Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так кажуць жыхары абласнога цэнтру, назіраючы, як у горадзе праходзіць карпаратыў — фэстываль «Газпрому»

Расейскі «Газпром» «арандаваў» Віцебск на тыдзень: фэстываль «Факел» заплянаваны з 13 да 20 траўня.

Горад тоне ў карпаратыўных колерах: гронкамі паразьвешаныя бела-блакітныя сьцяжкі, расьцяжкі, рэклямныя плякаты, банэры... У такіх самых колерах аформлены і будынак культурна-дзелавога цэнтру «Віцебск», і вялізная адкрытая сцэна, якую ўзводзяць на плошчы Перамогі — нашмат большая за ўжо звыклыя канцэртныя пляцоўкі «Славянскага базару».

Усё ў гэтыя дні вельмі нагадвае Віцебск падчас «Славянскага базару». Горад напоўніўся пахам перасмажанага шашлыку з вулічных харчовых кропак. У цэнтры раскінуліся гандлёвыя рады беларускіх прадпрыемстваў...

Але ад «Славянскага базару» газпромаўскі карпаратыўны фэст адрозьніваецца вельмі істотна. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пачытаць зьмест афішаў, расклееных ці не на кожным прыпынку: усе мерапрыемствы — закрытыя, уваход на іх дазволены выключна па спэцпропусках ды запрашэньнях.

Уласна кажучы, карпаратыўны фэстываль «Факел» — гэта агляд «газпромаўскай самадзейнасьці, якую прадстаўляюць 36 даччыных прадпрыемстваў «Газпрому» з розных расейскіх рэгіёнаў, прыкладна дзьве з паловай тысячы чалавек. Беларусь на «карпаратыве» прадстаўленая таксама — прадпрыемствам «Газпром трансгаз Беларусь».

Адзіны канцэрт з вольным уваходам мае адбыцца 16 траўня на плошчы Перамогі. Анансаваныя выступы гуртоў J:МОРС і «Цвет Алоэ» (Беларусь), «Воплі Відоплясова» (Украіна), «Zdob Si Zdub» (Малдова). Для яго на плошчы Перамогі ўзводзяць вялікую сцэну.

Гэты канцэрт — нібыта кампэнсацыя жыхарам гораду за нязручнасьці, якія можна пералічваць і пералічваць. Так, з пачаткам фэстывалю ў горадзе зьявіліся вялікія праблемы з паркоўкай прыватных аўто — прыкладам, на плошчы Свабоды дазволена ставіць толькі машыны і аўтобусы гасьцей.

Адчуваюцца перабоі з грамадзкім транспартам — яго таксама часткова «ўзялі ў арэнду». А падчас параду з нагоды адкрыцьця фэстывалю транспартны рух па цэнтры гораду ўвогуле быў забаронены — хоць якраз гэтым часам многія гараджане вярталіся з могілак, дзе адзначалі Радаўніцу. Даехаць з аўта- і чыгуначнага вакзалу да «спальных раёнаў» было практычна немагчыма.

Для расейскіх гасьцей у гэтыя дні ладзяць экскурсіі па музэях, у арт-цэнтар Марка Шагала і ў сядзібу Ільлі Рэпіна. Іх катаюць па Дзьвіне на цеплаходзе, водзяць у заапарк, у парк атракцыёнаў і на боўлінг, заплянаваныя спэктаклі і арганны канцэрт. Усё — пераважна для гасьцей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG