Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Міжнародны дзень супраць гамафобіі і перасьледу геяў, лесьбіянак, бісэксуалаў, змаганьня за іх роўныя грамадзянскія правы.

ЛГБТ супольнасьць Санкт-Пецярбургу, паведамляе, што атрымала дазвол уладаў на правядзеньне мітынгу на Марсавым полі. Між тым летась Санкт-Пецяргург стаў першым горадам Расеі, дзе быў прыняты закон, які забараняе прапаганду гомасэксуалізму і пэдафіліі сярод непаўнагадовых. Адна з арганізатараў акцыі Вольга Лянкова паведаміла нашаму радыё, што акцыю хочуць прысьвяціць памяці Уладзіслава Тарнавога, па-зьверску забітага 10 траўня пасьля яго прызнаньня, што ён гей. Чакаецца каля 100 удзельнікаў.

Мэрыя Масквы, разгледзеўшы заяўкі прадстаўнікоў сэкс-мяншыняў, правядзеньне акцый не дазволіла, у тым ліку ў так званых «гайд-парках». Паводле прадстаўніка мэрыі Маёрава, рашэньне прынятае «з улікам клопату пра маральнасьць падрастаючага пакаленьня». Акрамя таго, паводле мэрыі непажадана, каб гэтыя акцыі, заяўленыя на 25 і 26 траўня, супалі са сьвятам апошняга званка, калі ў парках будуць школьнікі.

Прэм'ер-міністр Грузіі Бідзіна Іванішвілі, камэнтуючы плянаваны гей-парад у Тбілісі, адзначыў, што сэксуальныя мяншыні ў яго краіне маюць роўныя правы з астатнімі грамадзянамі і могуць імі карыстацца: «Яны такія ж грамадзяне, як і мы, хаця частка грамадзтва ня хоча гэтага прыняць. Мы зробім усё, каб абараніць правы любой меншасьці».

Некаторыя праваслаўныя актывісты Грузіі заявілі пра свой плян правесьці ў гэты ж дзень свой анты-парад.

Міжнародны дзень супраць гамафобіі і трансфобіі быў абвешчаны ў 2004 годзе, каб прыцягнуць увагу палітыкаў, лідэраў грамадзкай думкі, шырокага насельніцтва і сродкаў масавай інфармацыі да гэтага пытаньня. Дата 17 траўня зьвязаная з прынятым у 1990 годзе ў гэты дзень рашэньнем Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя перастаць разглядаць гомасэксуалізм як псыхічнае захворваньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG