Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Быць інвалідам у Беларусі — значыць, штодня пераадольваць бар’еры


17 траўня Офіс па правах людзей з інваліднасьцю ўпершыню распачынае «Тыдзень даступнасьці». Інваліды ў Беларусі практычна штодня сутыкаюцца з праявамі дыскрымінацыі.

Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасьцю, вазочнік Сяргей Драздоўскі тлумачыць: даступнасьць — гэта ня толькі пандусы да дзьвярэй розных установаў. Гэта і магчымасьць працаўладкаваньня і адукацыі, даступнасьць сувязі і інфармацыі. Незалежна ад таго, ёсьць у чалавека інваліднасьць ці няма, ён аднолькава жадае кантактаваць, працаваць, падарожнічаць, ведучы паўнавартаснае жыцьцё:

Сяргей Драздоўскі

Сяргей Драздоўскі

«Звычайна мы акцэнтуемся на аб’ектах, але ў прынцыпе, апроч аб’ектаў інфраструктуры, існуе шэраг іншых праблемных адрасоў. Прыкладам, цяпер ствараецца мноства элемэнтаў вулічнай сеткі. Там парушэньняў проста бясконцае мора, пачынаючы ад неахайнасьці і заканчваючы проста няўважлівасьцю і адсутнасьцю элемэнтарных нормаў. Гэта і паніжаныя бардзюры, і ўласна якасьць іх паніжэньня, і рознапрофільная плітка, і гукавыя сыгналы сьвятлафораў. Адным словам, вельмі значная частка парамэтраў парушаецца пры будаўніцтве дарожнай сеткі. І гэта ня менш важна, чым вялікія збудаваньні.

Значныя праблемы ў нас з транспартам. Так, зьявіліся нізкападлогавыя аўтобусы, але выкарыстоўваць іх практычна таксама немагчыма — ніяк не ўрэгулявана, якім чынам чалавек трапіць у гэты аўтобус. Нават калі аўтобус падыходзіць да прыпынку, далёка не заўсёды ён спыняецца ля бардзюру. Далёка не заўсёды бардзюр адпавядае вышыні аўтобуснай пляцоўцы. А кіроўца ня мае ніякіх паўнамоцтваў і абавязкаў дапамагчы чалавеку ўвайсьці ў аўтобус, таму што неабходна хоць бы элемэнтарна адкінуць пандусік, гэткія сходні. Хто гэта будзе рабіць? І вось такія пытаньні застаюцца нявырашанымі. Нібыта і тэхнічныя сродкі ёсьць, якія цалкам можна выкарыстоўваць для забесьпячэньня даступнасьці, але ніякіх іншых арганізацыйных захадаў ня зроблена дзеля таго, каб гэта кампэнсаваць».

Раз-пораз здабыткам галоснасьці робяцца факты рэальнай дыскрымінацыі інвалідаў. Так, у сакавіку ахова менскага клюбу «Тытан», спаслаўшыся на меры бясьпекі, не пусьціла ў памяшканьне зорку паралімпійскага спорту Людмілу Ваўчок — маўляў, з-за інваліднага вазочка нібыта існуе пагроза «аварыйнай абстаноўкі». Аналягічная гісторыя здарылася зь менчуком Дзянісам Лесьніком, якога за адзін вечар завярнулі двойчы — таксама са сталічных клюбаў «Цэнтар» і «Дуда Кінг». Фармальнай прычынай стаў клопат пра «бясьпеку інваліда». Спачатку Дзяніс быў рашуча настроены стварыць прэцэдэнт, прыцягнуўшы крыўдзіцеляў да судовай адказнасьці, але ўрэшце адступіўся. Чаму?

«На жаль, сапраўды нічога на дадзены момант зрабіць не ўдалося. Шчыра
Мы спрабавалі падаваць у суд, але нам папулярна патлумачылі: няма ніякіх аб’ектыўных падставаў чакаць, што ў цяперашніх умовах можна стварыць прэцэдэнт
кажучы, і дапамогі асаблівай не было, дый сам рукі апусьціў. Мы спрабавалі падаваць у суд, але нам папулярна патлумачылі: няма ніякіх аб’ектыўных падставаў чакаць, што ў цяперашніх умовах можна стварыць прэцэдэнт. На гэтым этапе ўсё і завяршылася. Было відавочна, што ні судовая сыстэма, ні грамадзтва ня будуць на маім баку. Таму мая гісторыя шмат у чым тлумачыць агульнае стаўленьне да інвалідаў у Беларусі. Што б ні гаварылі, дыскрымінацыя паводле фізычнага стану чалавека застаецца. Урэшце вырашыў, што справу далей працягваць ня мае сэнсу. Трэба жыць далей, тым больш — хапае іншых праблемаў, трэба іх вырашаць таксама».

Карэспандэнт: «Адміністрацыя клюбаў постфактум выбачылася?»

«Не, ніякіх выбачэньняў, як быццам нічога і ня здарылася...»

Дар’я Ліс жыве на Смаргоншчыне, досыць далёка ад сталіцы, таму праблемамі клюбнага жыцьця асабліва не заклапочаная. Перадусім намагаецца крочыць у нагу з высокімі тэхналёгіямі: удзельнічае ў праекце сацыяльна-дзелавога цэнтру вёскі Залесьсе «Залеская талака», вядзе «жывы журнал», аўтарка і рэдактарка тэкстаў у міжнародным інтэрнэт-праекце «М-журнал». Дый зь безбар’ерным асяродзьдзем справы ў віртуальнай прасторы нашмат лепшыя:

Дар'я Ліс

Дар'я Ліс

«У гэтым сэнсе згадваецца Маладэчна, бо там бываю досыць часта. Справа ў тым, што я вельмі люблю тэатар, дык вось у абласным драматычным тэатры Маладэчна — шчасьце якое — зрабілі вельмі клясны пандус. Цяпер я магу туды абсалютна спакойна хадзіць. Прыкладам, мы езьдзілі на спэктакль „Карона з каханьня“ пра жыцьцё і творчасьць Янкі Купалы. Вельмі спадабалася, было вельмі ўтульна, прыемны, уважлівы пэрсанал; нам прадалі квіткі збоку, каб мне было зручней пад’ехаць. Так што ўсё цудоўна. Але разам з тым у Маладэчне ёсьць Палац культуры — новы, у адрозьненьне ад будынка тэатру. І там няма абсалютна ніякіх умоў для вазочнікаў. Я была двойчы на рок-канцэртах, і двойчы мяне цягалі па прыступках бацька і ахоўнік. У першым выпадку бацька мяне нёс на руках, каляску цягнулі нейкія хлопцы-кадэбэшнікі, а ззаду ляцела сястра і таксама нам дапамагала. Вось такі паказальны выпадак быў. Гэты пры тым, яшчэ раз паўтару, што будынак яўна павінен быў узводзіцца зыходзячы са стандартаў безбар’ернасьці».

А вось мянчук Зьміцер Салавей — адзін зь нешматлікіх прыкладаў паўнавартаснага працаўладкаваньня чалавека ў вазку. Праўда, прызнаецца, што па-за межамі працы сутыкаецца з тымі ж самымі праблемамі, што і ягоныя вымушаныя калегі па няшчасьці:

«Я, праўда, не сутыкаўся канкрэтна з такімі праблемамі ў клюбах, як Люда ці Дзяніс, але досыць часта меў розныя падобныя праблемы ў банках, на поштах, у салёнах сувязі — там, дзе пандусы нібыта ёсьць, але пад’ехаць
салён апэратара МТС на Лагойскім тракце, 35. Перад дзьвярыма дзьве прыступкі. Я там аднойчы ўвогуле перакуліўся, упаў
да іх папросту немагчыма. Ці ў суседні ўваход пандус ёсьць, а туды, куды трэба, няма. Прыкладам, салён апэратара МТС на Лагойскім тракце, 35. Перад дзьвярыма дзьве прыступкі. Я там аднойчы ўвогуле перакуліўся, упаў. Добра, што падскочылі людзі, дапамаглі заехаць у салён, потым гэтак жа дапамаглі выехаць. Я потым запытаў у апэратараў: ці мяркуецца ўвогуле нешта зрабіць з пандусам? Адказ быў такі, што, маўляў, мы тут памяшканьне арандуем, гэта ня наша ўласнасьць, трэба зьвяртацца да гаспадароў. Хоць я думаю, што калі ў МТС насамрэч так шмат абанэнтаў, то кампанія, якая паважае сябе і сваіх кліентаў, магла б сама з гэтай нагоды зьвярнуцца: так і так, мы ў вас арандуем і трэба сёе-тое пераабсталяваць. Таму што насамрэч ДАСТ адносна пандусаў, безбар’ернага асяродзьдзя даўно існуе. Толькі чамусьці на яго заплюшчваюць вочы, а яго невыкананьне ніхто не кантралюе».

Як канстатуе Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, менавіта права на працу дае чалавеку магчымасьць весьці годны лад жыцьця і адчуваць сябе паўнавартасным чальцом грамадзтва. Але ў Беларусі удзельная вага інвалідаў, якія працуюць, складае толькі 14%. Пры гэтым больш за 40% людзей з інваліднасьцю сутыкаюцца з супрацівам наймальнікаў — тыя ня хочуць мець справу са спэцыфічнымі працаўнікамі. Апроч таго, як вынікае з адмысловага дасьледаваньня Офіса па выніках 2012 году, вялізнай праблемай застаюцца бар’еры ў сьвядомасьці фізычна здаровых людзей — без малога 20% насельніцтва краіны ня хочуць мець ніякіх стасункаў з інвалідамі, у тым ліку і працаваць у адным калектыве.
XS
SM
MD
LG