Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Сямашкі ў Маскву зьбіраецца Мясьніковіч


Міхаіл Мясьніковіч і Дзьмітры Мядзьведзеў

Міхаіл Мясьніковіч і Дзьмітры Мядзьведзеў

Усьлед за Сямашкам у Маскву 21 траўня накіроўваецца прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, які сустрэнецца з прэм’ерам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

Будзе абмеркавана супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвэстыцыйнай, энэргетычнай і іншых галінах, паведамляе прэс-служба расейскага ўраду.

Расея настойвае на пяці інтэграцыйных працэсах зь Беларусьсю. Яны тычацца МАЗа, гарадзенскага «Азоту», заводу колавых цягачоў, «Гомсельмаша» і «Інтэграла».

Рэалізацыю сумесных праектаў у сфэры інтэграцыі беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў напярэдадні абмеркавалі ў Маскве першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка і віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч.

«Адзначана станоўчая дынаміка па ўсіх інтэграцыйных праектах у машынабудаўнічай і хімічнай галінах», — паведамілі ў беларускай амбасадзе ў Расеі карэспандэнту БелТА.

Раней пра гэты візыт афіцыйныя мэдыі ў Беларусі нічога не паведамлялі. З расейскіх СМІ стала вядома пра патаемнае наведваньне дэлегацыяй на чале зь Сямашкам Камскага аўтамабільнага заводу ў Набярэжных Чаўнах.

У Маскве і ў Набярэжных Чаўнах падкрэсьліваюць: перамовы 16 траўня вяліся ў закрытым рэжыме. Адзінае, пра што пратачылася інфармацыя, — бакі зноў зьвярнуліся да праекту стварэньня сумеснага холдынгу на базе КамАЗа і МАЗа. Раней супраць такога аб’яднаньня катэгарычна выступіў Аляксандар Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG