Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 траўня: Міжнародны дзень супраць гамафобіі


Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Менску пачнецца Тыдзень даступнасьці, прысьвечаны ўсім відам даступнасьці для людзей з інваліднасьцю.

У клюбе «Цэнтар» у Палацы Рэспублікі адбудзецца вялікі сольны канцэрт гурту Neuro Dubel да дня нараджэньня Аляксандра Кулінковіча. У гэты ж дзень лідэр гурту адкажа на пытаньні наведнікаў сайту Свабоды.

Візыт Генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна ў Маскву.

У Нямеччыне – Мюнхенскі эканамічны форум.

Армэнія ўпершыню пяройме старшынёўства у Камітэце міністраў Рады Эўропы (на шэсьць месяцаў).

У сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень супраць гамафобіі. Звычайна ў гэты дзень актывісты ладзяць акцыі з мэтай павысіць талерантнасьць да людзей з нетрадыцыйнай арыентацыяй. 17 траўня 1990 году гомасэксуальнасьць была афіцыйна выключаная зь Міжнароднай клясыфікацыі хвароб. Але дагэтуль у дзесятках краінаў гамасэксуалаў караюць турэмным зьняволеньнем, а ў Аўганістане, Іране ці Савудаўскай Аравіі за гэта пагражае сьмерць.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1838 – нараджэнец Беларусі Ігнат Дамейка ўпершыню ступіў на чылійскую зямлю. Там ён стаў навукоўцам з сусьветным імем і нацыянальным героем Чылі. Падарожжа Дамейкі на параходзе ад берагоў Францыі да чылійскага берагу доўжылася два з паловай месяцы.

1931 – памёр мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк. У 1922 годзе, калі беларуская праваслаўная царква ў БССР абвясьціла сваю аўтаномію ад Масквы, мітрапаліт Мэльхісэдэк узначаліў гэты працэс аддзяленьня. Як прапаведнік ён быў вядомы сваёй прыхільнасьцю да беларускага нацыянальнага адраджэньня і падпаў за гэта пад перасьлед бальшавіцкіх спэцслужбаў.

1934 – загінуў Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст. У міжваеннай Заходняй Беларусі браў удзел у дзейнасьці Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы. Сядзеў у польскіх турмах. У 1928-м перайшоў у БССР, дзе празь пяць гадоў падпаў пад рэпрэсіі. Быў расстраляны.

1950 – нарадзілася Валерыя Навадворская, расейская палітычная дзяячка, дысыдэнтка, журналістка, заснавальніца лібэральнай партыі «Дэмакратычны саюз». Нарадзілася яна ў Беларусі, у Баранавічах.

1952 – нарадзіўся Анатоль Красоўскі, беларускі бізнэсовец. 16 верасьня 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром быў выкрадзены ў Менску пры нявысьветленых абставінах.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

На Вяльлі

Вірыць, бурліць Вяльля – рака,
Нясуцца воды ў даль.
Мне ж моцна сэрца шчыміць жаль
За цемру мужыка.
З калом, сагнуўшыся ў крук,
За Буг кіруе плыт,
І ў дзень і ў ноч ня чуе рук,
Слязьмі пясок абмыт.
Вірыць, бурліць Вяльля – рака,
Нясецца хваляў плеск,
А над вадой мігціць рука
І сонца яркі блеск.
Плыве, багацьце ўдоль-
Наш родны лес і гай.
Нам, беларусам, толькі жаль, –
Дабро ж у чужацкі край.
Вірыць, бурліць Вяльля – рака,
Аб хвалі б’ецца плыт,
Шуміць аер і асака пад ценямі ракіт.


Алесь Салагуб, верш напісаны летам 1926 у вёсцы Зарудзічы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG