Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэнэджэры беларускіх кампаній спрабуюць пераканаць Disney, што ў Беларусі працаваць лепш, чым у Расеі, і спадзяюцца на ўзнаўленьне кантракту.

Бангладэш, Вэнэсуэла, Эквадор, Пакістан і Беларусь — з гэтымі краінамі
кампанія The Walt Disney прыпыняе бізнэс. Да такога кроку ўсясьветную карпарацыю падштурхнула трагедыя на фабрыцы ў Банглядэш, дзе загінула паўтысячы чалавек.

Паведамляецца, што рашэньне прымалася на падставе справаздачы Ўсясьветнага банку. Былі абраныя краіны, якія мелі найгоршыя паказьнікі ўзроўню карупцыі, выкананьня законаў, выкарыстаньня прымусовай працы і бясьпекі вядзеньня бізнэсу.

«У нас тут апроч МакДональдса і гэтага Дыснэя і не было нічога, — кажа эканаміст Сяргей Жбанаў. — Нам зусім няма чым пахваліцца. А за гэты час ужо многія сотні кампаній маглі б тут разгарнуцца, калі б сапраўды была магчымасьць зарабляць грошы».

«Так, гэта не трагедыя. Але гэта вельмі трывожны знак», — заключае Жбанаў.

Прынамсі дзьве беларускія кампаніі маюць кантракты з Disney — вытворца мяккіх цацак Fancy і касмэтычная кампанія «Модум». Дзіцячыя зубныя пасты «Модум» упрыгожваюць героі з дыснэеўскага мультфільма «Карпарацыя монстраў».

Яўгенія Цёмкіна, дырэктар па маркетынгу кампаніі «Модум», распавядае: «Карпарацыю» абралі таму, што яе пэрсанажы добра спалучаюцца з зубной пастай. Да таго ж у чэрвені выходзіць працяг мультфільму — «Унівэрсытэт монстраў». А гэта добрая падтрымка для беларускай прадукцыі.

«Працаваць з Disney — гэта пытаньне прэстыжу, — кажа Яўгенія. — Калі ты выпускаеш прадукцыю пад маркай Disney, значыць, узровень твайго прадпрыемства адпавядае ўзроўню міжнароднай кампаніі. Disney проста так нікому такое права ня дасьць».

Цёмкіна тлумачыць, на якіх прынцыпах Disney будуе свой міжнародны бізнэс. Так, Беларусь — дарэчы, разам з Расеяй — уваходзіла для Disney у так званую «трэцюю» катэгорыю.

«Гэта значыць, што асаблівая ўвага аддаецца якасьці прадукцыі. Праводзіцца аўдыт прадпрыемства, спраўджваюць умовы працы рабочых, пажарную бясьпеку і г.д., — распавядае Яўгенія. — Мы прайшлі гэты аўдыт, нам далі права вырабляць прадукцыю. Але пасьля таго, што здарылася ў іншых краінах трэцяй катэгорыі, Disney прыняў рашэньне зь імі супрацоўніцтва спыніць. Але ўсе кантракты, якія былі падпісаныя да яго прыняцьця, дзейнічаюць да заканчэньня іх тэрміну. Наш кантракт сканчаецца ў 2014 годзе».

Яўгенія верыць, што «Модум» мае шанцы кантракт узнавіць, і за гэта яны змагаюцца.

«Гэтым жа дакумэнтам Расея была пераведзеная ў другую катэгорыю. Мы ў маскоўскім офісе Disney вялі перамовы і гаварылі пра тое, што ў Беларусі таксама ёсьць шанец перайсьці ў яе, — сьцьвярджае Цёмкіна. — Мы для гэтага вядзем перамовы ў тым ліку і зь лёнданскім офісам, спрабуем іх пераканаць, што тут нашмат лепшыя ўмовы, чым, можа, і ў Расеі. Нам падаецца, што мы больш адпавядаем міжнародным стандартам».

Яўгенія зьвяртае ўвагу, што Disney карысталася рэйтынгам, які ацэньвае агульную эканамічную сытуацыю. Цяпер яны спрабуюць пераканаць лёнданскіх мэнэджэраў Disney, што ў Беларусі ня ўсё так кепска:

«У перамовах мы робім акцэнт на тым, што нельга ўлічваць палітычнае пытаньне ў гэтым. Бо ўмовы працы больш чым годныя ў Беларусі. Мы спрабуем іх пераканаць».

«Нам было б выгадна, каб да нас пайшлі грошы, — гэта відавочна. Нам трэба і з пазыкамі разьлічвацца. У гэтай сытуацыі любая сотня, якая прыйшла свабодна і бяз націску і стала альтэрнатывай зьнешнім крэдытам, якія мы вымушаныя былі і будзем вымушаныя браць, вельмі важная».

«Калі буйная кампанія пакідала Беларусь, як, напрыклад, Ford, то кругі па вадзе ішлі пасьля шмат гадоў, — кажа старшыня прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін. — Сумна, калі ўсясьветныя брэнды пакідаюць Беларусь. Гэта заўжды працэс балючы».

Уладзімер Карагін кажа, што замежнаму бізнэсу ў Беларусі якраз болей прывілеяў:

Уладзімер Карагін

Уладзімер Карагін

«Замежныя кампаніі, як правіла, вядуць перамовы з урадам пры зачыненых дзьвярах, — сьцьвярджае ён. — Яны часта расчараваныя тым, што нейкія абяцаньні, дадзеныя ім, не выконваюцца. Але ў дачыненьні да беларускага бізнэсу яшчэ болей абяцаньняў не выконваецца».

Карагін кажа, што яму найбольш згадваюцца прыклады, калі буйныя замежныя кампаніі імкнуліся ў Беларусь, а іх не пускалі:

«Вось, напрыклад, Ikea, — распавядае Ўладзімер. — Цяпер яны рэалізуюць праект у Магілёўскай вобласьці, а да гэтага кампанію груба не пускалі ў Віцебскую пад той маркай, што яна нібыта разбурыць усю дрэваапрацоўчую прамысловасьць вобласьці. Гэта было несправядліва. Але заўважце, што Ikea сышла з Расеі, бо яна ніколі не працуе ў краінах, дзе ёсьць карупцыя».

Цяжка аналізаваць, кажа Карагін, як паўплывае рашэньне Disney на настроі іншых усясьветных брэндаў, якія яшчэ ёсьць у Беларусі ці, магчыма, мелі пляны сюды прыйсьці. Паводле высноваў Усясьветнага банку, беларуская эканоміка ў апошнія гады разьвіваецца павольна, дэманструючы слабы рост паказьнікаў пасьля цяжкага крызісу 2011 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG