Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьляпая нянавісьць» супраць гомасэксуалістаў


«78 краінаў трываюць у сваёй сьляпой нянавісьці да асобаў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі», — кажа генэральны сакратар Міжнароднай асацыяцыі лесьбіянак і геяў Рэната Сабадзіні.

З нагоды Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй Міжнародная асацыяцыя лесьбіянак і геяў апублікавала мапу, якая адлюстроўвае правы сэксуальных меншасьцяў па ўсім сьвеце.

РС: Чым гэтая мапа адрозьніваецца ад той, якую вы выдалі ў 2012 годзе? Якія асноўныя зьмены наступілі адносна правоў сэксуальных меншасьцяў у сьвеце?

Сабадзіні: Станоўчыя зьмены адносяцца да новых законаў аб шлюбе. Цяпер мы маем 14 краінаў, дзе прынялі законы, якія дазваляюць людзям аднаго полу ўступаць у шлюб. За апошні год такія законы прынялі ва Ўругваі, Францыі і Новай Зэляндыі. Асноўная ідэя мапы заключаецца ў тым, што ўвесь спэктар адценьняў, ад цёмна-чырвонага да цёмна-зялёнага, уяўляе сабою сьвятлафор, які паказвае, якія краіны зьяўляюцца больш бясьпечнымі, а якія хутчэй не зьяўляюцца бясьпечнымі для сэксуальных меншасьцяў, калі туды паехаць, напрыклад.








РС: На гэтай мапе Расея пазначана сымбалем «небясьпекі», якога не было на мапе летась і які паказвае, што краіна прыняла закон пра так званую «прапаганду гомасэксуалізму», які абмяжоўвае свабоды геяў і лесьбіянак.

Сабадзіні: Гэта вельмі важна. Гэта знак «небясьпекі», таму што разьвіцьцё падзеяў у Расеі выклікае трывогу, асабліва калі за Расеяй пойдуць іншыя краіны. Украіна разглядае аналягічны закон. Яны называюць гэта «прапагандай гомасэксуалізму», што зьяўляецца сьмешным акрэсьленьнем. У асноўным, гаворка ідзе пра свабоду слова геяў і лесьбіянак, пра свабоду выказвацца на тэму сваёй барацьбе за роўныя правы.

Мы ўжо пачынаем бачыць наступствы гэтага закону. Хоць ён фармальна ня ўводзіць крымінальнай адказнасьці за гомасэксуальныя паводзіны, але, канечне, санкцыянуе меркаваньне, што геі і лесьбіянкі — грамадзяне другога гатунку. Гэта, безумоўна, падмацуе экстрэмістаў і дасьць нешта накшталт маральнага апраўданьня іхнім атакам супраць геяў і лесьбіянак.

РС: Тэрыторыя былога Савецкага Саюзу, за выняткам Сярэдняй Азіі, прадстаўленая адным колерам. Ёсьць нейкія адрозьненьні ў стаўленьні да геяў і лесьбіянак, ці ўсё ж мы можам казаць пра агульную тэндэнцыю ў гэтай частцы сьвету?

Сабадзіні: Існуе агульная тэндэнцыя ў тым сэнсе, што адразу пасьля падзеньня Савецкага Саюзу было некалькі гадоў надзеі, таму што было агульнае адчуваньне свабоды. Гэтак было, калі гэтыя краіны дэкрыміналізавалі гомасэксуалізм. На жаль, пад канец нулявых гадоў гэтага стагодзьдзя настроі зьмянілася. Мела месца збліжэньне царквы і дзяржавы, асабліва ў Расіі. Гэта выклікала хвалю гамафобіі, якая, на жаль, стала афіцыйнай гамафобіяй. Усё зьмянілася ў горшы бок.

РС: Што вас уражвае больш за ўсё, калі вы глядзіце на гэтую мапу?

Сабадзіні: Прэс-рэліз, які мы апублікавалі 15 траўня, называўся «Шчасьце і гнеў». Шчасьце, бо адносна раўнапраўных шлюбаў можна назіраць свайго роду эстафэту ў краінах Захаду і Лацінскай Амэрыкі. Штораз болей краінаў гатовыя прыняць законы аб аднаполых шлюбах. І гнеў, калі мы глядзім на тыя 78 краінаў, якія трываюць у сваёй сьляпой нянавісьці да асобаў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG