Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі плянуюць забараніць курыць ці не ва ўсіх грамадзкіх месцах


Праект антытытунёвага закону, які прадугледжвае забарону курэньня практычна ва ўсіх грамадзкіх месцах, плянуецца вынесьці на шырокае абмеркаваньне.

Як паведаміла загадчыца аддзелу грамадзкага здароўя Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Вольга Бартман, у канцы траўня дакумэнт будзе апублікаваны на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Паводле яе слоў, у канцы красавіка адбылося пасяджэньне міжведамаснай рады пры Саўміне па папярэджаньні і прафіляктыцы п’янства, алькагалізму, наркаманіі і спажываньня тытуню. Рада прызнала мэтазгодным уключэньне ў плян падрыхтоўкі на 2014 год праекту закону «Аб абароне здароўя насельніцтва ад наступстваў спажываньня тытуню і ўзьдзеяньня навакольнага тытунёвага дыму».

Было дадзена даручэньне стварыць міжведамасную працоўную групу па распрацоўцы гэтага законапраекту і апублікаваць яго на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Цяперашні варыянт законапраекту, адзначыла Бартман, прадугледжвае поўную забарону курэньня практычна ва ўсіх закрытых памяшканьнях — установах адукацыі, культуры, спорту, аховы здароўя, грамадзкага харчаваньня, на вакзалах, у грамадзкім транспарце, на працоўных месцах. «Хоць забарона на працоўных месцах, магчыма, яшчэ будзе абмяркоўвацца», — дадала спэцыяліст.

Паводле дадзеных на канец 2012 году, у Беларусі курыла 30,5% насельніцтва. Сярод мужчын доля курцоў складае 46,8%, сярод жанчын — 16,2%. Увесь час кураць 20,5% насельніцтва, ад разу да разу — 10%. Палова насельніцтва — так званыя пасіўныя курцы.

Пры гэтым Бартман адзначыла, што спажываньне тытуню ў Беларусі зьніжаецца. Для параўнаньня: у 2001 годзе доля курцоў складала 41,6%. Паводле апошніх дадзеных, 55,6% курцоў хацелі б пазбавіцца ад гэтай залежнасьці. Асноўная прычына жаданьня кінуць курыць — усьведамленьне і разуменьне таго, што курэньне шкодзіць здароўю (67,7%). 7,2% апытаных заявілі, што ім удалося адмовіцца ад цыгарэт, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG