Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца ў мёртвай зоне

абноўлена

Радаўніца ў мёртвай зоне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00

На Радаўніцу каля 12 тысяч беларусаў наведвалі магілы сваіх продкаў у адселеных пасьля Чарнобылю вёсках.

У радыяцыйнай зоне засталося звыш 200 пагостаў, дзе ляжаць родныя й блізкія перасяленцаў.

Шмат людзей 14 траўня было й на могілках адселенай вёскі Новыя Грамыкі Веткаўскага раёну.

Ні Старых, ні Новых Грамык ужо не існуе. Толькі разваліны цагляных пабудоваў ды помнік зь сярпом і молатам загіблым на вайне вяскоўцам нагадваюць пра былую вёску. А яшчэ, канечне, могілкі.

Аднак адшукаць іх у зьдзічэлым гушчары ня так і проста — вузкая, на адну машыну, дарога нырае з асфальту ў сасоньнік і пасьля двух паваротаў выводзіць падарожніка да крыжоў.

Апошні старшыня Новаграмыўскага сельскага савету Міхаіл Булавінскі, які ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя другім заходам пасьля чарнобыльскай катастрофы адсяляў тутэйшыя вёскі, апавёў:

«Высялялі ў нас абавязкова тры вёскі — гэта Новыя Грамыкі, Пацёсы, часткова Глыбаўку. Ну, і яшчэ Шэйкі, але там было неабавязковае адсяленьне. Агулам адсялілі каля 180 сем’яў. Раскідаў нас лёс па ўсёй Беларусі — у Менск, Гомель, Барысаў, Ваўкавыск, Холмеч».

Чатыры гады таму Міхаіл Булавінскі пахаваў на могілках у Грамыках сваю жонку, зь якой пасьля Чарнобылю пераехаў у Гомель. Таму Радаўніца для перасяленцаў — гэта ня толькі дзень пашаны сваіх продкаў, але яшчэ й магчымасьць пабачыцца з землякамі:

«Гэта ў нас, як фэст. Гэта сапраўды радасны дзень — Радаўніца. Мы сустракаем сваіх землякоў, расказваем пра свае беды й посьпехі. Дзень радасны такі, хаця й са сьлязьмі на вачах».

На пачатку людзі прыбіраюць родныя магілы, прыгадваюць усіх, хто тут пахаваны, чытаюць малітвы...

Пасьля малітвы людзі раскладваюць на століках пачастунак — абавязкова фарбаваныя яйкі, пірог, мяса ды іншая велікодныя прысмакі. Самі падсілкоўваюцца і продкам ставяць на сподачках велікодны пачастунак.



Найбольш на могілках пахавана людзей з прозьвішчамі Грамыка.



Валянціна Грамыка прыехала з мужам на могілкі з Крычаву, каб упарадкаваць магілы бацькі й маці — Івана ды Надзеі Грамыкаў:

«Цяжка, канечне, прыяжджаць, бо нават вёскі няма. Усё развалена — цяжка глядзець. У нас дзьве хаты было, бо бацька ўсё жыцьцё будаваў, каб унукі прыяжджалі, пасядзелі, пажылі. Я ўсё казала: „Тата, навошта будаваць? Мы ж разьедземся усе“. А ён: „Мы, старыя, у старой хаце будзем адпачываць, а вы — у новай“. Было два дамы. Адзін — разабралі, расьцягнулі пасьля высяленьня, а другі, старэйшы, бяз вокнаў стаіць — бяз усяго. Вельмі цяжка глядзець, што ўсё гэта развалена, што нічога не засталося ад бацькоўскіх хатаў».

У вяскоўцаў з Грамык быў і свой слынны зямляк — Андрэй Грамыка, колішні міністар замежных спраў былога Савецкага Саюзу, апошні старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР.

У былой настаўніцы з Грамык, Марыі Грамыка, цікаўлюся пра магчымую дапамогу тутэйшым вяскоўцам з боку выбітнага земляка. І чую такі адказ:

Марыя Грамыка
Марыя Грамыка
«Дапамагаць Андрэй Андрэевіч — нічога не дапамог. Ён увесь час ва ўладзе быў у Маскве, але каб зрабіць што-кольвечы для Старых Грамык, сваёй роднай вёскі, ці для Новых Грамык — гэтага я не скажу. Па-мойму, нічога ён не зрабіў. Мой дзядзька родны са Старых Грамык распавядаў, што стрыечны брат Грамыкі са Старых Грамыкаў езьдзіў да яго ў Маскву й прасіў, каб сыну далі кватэру ў Гомелі. Ну, дык стрыечнаму брату ён дапамог».

Наколькі вядома, вяскоўцы прасілі ў выбітнага земляка паспрыяць будоўлі моста праз раку Бесядзь, каб зьвязаць дзьве вёскі наўпроставай дарогай. Але просьба ці то не дайшла да Андрэя Грамыкі, ці то «завісла» ў крамлёўскіх кабінетах. А пасьля чарнобыльскага адсяленьня адпала й сама неабходнасьць у будаўніцтве моста праз раку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG