Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі «адмоўнік»: «Хутчэй за ўсё, хутка прыйдуць і забяруць»


Беларускае войска

Беларускае войска

У сьвеце адзначаецца дзень права на адмову ад службы ў войску. Ці ёсьць у беларускіх грамадзянаў права на адмову ад вайсковай службы і магчымасьць такое права рэалізаваць?

Калі актывісты ініцыятывы «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» далі мне тэлефон Валянціна Цішко, то адразу сказалі: «Гэта якраз ягоны дзень, можаце яго павіншаваць».

Валянцін ужо 3 гады змагаецца за тое, каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на альтэрнатыўную службу. Змаганьне ідзе па фронце «Ваенкамат —прызыўная мэдычная камісія — вайсковая пракуратура — Мінабароны — Міністэрства аховы здароўя». Валянцін заяўляе, што ня хоча служыць у войску, бо баіцца за сваё жыцьцё і здароўе, і спасылаецца на трагічныя выпадкі ў войску. Таксама Валянціну Цішко перашкаджаюць браць у рукі зброю рэлігійныя перакананьні. Аднак спасылка на 57-ы артыкул Канстытуцыі, які гарантуе права на альтэрнатыўную службу, на вайсковы камісарыят ня дзейнічае: там у адказ заяўляюць пра адсутнасьць закону аб альтэрнатыўнай службе. Пытаюся ў Валянціна, да чаго ён наблізіўся ў выніку гэтай барацьбы: да сваёй перамогі ці да таго, што ўсё ж забяруць у войска?

«Хутчэй за ўсё, што прыйдуць і забяруць. Хаця ўсё ж спадзяюся, што ў іх нахабства ня хопіць. Мяне прызналі прыдатным, але пры гэтым знайшлі ў мяне купу розных хваробаў. Цяпер ідзе этап чарговага вывучэньня зьвестак пра мяне, і 23 траўня мяне чакае чарговы паход у вайсковы камісарыят. А 20 жніўня — новая мэдычная камісія, якая, відаць, вырашыць адправіць мяне ў войска».

Карэспандэнт: «А калі вы адмовіцеся ў жніўні пайсьці служыць, вас жа могуць судзіць?»

«Тут іншая сытуацыя. Я не адмаўляюся ад службы ўвогуле, а падаю ў суд заяву аб парушэньні маіх канстытуцыйных правоў. І далей ужо маю справу будзе вырашаць суд. Калі не раённы, дык абласны ці нават Вярхоўны. І далей да перамогі».

У Беларусі дзейнічае грамадзкая кампанія «За альтэрнатыўную цывільную службу». Яна мае свой сайт і вядзе прыём юнакоў, якія з розных прычын хочуць скарыстаць сваё права на выбар паміж вайсковай і альтэрнатыўнай службай. Каардынатар гэтай кампаніі Яўген Асіеўскі кажа, што закон аб альтэрнатыўнай вайсковай службе ёсьць ва ўсіх суседзяў Беларусі. Альбо гэты закон не прымалі, бо перайшлі на кантрактны набор у войска. І толькі Беларусь апынулася ў сытуацыі, калі права на альтэрнатыўную службу ёсьць, а мэханізму яго рэалізацыі няма, бо закон ніяк ня прымуць. Ці прысьпешылі працэс прыняцьця закону заявы Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць увядзеньня альтэрнатыўнай службы? Яўген Асіеўскі распавядае:

«Законапраект распрацоўваецца, але гэта цягнецца ўжо два гады пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі, што такі закон патрэбны. І законапраект знаходзіцца пад грыфам „для службовага карыстаньня“, таму грамадзкасьць нават ня можа высьветліць, што там у ім напісана. У межах кампаніі „За альтэрнатыўную цывільную службу“ нам даводзілася сустракацца зь юнакамі, якія адмаўляліся служыць, скарыстаўшыся канстытуцыйным правам на альтэрнатыўную службу. Прыкладна 30 чалавек такіх было, але да судоў дайшло значна меней».

Вядома, што некаторых палітычных актывістаў улады забралі ў войска, нягледзячы на адмовы і спасылкі юнакоў на сваё права на альтэрнатыўную службу. Гэта актывісты «Маладога фронту» Павал Сяргей і Міхал Мускі, якія цяпер служаць у вайсковых частках. Паводле Яўгена Асіеўскага, сама меней два прызыўнікі, якія спрабавалі апэляваць да 57-га артыкула Канстытуцыі, цяпер хаваюцца, каб ня трапіць у войска.

У Сьледчым камітэце Беларусі на просьбу карэспандэнта Радыё Свабода не паведамілі, колькі цяпер расьсьледуецца крымінальных спраў пра адмову ад службы ў войску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG