Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 траўня: дзень памяці Сваяка і народзінаў Вольгі Корбут


Тарас на Парнасе. Спэктакль Гарадзенскага драматычнага тэатру
Тарас на Парнасе. Спэктакль Гарадзенскага драматычнага тэатру

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У кавярні «H2O» ў Горадні (вул. Студэнцкая, 2) адбудзецца «Кірмаш праектаў». «Кірмаш праектаў», які чарговы раз ладзіцца ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!», у Горадні пройдзе ў абноўленым фармаце: гэтым разам кароткія прэзэнтацыі канструктыўных прапановаў для культуры будуць дапоўненыя публічнай дыскусіяй пра партнэрскія сувязі паміж культурніцкімі мэнэджэрамі. Пачатак а 18.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1889 – упершыню апублікавалі паэму «Тарас на Парнасе» (у газэце «Минский листок»). Паэма была напісаная, найбольш верагодна, у 1850-я. Аўтарам паэмы лічыцца Канстанцін Вераніцын. Ён паходзіў з прыгонных сялян. Вучыўся ў Гарадоцкім прыходзкім вучылішчы, Віцебскай гімназіі (1845-52) і Пецярбурскай мэдыка-хірургічнай акадэміі (1852-54). 3 акадэміі яго ў 1854 годзе выключылі. У 1859 годзе ён бліскуча скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, напісаўшы дысэртацыю «О белорусском хозяйстве». У 1863-74 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874-79 працаваў выкладчыкам у Маладзечанскай настаўніцкай сэмінарыі, з 1880 служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін, меў чын стацкага саветніка. Дакладная дата сьмерці Вераніцына невядомая.

1911 – нарадзіўся Васіль Вітка, клясык беларускай дзіцячай літаратуры.

1918 – нарадзіўся Хуан Рульфа, мэксіканскі пісьменьнік, якога лічаць пачынальнікам магічнага рэалізму.

1926 – памёр Казімер Сваяк, беларускі каталіцкі сьвятар, нацыянальны дзяяч, паэт.

1955 – нарадзілася Вольга Корбут, гімнастка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка.

1986 – у Горадні адкрылі Дом-музэй Максіма Багдановіча.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.
Што ж, чалавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губы ён ня браў,
Затое ў ласцы быў у пана –
Яго пан дужа шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ні разу не збрахаў,
Затое ж ён балота з раньня
Да цёмнай ночы пільнаваў.
Чуць золак – стрэльбу ён за плечы,
Заткне сякеру за паяс, –
Заўсёды ходзіць бор сьцярэгчы
Ды птушак біць з ружжа Тарас.
Хадзіў ці многа ён, ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Бяда ў бары яго спаткала...
Во як казаў нам сам Тарас».


К. Вераніцын, пачатак паэмы «Тарас на Парнасе»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG