Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урок беларускай мовы зь Цішкам Гартным


16 траўня ў Магілёве актывісты Таварыства беларускай мовы зладзілі талаку на магіле літаратара, грамадзкага дзеяча Цішкі Гартнага.

Памятны знак яму ўсталяваны ў Пячэрскім лесапарку, непадалёк ад псыхіятрычнай лякарні, у якой паводле дасьледнікаў, Зьміцер Жылуновіч скончыў самагубствам у 1937 годзе.

Актывісты прыбралі сьмецьце, а потым правялі свой штотыднёвы гурток беларускай мовы, які прысьвяцілі творчасьці Цішкі Гартнага. Чыталіся ягоныя творы й творы прысьвечаныя яму. Гаварылі пра жыцьцёвы шлях першага кіраўніка ўраду Савецкай Беларусі, які гвалтоўна абарваўся ў вар’ятні.

Месца пахаваньня Зьмітра Жылуновіча адшукаў старшыня магілёўскага аддзяленьня таварыства «Мартыралёг Беларусі» магілёўскі актор Валянцін Ермаловіч. Мэдсястра лякарні паказала яму брацкую магілу, у якой мог быць пахаваны Жылуновіч. У 1989 годзе на ёй актывісты адраджэнскіх арганізацыяў гораду ўсталявалі памятны знак у выглядзе кратаў, у сярэдзіне якіх было зьмешчанае «разьбітае сэрца». У магілёўскую вар’ятню Зьміцер Жылуновіч патрапіў пасьля засьценкаў НКВД.

Штогод магілу закатаванага пісьменьніка наведваюць актывісты грамадзкіх і апазыцыйных палітычных арганізацыяў. У Магілёве ўлады абяцаюць, што зьявіцца вуліца названае імем пісьменьніка.

XS
SM
MD
LG