Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бішкек працягвае дамагацца экстрадыцыі Бакіевых


Урад Кіргізстану працягне дамагацца экстрадыцыі экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева і яго брата Жаныша Бакіева, якія атрымалі прытулак у Беларусі.

Пра гэта віцэ-прэм’ер Шаміль Атаханаў заявіў мясцоваму агенцтву АКИpress:

«Забойства і масавае забойства — гэта сур’ёзныя абвінавачаньні, па якіх дзяржава ня мае права пакінуць гэтае пытаньне і пакласьці пад сукно. Мы па пытаньні экстрадыцыі арганізоўваем сур’ёзную працу».

Паводле Атаханава, нядаўна ў Беларусі пабывала рабочая група, якая правяла перамовы, вызначыла першыя этапы разьвіцьця адносінаў, і праца працягваецца. Ён адзначыў, што раней не было наагул магчымасьці весьці перамовы.

15 траўня намесьнік міністра замежных спраў Кіргізстану Аскар Бяшымаў паведаміў журналістам, што працэс экстрадыцыі Бакіева «мае пазытыўны рух» і цяпер «ідуць перамовы». Ён нагадаў, што раней у адказ на адмову беларускага боку выдаць Бакіева кіргіскае зьнешнепалітычнае ведамства панізіла ўзровень свайго дыпляматычнага прадстаўніка ў Беларусі да часовага паверанага замест паўнамоцнага амбасадара. У канцы жніўня мінулага году ўлады Кіргізстану адклікалі зь Беларусі свайго амбасадара.

У Генпракуратуры Беларусі карэспандэнту Свабоды адмовіліся камэнтаваць сытуацыю і прадстаўляць інфармацыю па гэтым пытаньні.

Зрынуты прэзыдэнт Курманбек Бакіеў зь неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыехаў у Беларусь на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі 19 красавіка 2010 году пасьля дзяржаўнага перавароту ў Кіргізстане.

Курманбек Бакіеў атрымаў беларускае грамадзянства, а нядаўна яшчэ і набыў нерухомасьць на ўскраіне Менску.

Новыя ўлады Кіргізстану неаднаразова зьвярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай выдаць Бакіева, але атрымлівалі адмову.

Жаныбека Бакіева летам 2012 году сфатаграфавалі ў цэнтры Менску разам з двума суайчыньнікамі. Паводле інфармацыі МУС Кіргізстану, на здымку, акрамя Бакіева, заўважаныя яшчэ двое грамадзян Кіргізстану, абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук.

11 лютага 2013 году Курманбек і Жаныбек Бакіевы прысудам Ваеннага суду Бішкецкага гарнізону былі завочна асуджаныя па справе аб забойстве трох чалавек. Курманбеку Бакіеву прызначана пакараньне ў выглядзе 24 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Яго брату — пажыцьцёвае пазбаўленьне волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Экс-прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева заявіла, што зрынутаму прэзыдэнту Курманбеку Бакіеву быў дазволены выезд з краіны паводле яе загаду.

Таксама Атунбаева паведаміла, што гэтае рашэньне было прынятае на просьбу прэзыдэнтаў Казахстана, Расеі і ЗША,

Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Кіргізстану Фурката Усенава, у сфармаваным кіргіскім бокам сьпісе асоб, якія падлягаюць вышуку, затрыманьню і экстрадыцыі зь Беларусі, значацца каля 50 чалавек.
XS
SM
MD
LG