Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узроставыя абмежаваньні пры прыёме на працу — дыскрымінацыя

абноўлена

Калі пры найманьні на працу чалавеку адмаўляюць з прычыны ўзросту альбо месца жыхарства, то ён можа абскардзіць такое рашэньне наймальніка ў судзе.

Такая норма закладзеная ў новую рэдакцыю Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, якую сёньня ў першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў. Як адзначыла міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, Працоўны кодэкс закранае вельмі шмат людзей, бо ў Беларусі з кожных 10 працоўных 9 — найманыя работнікі. А дзейнаму кодэксу ўжо 10 гадоў, з 2007 году папраўкі і зьмены ў яго ня ўносіліся.

Намесьнік старшыні сталай камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях Ларыса Багдановіч расказала журналістам:

«У аб’явах мы часта бачым, што на вакансію, да прыкладу, патрабуецца дзяўчына пэўнага ўзросту. Падобныя рэчы ўжо могуць быць падставаю для звароту ў суд. Тое самае тычыцца і анкетаваньня пры прыёме на працу. Калі чалавека прымушаюць адказваць на пытаньні, якія тычацца ягонага асабістага жыцьця, нацыянальнасьці, рэлігійных поглядаў, то ён мае права не адказваць на такія пытаньні анкеты. А сам факт падбору работнікаў па гэтых парамэтрах можа расцэньвацца як дыскрымінацыя».

У новай рэдакцыі кодэксу перагледжаныя пытаньні працы па сумяшчальніцтве. Пасьля прыняцьця новай рэдакцыі чалавек будзе мець права працаваць па сумяшчальніцтве ня толькі ў адной арганізацыі, і ягоны працоўны дзень не павінен перавышаць пэўную колькасьць гадзінаў. Зьмены ў Працоўным кодэксе дадуць магчымасьць працаваць па сумяшчальніцтве і ў выходныя дні, іншы вольны час пры вымушаным прастоі прадпрыемства. Гэта пашырыць магчымасьці грамадзянаў мець дадатковы прыбытак.

Упершыню ў гісторыі Беларусі папраўкі ў Працоўны кодэкс закранаюць працоўныя адносіны ў прафэсійным спорце.

Папраўкі да Працоўнага кодэксу для «Свабоды» камэнтуе эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Мне падаецца, што гэта добрыя захады. Бо чым менш трэба даваць пра сябе інфармацыі пры ўладкаваньні на працу, тым лепш. Іншая справа, каб гэта ўсё не засталося на паперы. Бо што датычыцца ўзросту, то ён, як кажуць, напісаны на твары, ня трэба і пытацца. Калі наймальнік бачыць, што чалавеку за 50, то яму ня трэба браць у рукі ягоны пашпарт.

Вядома, цяпер наймальнік ужо ня будзе пісаць у рэклямнай аб’яве, што патрабуюцца спэцыялісты ва ўзросьце, скажам, да 35 гадоў. Але ж ад жыцьця нікуды ня пойдзеш. Вядома, кожнаму хацелася б мець у сябе на працы чалавека маладога, мужчыну, безь дзяцей і г. д. Але сам крок зроблены ў правільным кірунку. Бо калі нічога наагул не рабіць, то нічога і ня зьменіцца».

Што тычыцца пашырэньня магчымасьцяў для сумяшчальніцтва, то, я думаю, гэта вымушаны крок. Усе ж бачаць, што жыцьцё становіцца ўсё цяжэйшым. І калі да гэтага цяжару дадаць яшчэ і штучныя абмежаваньні, то робіцца яшчэ складаней. А дзейныя на сёньня абмежаваньні сапраўды штучныя. Бо калі чалавек ня можа працаваць болей чым у двух месцах, дык ён і ня можа. А калі можа, то навошта яму гэта забараняць?

Я думаю, што гэта адказ на тую сытуацыю, якая складаецца ў беларускай эканоміцы. Па-першае, гэта прастоі прадпрыемстваў. А па-другое, гэта ўцёкі спэцыялістаў у іншыя краіны, пасьля чаго ўзьнікаюць вакансіі, якія трэба запаўняць. Гэта тычыцца і прамысловых прадпрыемстваў, дзе, скажам, высокакваліфікаваныя наладчыкі вандруюць з аднаго прадпрыемства на другое — пару гадзін на адным папрацаваў, пару — на другім. І мэдычных працаўнікоў, недахоп якіх цяпер адчуваецца.

Я думаю, у хуткім часе шмат каму давядзецца завіхацца-круціцца і працаваць ня толькі ў адным-двух месцах, а нават і ў трох, каб неяк зарабіць сабе на жыцьцё".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG