Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрабачаньня сумнеўны спонсар – TeliaSonera


Калі швэдзкая сьпявачка Ларын летась выйграла конкурс Эўрабачаньня ў Баку, яна выступіла ў абарону правоў чалавека на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу.

Ларын раззлавала гаспадароў леташняга Эўрабачаньня, заяўляючы, што правы чалавека ў Азэрбайджане парушаюцца «кожны дзень».

Ларын таксама раскрытыкавала Аляксандра Лукашэнку за зьняволеньне праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Перамога Ларын у Баку дала права арганізаваць сёлетняе Эўрабачаньне Швэцыі. Фінал песеннага конкурсу адбудзецца 18 траўня ў Мальмё.

Парадаксальна, пытаньне правоў чалавека можа зноў аказацца на павестцы дня пры нагодзе швэдзкага конкурсу. Галоўным спонсарам Эўрабачаньня-2013 зьяўляецца швэдзка-фінская тэлекамунікацыйная кампанія TeliaSonera.

TeliaSonera цяпер знаходзіцца пад сьледзтвам у сувязі з абвінавачаньнямі ў выплаце хабару ўзбэцкім уладам за доступ да рынку мабільнай сувязі ў гэтай краіне.

Кампанію таксама абвінавачвалі ў здаваньні інфармацыі пра палітычных апанэнтаў уладам у Беларусі, Азэрбайджане, Грузіі, Казахстане, Таджыкістане і Ўзбэкістане.

У прыватнасьці, паводле швэдзкіх журналістаў, TeliaSonera добра паслужыла афіцыйнаму Менску падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Тады кампанія Life :) (апэратар мабільнай сувязі, даччыная фірма TeliaSonera) здала ўладам поўную інфармацыю пра перапіску, званкі, месцазнаходжаньне і перамяшчэньні апанэнтаў рэжыму.

Швэдзкая праваабаронца Ісабэль Сомэрфэльд лічыць, што TeliaSonera не заслужыла права быць спонсарам Эўрабачаньня – фэстывалю, у якога сусьветная аўдыторыя 125 мільёнаў гледачоў.

«Я думаю, гэта сапраўды незаслужаны піяр для іх. Сёньня TeliaSonera зьяўляецца неэтычнай кампаніяй. Яна па-ранейшаму супрацоўнічае з рэжымамі ў прыгнятаньні людзей. Іншыя краіны не павінны дапамагаць дыктатару ў яго рэпрэсіях. А гэта менавіта тое, што робіць TeliaSonera» – сказала Ісабэль Сомэрфэльд.

Аніка Нюбэрг, дырэктар па сувязях са СМІ у Эўрапейскім вяшчальным зьвязе (European Broadcasting Union), які наглядае за арганізацыяй Эўрабачаньня, сказала нашаму радыё, што яна ўпэўненая, што TeliaSonera ачысьціць сябе ад усіх абвінавачаньняў.

«Мы не праваабарончая арганізацыя. Мы зьяўляемся арганізацыяй сродкаў масавай інфармацыі, якая прадстаўляе мэдыя-кампаніі. Але ў нас ёсьць каштоўнасьці, якіх мы прытрымліваемся. І мы глядзім на спонсараў праз прызму нашых каштоўнасьцяў і супрацоўніцтва зь імі, і мы, безумоўна, вельмі асьцярожныя ў выбары спонсараў» – заявіла Аніка Нюбэрг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG