Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макея запрасілі ў Кракаў, але ён не паедзе


Уладзімір Макей
Уладзімір Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей атрымаў запрашэньне прыехаць у Кракаў для ўдзелу ў сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-сябраў «Усходняга партнэрства» і Вышаградзкай чацьвёркі.

Пра гэта паведаміў Інтэрфакс са спасылкай на амбасаду Польшчы ў Менску.

«Пасьля кансультацый з нашымі партнэрамі па ЭЗ было прынятае рашэньне аб запрашэньні беларускага боку. Запрашэньне перададзена на рукі спадару Макею, што прадугледжвае яго асабісты ўдзел у сустрэчы», — адзначылі ў амбасадзе Польшчы.

У МЗС Беларусі агенцтву заявілі, што беларускі бок возьме ўдзел у сустрэчы ў Кракаве на ўзроўні намесьніка міністра замежных спраў Алены Купчынай.

«Беларускім бокам прынятае рашэньне аб удзеле ў сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін „Усходняга партнэрства“ і Вышаградзкай групы ў Кракаве намесьніка міністра замежных спраў Алены Купчынай», — паведаміла намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына.

17–18 траўня ў Кракаве маюць сустрэцца кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў дзяржаў-сябраў «Усходняга партнэрства» — Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны, а таксама краін Вышаградзкай чацьвёркі — Вугоршчыны, Польшчы, Славакіі і Чэхіі.

Міністры замежных спраў краін «Усходняга партнэрства» правядуць таксама сустрэчы зь Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па замежнай палітыцы Кэтрын Эштан і камісарам ЭЗ па пашырэньні і палітыцы эўрапейскага суседзтва Штэфанам Фюле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG