Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 лютага 2007 году, акурат у дзень савецкай арміі і ваенна-марскога флёту, у Менску памерла Ганна Барысевіч, сьціплая і працавітая бабуля родам з-пад Ігумену.

Ну і што — сьцепане плячыма недасьведчаны цынік і пазяхне пры гэтым: уласна кажучы, кожны год у дзень савецкай арміі і ваенна-марскога флёту на плянэце аддаюць богу душу мільёны працавітых і сьціплых бабуляў з-пад розных далёкіх і блізкіх Ігуменаў, дык чаго ўжо тут валасы на галаве рваць. І горка пашкадуе пра свае словы. Бо, як той казаў, уся рэч у тым, што за бабуля. Ганна Барысевіч нарадзілася 18 (паводле старога стылю 5-га) траўня тысяча васемсот восемдзесят восьмага году — і калі гэтая дата не выклікае ў кагосьці ўзрушэньня, значыць, нечым бог гэтага небараку ўсё ж абдзяліў.

1888... Калі не існавала яшчэ ня толькі савецкай арміі і ваенна-марскога флёту, а і самога слова «савецкі». Ленін толькі-толькі паступіў ва ўнівэрсытэт. П’яны Вісарыён Джугашвілі з імпэтам лупцаваў свайго беднага сына. Яшчэ быў жывы Францішак Багушэвіч, які ў той год выправіўся ў Менск па адвакацкіх справах. Наводзіў на Лёндан жах Джэк Патрашыцель. У Амэрыцы выйшла першая вінілавая кружэлка, а прускі прынц Вільгельм рыхтаваўся прыняць імпэратарскую карону. Ганна Барысевіч нарадзілася за царом Аляксандрам ІІІ Міратворцам, а памерла за Лукашэнкам. Выходзіць, яна пасьпела пажыць пад уладай (непатрэбнае закрэсьліць): двух цароў, БНР і БССР, Леніна, Сталіна, Гітлера, зноў Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, Чарненкі, Андропава, пасьпела сустрэць незалежнасьць і надыход дыктатуры... Так, тут замест кропкі значна больш дарэчна будзе выглядаць шматкроп’е. Бо пасьля такога сьпісу неяк і ягонае сумнае заканчэньне ўспрымаецца больш спакойна. Мінае ўсё, міне і гэта. Ганна Барысевіч — гісторыя краіны, увасобленая ў адной жанчыне. Сьведчаньне ня толькі таго, што тут усё паўтараецца, але і таго, што тут насамрэч нічога ніколі не стаіць на месцы і кожная ўлада ня проста ня вечная — яна як дожджык або паводка, і сур’ёзна ставіцца да яе можа толькі камар. Пацьверджаньне таго, што ў апошнія 118 гадоў тут ніколі не было ніякай стабільнасьці і ніякай згоды, што тут амаль заўжды гаспадарылі ўсе, хто заўгодна, толькі не тутэйшыя. А тутэйшыя — жылі сабе. І выміраць, як бачым, ня надта сьпяшаліся.

А яшчэ гэтае велічнае і даўгое жыцьцё — абвяржэньне розных мэдычных мітаў. Паводле ўласнага прызнаньня, Ганна Барысевіч усё жыцьцё з ахвотаю ела шкваркі ды бульбу (дарэчы, яна ж распавядала журналістам, што была сьведкам трыюмфальнага памідорнага бліцкрыгу ў цэнтральнай Беларусі — раней пра тую індзейскую расьліну тут ня чулі). Пасьля таго, як мужа забралі ў 30-х органы, шлюбу ні з кім больш ня брала. Была непісьменная — што яшчэ раз даказвае: грамата — яна нікога да дабра не даводзіць. Калі была на душы туга, сьпявала песьні. Калі было трэба — падымала чарку. Ні пра што не шкадавала. І нам на разьвітаньне шкадаваць ня раіла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG