Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Сашы Варламава: «Працэс працягнецца яшчэ месяц»


Саша Варламаў

Саша Варламаў

У Ленінскім судзе Менску працягваецца суд над вядомым мадэльерам Сашам Варламавым, якога абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў, уключна з крадзяжом праз службовыя злоўжываньні. Пра чарговы дзень судовага працэсу.

16 траўня працэс аднавіўся пасьля перапынку, зьвязанага са сьвятамі. Напярэдадні больш за 2 тыдні ў судзе зачытваліся дакумэнты справы, у асноўным пратаколы допытаў тых сьведак, якія не змаглі зьявіцца ў суд.

Сёньня ў другой палове дня зачытваньне пратаколаў прадоўжылася, а да абеду суду ўдалося дапытаць 15 сьведак, якія зьявіліся паводле позваў. У асноўным гэты былі маці мадэляў, якія навучаліся на курсах у ліцэі БДУ, дзе выкладаў Саша Варламаў. У паказаньнях сьведак быў шэраг агульных момантаў, але гучалі і разыходжаньні. Гэтак, фактычна ўсе сьведкі паведамілі суду, што плацілі за навучаньне сваіх дзяцей штомесяц каля 150 тысяч рублёў — на той час гэта было каля 50 даляраў. Прычым плацілі наяўнымі і не атрымлівалі на рукі ніякіх дакумэнтаў аб аплаце. Толькі сьведка Вольга Ермаковіч сьцьвярджала, што плату за навучаньне ўносіла праз банк.

Саша Варламаў абвінавачваецца ў тым ліку ў нясплаце падаткаў з прыбыткаў, якія ён, паводле сьледзтва, атрымліваў ад курсаў моды. Сам Варламаў сваю віну ў нясплаце падаткаў прызнаў, але настойвае на тым, што курсы былі арганізаваныя пры ліцэі БДУ ў межах падрыхтоўкі да фэстывалю «Млын моды», а не пры ягоным уласным прадпрыемстве — «Агенцтва моды Сашы Варламава». Гэтыя акалічнасьці сёньня зноў дасьледаваў і суд. Большасьць сьведак не змаглі згадаць пэўна, як прэзэнтаваў сябе мадэльер на арганізацыйным сходзе — як арганізатар «Млына моды» ці гаспадар «Агенцтва».

Яшчэ адным агульным момантам у паказаньнях сьведак было тое, што яны плацілі за навучаньне 100% кошту толькі за першыя 3 месяцы. У наступныя 3 месяцы кошт зьніжаўся ўдвая, а потым мадэлі маглі хадзіць на курсы бясплатна. Шмат хто са сьведак паведаміў, што мадэлі за сваю працу атрымлівалі пэўныя грошы. Сьведка Генадзь Манько распавёў пра зьніжкі ў аплаце яшчэ ў першыя 3 месяцы — як шматдзетнай сям’і ім зрабілі палёгку.

Сьведка Натальля Грамыка спрабавала выказаць Сашу Варламаву падзяку за навучаньне дачкі. Судзьдзя Надзея Навіцкая выказваньне ўдзячнай маці спыніла.

Як цяпер пачуваецца Саша Варламаў, які ад пачатку працэсу карыстаецца мыліцай і раней заяўляў пра прастуду і трывалыя болі ў хрыбетніку? Пытаньне пра здароўе абвінавачанага мадэльера я задаў у перапынку ягонаму адвакату Паўлу Піваварчыку.

«Ён па-ранейшаму пакутуе ад боляў у сьпіне, і ў яго ацякаюць ногі. На гэта ён скардзіцца. Яму даюць лекі і абязбольвальныя таблеткі, больш нічога. Абяцаюць у хуткім часе зноў правесьці абсьледаваньне на МРТ, ужо іншага аддзелу хрыбетніка, і тады будуць вырашаць, якую яму дапамогу аказваць далей».

Карэспандэнт: А як доўга яшчэ працягнецца працэс?"

«Цяжка сказаць. Магчыма, спатрэбіцца яшчэ месяц. Апытаньне сьведак ужо нібыта заканчваецца, паралельна ідзе вывучэньне дакумэнтаў справы. Пакуль зачытвалі пратаколы допытаў пацярпелых і сьведак. Такіх засталося яшчэ ад 50 да 100, якія трэба агаласіць. А пасьля пачнецца вывучэньне матэрыялаў справы, якія лічацца рэчавымі доказамі: дакумэнты, відэазапісы, раздрукоўкі з кампутараў і гэтак далей. І толькі потым будуць судовыя спрэчкі, выступ самога Аляксандра Варламава і прысуд».
XS
SM
MD
LG