Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэла: чэргі па туалетную паперу


Прыбіральні ёсьць. Паперы няма

Прыбіральні ёсьць. Паперы няма

Вэнэсуэльскі народ, які і пасьля сьмерці Уга Чавэса будуе сацыялізм, перажывае пэрыяд вострага дэфіцыту спажывецкіх тавараў

Улады Вэнэсуэлы плянуюць тэрмінова імпартаваць каля 50 мільёнаў рулёнаў туалетнай паперы ў сувязі з дэфіцытам гэтага тавару, паведамляе агенцтва Associated Press.

Як адзначаецца, некаторыя грамадзяне марна шукаюць туалетную паперу на прылаўках крамаў ужо два тыдні. У тых супэрмаркетах, куды завозяць рэдкія партыі дэфіцытнага тавару, адразу выстройваюцца чэргі.

Агенцтва адзначае, што туалетная папера — далёка не адзіны дэфіцытны тавар у Вэнэсуэле. Улады вымушаныя закупляць за мяжой, у прыватнасьці, малако, алей і каву.

Экспэрты ў галіне эканомікі з амэрыканскага ўнівэрсытэту Джонса Гопкінса лічаць, што прычына дэфіцыту — рашэньне ўладаў штучным чынам утрымліваць як найніжэйшыя цэны на тавары штодзённага попыту.

«Праблема дэфіцыту ў Вэнэсуэле будзе толькі пагаршацца, накшталт таго, як гэта адбывалася на працягу многіх гадоў у Савецкім Саюзе», — лічыць прафэсар эканомікі Стыў Гэнк.

Між тым урад Вэнэсуэлы вінаваціць апазыцыю ў арганізацыі кампаніі ў СМІ, накіраванай на ўзьняцьце попыту на туалетную паперу ды іншыя тавары і на распальваньне незадаволенасьці сярод жыхароў краіны.
XS
SM
MD
LG