Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Франсуа-Мары Аруэ, дваццаці трох гадоў, родам з Парыжу, сын скарбніка падліковай экспэдыцыі Аруэ, пасаджаны ў Бастылію за складаньне абразьлівых вершаў на рэгента і герцагіню Бэры».

Такі запіс зьявіўся ў ноч з 16 на 17 траўня 1717 году ў тутэйшым турэмным журнале. Па-француску гэты від літаратурнай крытыкі называецца embastiller і дагэтуль карыстаецца папулярнасьцю і аўтарытэтам ва ўсім сьвеце, не выключаючы Беларусь. Цікава, дарэчы, было б прачытаць гэты журнал, ці тое, што ад яго захавалася, цалкам, ад коркі да коркі — займальная, мусіць, проза. Нармандыя і «Нёман» з «Полымем» пад адной вокладкай. А пачыналася ўся гэтая гісторыя так.

Франсуа-Мары Аруэ, будучы ганаровы вальтэр, рэвальвэр і пасьмяротны маўзэр першай францускай рэвалюцыі, быў тады прыдворным паэтам — што ў тыя часы ў Францыі зусім не абавязкова значыла быць падхалімам, як гэта прынята ў нас цяпер. Здарылася так, што нехта з калегаў напісаў сатыру пад назвай «Я бачыў» на рэгента Філіпа і герцагіню. А падпісацца забыўся. Што менавіта бачыў аўтар, здагадацца было няцяжка: рэгент быў чалавек сымпатычны — горды і працавіты да пяці вечара, а ад пяці і да раніцы распусны, як Пан, і пладавіты, як трус: да канца жыцьця ён так і ня мог назваць дакладную колькасьць сваіх дзяцей ад розных кабет, зьбіваючыся недзе на трэцім дзясятку. Крыху пазьней недзе ў Вэрсалі пад засеньню дзяўчат у квецені адбыўся наступны дыялёг:

«Мэсьё Аруэ, іду ў заклад, я прымушу вас пабачыць тое, чаго вы яшчэ сапраўды ня бачылі».

«Што ж гэта, монсэньёр?»

«Бастылія!»

«О, монсэньёр, пакіньце гэтае месца для тых, хто ўжо яго бачыў!»

Вальтэру зрабілася крыўдна. Ён зірнуў на паперку з інкрымінаваным яму тэкстам і з прыкрасьцю прамовіў тое, што заўжды прамаўляў у такіх выпадках: маўляў, вершык занадта дрэнна напісаны, каб быць маім! Раней такая дасьціпнасьць дапамагала, але гэтым разам рэгент быў абражаны не на жарт. Давялося выправіцца ў Бастылію за чужую графаманію.

У Бастыліі яму забаранілі мець атрамант, пёры, паперу, мікрахвалёвую печку, інтэрнэт, фотаапарат, мабільнік, масажыста і адключылі ўсе эратычныя каналы ў тэлевізары, затое дазволілі сваякам даслаць Франсуа-Мары Вэргілія і Гамэра. Седзячы на саламяным матрацы, захутаны ў індыйскую шаль вязень з імпэтам узяўся пісаць чым папала паміж радкоў дасланых кніг свае ўласныя тэксты, паэму пра караля Генры. 10 красавіка наступнага году рэгент, падняўшыся роўна а пятай з-за працоўнага стала, падумаў раптам: «А дзе гэта падзеўся наш наймілейшы Аруэ? Нешта яго не відаць...»

«Дык у Бастыліі ж», — азвалася з-пад стала адна фаварытка, імя якой ён ня памятаў. «Хм, сапраўды», — сказаў рэгент і вызваліў Аруэ з турмы. Сустрэўшы герцага на другі дзень усё ў той самай засені, паэт, які перажыў сваё зьняволеньне як даволі вясёлую, нягледзячы на нязручнасьці, прыгоду, з паклонам сказаў:

«Я прашу вас, монсэньёр, не клапаціцца больш пра маё харчаваньне і жытло над маёй галавой».

Да пяці вечара заставалася яшчэ некалькі гадзін, і рэгент дараваў Аруэ гэтую дзёрзкасьць.

Праз восем гадоў паэт, ужо зрабіўшыся Вальтэрам, будзе зьбіты лёкаямі аднаго вяльможы і зноў трапіць у тую самую Бастылію. Але гэтым разам выйдзе зь яе ўжо іншым чалавекам. Уладальнікам такой сьмертаноснай сілы на кончыку пяра і такой крыўды на існуючы лад і прынятыя парадкі, што яго будуць слухаць і баяцца ня толькі ў Вэрсалі. Бо адна Бастылія — добра, а дзьве — яшчэ лепей, і калі першая псуе здароўе, дык другая вылечвае ад ілюзій, і назаўсёды. Але ўлада рэдка вучыцца на памылках — бо, на жаль, мала бывае ў славутых эўрапейскіх турмах. Санкцыі, сьпісы неўзязных і ўсё такое. Хаця хапіла б і адной пажыцьцёвай экскурсіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG