і я спадзяюся, што агулам высокія арэндныя платы ўстанаўлівацца ня будуць.

Але гэта лягічна — прывесьці жыльлё да агульнага стану. Бо непрыватызаваныя кватэры зьяўляюцца дзяржаўнымі. І ў той жа час няма дамовы арэнды гэтых кватэр. Таму ўсё пераводзіцца на арэндныя дачыненьні, як і на Захадзе. Ёсьць дамова арэнды. Я думаю, гэта намер прывесьці да аднастайнасьці адносіны паміж грамадзянамі і дзяржавай, паміж грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі. Усё жыльлё будзе арэндным».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG