Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сталкеры Свабоды

Былая лекарка Тацяна Водзіч: «Цяпер з унучкаю будзем хадзіць на акцыі пратэсту»


Яе можна сустрэць на ўсіх нацыянальна-культурніцкіх імпрэзах, на ўсіх адраджэнскіх акцыях. І ўсюды яна, як і тысячы іншых шараговых дзяячак беларускага руху, упрыгожвае сябе, дачок, а цяпер ужо і ўнучку колерамі нацыянальнага сьцяга і выявай гістарычнага гербу. Былая лекарка і нязьменная грамадзкая актывістка Тацяна Водзіч — гераіня новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«У нас дома быў прыймач «Урал-57», вялікі такі, і бацька слухаў Свабоду. Вось я замест таго, каб легчы спаць, слухала зь ім.

І потым я стала лекарам, і мае начальнікі заўжды мне рабілі заўвагі: маўляў, толькі ня ўздумай размаўляць з пацыентамі пра палітыку. Заўжды так папярэджвалі. А я ім кажу, што не, з пацыентамі я не размаўляю пра такое. Але ж гэта было відавочна, што дзе было магчыма, я магла і сказаць нешта.

Любіла тэлефанаваць на дзяржаўнае радыё і задаваць пытаньні. Яны кажуць, што ўсё добра ў нас, узровень жыцьця людзей павышаецца. А я ім тэлефаную і кажу, што была ў краме, бачыла курыныя гузкі такія дарагія-дарагія. А што ж тады казаць пра кошт мяса? Дык як гэта з такімі коштамі ўзровень жыцьця расьце?

Апошнія гады, калі былі выбары, нас жа змушалі галасаваць датэрмінова. Вось, калі ласка, за тры дні схадзіце прагаласуйце. А я кажу свайму начальніку — загадчыку аддзяленьня, што не магу гэтага зрабіць, я ўжо колькі год не галасую, таму што выбараў няма. Якое галасаваньне? А ён мне на гэта: маўляў, а што яму рабіць? Яму ж за мяне адказваць. Ну, тады, кажу яму, пайду да галоўнага ўрача.

У свой асабісты час пайшла да галоўнага ўрача, доўга зь ім размаўляла, усё яму выказала і паведаміла, што галасаваць не пайду таму, што я веру ў Бога і не магу ісьці супроць сумленьня. І ён мне тады сказаў, што паважае маю пазыцыю. Так я вырашыла гэтую справу.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Колькі гадоў хаджу я і на Дзень Волі, і ў Курапаты!.. Нельга не хадзіць! Нехта ж павінен хадзіць! Столькі год мы ўсё думалі, што нешта памяняецца, нешта памяняецца... А нас усё душаць, душаць... Усё адно трэба хадзіць. Некалі ж гэта ўсё скончыцца, гэты тлум, дурнота.

Нам толькі Бог дапаможа. Толькі дапаможа Бог. Але ж людзі й ня моляцца. Ня ведаю, ня ведаю... І не баяцца граху...

Проста трэба, каб людзі выходзілі на акцыі, як выходзяць у іншых краінах, шырокімі шэрагамі выходзілі на вуліцы. Я хадзіла, хаджу і буду хадзіць на акцыі. Вось унучка ўжо падрастае. Мы цяпер зь ёю будзем хадзіць. І, я думаю, у нас усё памяняецца з самых нізоў. Таму што каму добра жывецца, таму й будзе добра жыцца, а вось самыя нізы, каторыя цяпер жывуць у маленькіх кватэрках па тры сям’і і ў іх няма магчымасьці пабудавацца, — яны гэта зразумеюць, ды, можа, і выйдуць разам з намі на плошчу..."
XS
SM
MD
LG