Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нікола Тэсла, якога ў ЗША прынята лічыць вынаходнікам радыё (хаця гэта і ня слушна — аднак што возьмеш з краіны, дзе забегі касманаўтаў завуцца футболам), яшчэ да Брэдбэры адзначыў неяк, што «любое дзеяньне нават самай малюсенькай істоты прыводзіць да зьменаў ва ўсім сусьвеце». Здаецца, менавіта так атрымалася і з Радыё Свабода: пачаўшыся некалі з маленькага калектыву загадкавых вайсрутэнскіх эмігрантаў, яно здолела зьмяніць беларускі сусьвет. Не зусім само, вядома, але здолела. Беларусь атрымала свой, сучасны голас, які можна пачуць адусюль. Напэўна, і палітычная, і культурная мапа Эўропы, і сам беларускі космас выглядалі б сёньня крышку інакш, калі б роўна 59 гадоў таму ў этэры за паўгадзіны да паўночы пасьля музычнай застаўкі не прагучала раптам упершыню ў гісторыі вось гэта, легендарнае:

«Тут Радыё Вызваленьне. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету... Наш голас ёсьць вашым голасам...»

Хто хацеў, той пачуў.

Трэці год пішучы для РС з рэгулярнасьцю, што часам палохае цябе самога, цяжкавата знайсьці нейкія нэўтральныя словы пра гэтую дату ў гісторыі. Намеру канкураваць з выдатнымі перадачамі, якія Свабода зладзіла да свайго паўвекавога юбілею, у мяне няма, дый таленту радыйнага бракуе. Але затое адгукаецца пры словах Радыё Свабода шмат. На мой погляд, пісьменьнік — гэта чалавек, які прамаўляе тое, што іншыя ня здатныя або баяцца сказаць. Таму, калі чуеш гэта: «Наш голас ёсьць вашым голасам...» — немагчыма не знайсьці нешта бясконца блізкае для сябе, нават калі сам і не сядзіш перад мікрафонам.

Гэтымі словамі пачалася 20 траўня 1954 году першая перадача беларускай «Свабоды», рэдакцыя якой тады месьцілася ў Мюнхэне. «Замест кампутараў друкарскія машынкі, замест дыгітальных магнітафонаў шпулевыя, з хуткасьцю 78 абаротаў за хвіліну, замест сьвежых карэспандэнцыяў зь Менску — вера, досьвед і веды», — можа, гэтыя словы Аляксандра Лукашука пра тую першую, толькі што паўсталую Свабоду і ня мелі на мэце нікога зачароўваць, але ўяўляць шпулі, друкаркі і апантаных людзей, якія працавалі зь імі, бяз нутранага хваляваньня цяпер не атрымліваецца. Гісторыя Свабоды — гэта таксама гісторыя цуду. Пяцідзясятыя, Мюнхэн, халодная вайна, магія часу — і ў ім, абыякавым часе знаходзіцца месца для іншай Беларусі, сынонімам якой ня ёсьць БССР. Зусім як цяпер існаваньне РБ ніяк не ўплывае на колькасьць і якасьць беларускага ў гэтым сьвеце і яго ваколіцах. Наогул, Беларусь і РБ — гэта цяпер хутчэй, на жаль, такія сабе антонімы. З антанімічнасьцю прыкладна такой самай, як вечная пара Свабода — Рабства. Толькі вось Радыё Рабства чамусьці заўжды вяшчае з радзімы, а Свабода — з-за мяжы.

А рыхтавалі тую першую перадачу ў 1954-м Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Пятро Сыч, Сымон Кандыбовіч, Янка Ліманоўскі і Лявон Карась. Цела апошняга ўжо празь некалькі месяцаў нямецкая паліцыя вылавіць у рацэ Ізар — беларускі голас, ды яшчэ з вольнага сьвету, адразу ж паспрабавалі заткнуць. Бо на ягоным фоне цёмнае мармытаньне крамлёўскіх шаманаў ужо не магло дзейнічаць так эфэктыўна, усё гэта адцягвала ўвагу ад танцаў з боегалоўкамі і грукату ў прапагандысцкія бубны — таго, чым жыла тады Беларусь у складзе «сям’і народаў». Радыё зрабілася зброяй задоўга да стварэньня Свабоды — але атрымалі беларусы гэтую зброю толькі ў траўні 1954-га. Позна? Здаецца, не. Менавіта тады, калі патрэба насьпела.

Тры гады пішучы для сайту Свабоды з рэгулярнасьцю, якая часам палохае нават тваіх чытачоў, думаеш, што не, усё гэта невыпадкова. Зь ім, цяперашнім РС, цябе лучыць шмат. Ад мовы да арыентыраў. Ад артаграфіі да геаграфіі. Яно — адзін зь нешматлікіх прыкладаў таго беларускага жыцьця, якое ніколі ня зможа працягвацца ў гета ды яшчэ ганарыцца гэтым. Ня тыя ў яго прынцыпы. Яно і праўда больш за проста радыё — і для таго, каб так сталася, трэба было прайсьці шлях ад Вызваленьня палітычнага да Свабоды ў самым шырокім сэнсе. Ягонае існаваньне — доказ таго, што той самай свабоды ў Беларусі як не было, так і няма. Ягонае існаваньне — доказ таго, што яна камусьці тут усё ж патрэбная. Як там было ў Набокава: «...і Цынцынат пайшоў сярод пылу і палых рэчаў, і трапяткіх палотнаў у той бок, дзе, мяркуючы па галасах, стаялі істоты, падобныя да яго»...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG