Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускую гей-супольнасьць падтрымалі амбасады замежных краін


Архіўнае фота

Архіўнае фота

17 траўня — Міжнародны дзень супраць гамафобіі. У гэты дзень — 17 траўня 1990 году — Усясьветная арганізацыя аховы здароўя прыняла рашэньне не разглядаць гомасэксуалізм як псыхічнае захворваньне.

Міжнародны дзень супраць гамафобіі беларуская гей-супольнасьць цягам некалькіх гадоў адзначала рознымі імпрэзамі і вулічнымі акцыямі. Аднак сёлета ад публічных выступаў было вырашана адмовіцца. Прычына — ціск з боку ўладаў, паведаміў старшыня Рэспубліканскага моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Праваабарончы цэнтар „Лямбда“» Сяргей Андросенка:

Сяргей Андросенка

Сяргей Андросенка

«Гэта зьвязана з сытуацыяй пасьля ціску на актывістаў арганізацыі на пачатку году, калі больш за шэсьцьдзесят чалавек у розных гарадах выклікалі ў праваахоўныя органы на прафіляктычныя гутаркі. Таксама з-за практыкі ўладаў, калі людзі выходзяць на нейкія імпрэзы, а пасьля іх прыцягваюць да адказнасьці. Для нашай дзейнасьці сытуацыя ў краіне штогод становіцца горшай. Мы адчуваем гэта і па пошуку памяшканьняў, калі менскі клюб для геяў ніяк ня можа адкрыцца пасьля закрыцьця. Я сам асабіста 62 дні заставаўся бяз пашпарта, бо ў мяне яго забіралі і не аддавалі. Таксама нас залічылі ў „палітычныя“, і цяпер нашай дзейнасьцю цікавяцца нашмат больш, чым раней».

Прадстаўнікі гей-супольнасьці заяўляюць, што ад уладаў Беларусі зазнаюць перасьлед, а дыпляматычныя прадстаўніцтвы замежных краін іх падтрымліваюць.

Актывісты «Праваабарончага цэнтру „Лямбда“», які аб’ядноўвае прадстаўнікоў сэкс-мяншыняў, заяўляюць што сябры іх арганізацыі — каля сотні чалавек у розных гарадах краіны. Раман — адзін зь іх. Сваю нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю ён з шмат якіх прычынаў ня любіць шырока афішаваць. Але днямі вырашыў паведаміць пра гэта сваім бацькам і вось як гэта патлумачыў:

«Вельмі цяжка доўгі час не казаць бацькам пра сябе, калі яны чакаюць ад цябе таго, чаго я ім даць не магу, калі шмат пабудавана на хлусьні, бо гэта непрымальна... Я вельмі доўга ішоў да гэтага і нарэшце адкрыўся. Мая маці — яна не прыняла мяне, але адрэагавала спакойна. Натуральна, што яна была расстроеная. Збольшага тыя, каму я адкрываюся, — яны прымаюць мяне. Іншая рэч, што я разумею, што гэта не прынята ў грамадзтве, і ўсім, каму папала, не адкрываюся».

«Праваабарончы цэнтар „Лямбда“» двойчы спрабаваў зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі, аднак абодва разы безвынікова. Неталерантнае стаўленьне ўладаў і грамадзтва ў Беларусі знаёмае і многім іншым мяншыням, мяркуе намесьніца старшыні «Лямбды» Натальля Манькоўская:

«Бальшыня выпадкаў ціску на нашых актывістаў сёлета зьвязаная зь міліцэйскімі аблавамі на вечарынках у клюбах, ціск працягваецца на Сяргея Андросенку, ціск зазналі заснавальнікі „Лямбды“. Нельга таксама сказаць, што грамадзтва ў Беларусі талерантнае да любой меншыні — ці гэта нацыянальныя мяншыні, ці інваліды, ці нехта яшчэ. Беларусаў агулам цяжка назваць вельмі талерантнымі, але сытуацыя паляпшаецца».

Як паведаміў Сяргей Андросенка, у Міжнародны дзень супраць гамафобіі актывістаў гей-супольнасьці Беларусі падтрымалі дыпляматычныя прадстаўніцтвы замежных краін у Беларусі: словы прывітаньня даслала амбасада Нідэрляндаў, адбылася сустрэча ў дыпляматычным прадстаўніцтве ЗША.
XS
SM
MD
LG