Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парфянкова зноў вінавацяць у парушэньні нагляду


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Фігуранта справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году Васіля Парфянкова зноў абвінавачваюць у парушэньні правілаў адбыцьця хатняга прафіляктычнага нагляду. 17 траўня яго выклікаюць у суд.

Васіль Парфянкоў, які ў лютым гэтага году выйшаў на волю з арыштнага дома баранавіцкага СІЗА № 1, цяпер пад прафіляктычным наглядам. Цягам году яго ўжо другі раз вінавацяць у парушэньні нагляду. Васіль распавёў карэспандэнту Свабоды:

«Сёньня я прыйшоў у РУУС на чарговае адзначэньне. І мне інспэктар сказаў, што на мяне быў складзены пратакол, што мяне не было дома. Ён хацеў мяне сёньня з пастарунку адразу адвесьці ў суд. Але я сказаў, што ў мяне ёсьць неадкладныя справы, і ён сказаў прыйсьці 17 траўня аб 11 гадзіне да яго ў кабінэт у Першамайскі РУУС. І адтуль мы пойдзем у суд».

Васіль сказаў, што 11 траўня ён затрымаўся на працы і прыйшоў дахаты не а 20-й гадзіне, як трэба згодна з рэжымам нагляду, а пазьней. У гэты час яго прыйшоў правяраць участковы. Ён чакаў актывіста ў пад’езьдзе, знайшоў нейкага панятога і склаў пратакол за парушэньне нагляду. Цяпер Парфянкову пагражае пакараньне: альбо арышт на суткі, альбо штраф. За такое ж парушэньне 4 красавіка суд аштрафаваў Васіля на 800 тысяч рублёў. Васіль распавядае, што пасьля суду было зацішша, а цягам апошняга тыдня супрацоўнікі міліцыі вельмі часта прыходзілі з праверкамі, літаральна па два-тры разы на дзень.

«Відаць, я засьвяціўся на сустрэчы Паўла Вінаградава і Ўладзя Яроменка, калі яны выходзілі на волю пасьля „сутак“, трапіў у кадар. Можа, яны падумалі, што я зноў пачаў нейкі актыўны ўдзел. Хоць я яго і не спыняў. Вось вырашылі мяне больш жорстка кантраляваць, каб я нікуды не хадзіў».

19 чэрвеня ў Васіля Парфянкова павінен скончыцца гадавы прафіляктычны нагляд. Але тэарэтычна яго могуць працягнуць, абвінаваціўшы Васіля ў тым, што ён нібыта злосны парушальнік і ня стаў на шлях выпраўленьня. Якраз гэтак абышліся з Уладзем Яроменкам.
XS
SM
MD
LG