Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сайце Радыё Свабода 12 траўня надрукавана інтэрвію Юрыя Дракахруста з выкладчыцай эканомікі бізнэсу Унівэрсытэцкага Коледжу Лёндану беларускай Юліяй Карасьцялёвай пад назвай «Якія санкцыі могуць паўздзейнічаць на Лукашэнку?». Юлія правяла дасьледаваньне «Уплыў мэтавых санкцый на Беларусь», якое было выкананае на замову Эўрапарлямэнту.

Сп-ня Карасьцялёва прааналізавала дасьледаваньні эфэктыўнасьці эканамічных санкцый адносна розных краінаў сьвету і на гэтай падставе прыйшла да высновы: «Існуе дастаткова эмпірычных аргумэнтаў, якія пацьвярджаюць неэфэктыўнасьць шырокамаштабных санкцыяў».

У зьвязку з гэтым хацелася б заўважыць, што пры жаданьні з такім жа посьпехам можна знайсьці ня менш «эмпірычных аргумэнтаў», якія б пацьвярджалі эфэктыўнасьць эканамічных санкцый (Югаславія ў апошні час кіраваньня Мілошавіча, Бірма і інш.) Увогуле гульня прыкладамі – ня самы лепшы спосаб знаходжаньня ісьціны. Зь яе дапамогай можна даказаць што заўгодна.

Што тычыцца гісторыі эканамічных санкцый, то яе вывучэньне дазваляе прыйсьці толькі да адной высновы: у адных выпадках такія санкцыі дзейнічаюць, у іншых – не. Прычым эфэкт можна вызначыць толькі постфактум.

У выпадку Беларусі гэтае пытаньне ўвогуле носіць схалястычны характар. Бо маштабныя эканамічныя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі немагчымыя па шмат якіх прычынах. На гэтым можна было б паставіць кропку і больш не абмяркоўваць згаданую тэму. Хіба толькі ў якасьці інтэлектуальнай гульні, разумовай гімнастыкі.

Ю. Карасьцялёва прыйшла да высновы, што ў беларускім выпадку, пэўны эфэкт могуць прынесьці «разумныя» санкцыі, скіраваныя адносна ўплывовых у грамадзтве групаў, дакладней кажучы, буйных бізнэсоўцаў, прыўладных алігархаў: «Не сакрэт, што чальцы «Сям'і» маюць наўпроставыя сувязі зь бізнэсамі асобных беларускіх алігархаў, маючы з гэтага асабістую фінансавую выгаду. Як палітычная эліта атрымлівае выгаду ад шчыльнага ўзаемадзеяньня зь бізнэс-элітай, так і бізнэс-эліта атрымлівае рознага кшталту прэфэрэнцыі. Гэта фармуе пэўны сымбіёз улады і бізнэсу, які задавальняе абодва бакі». І, як можна зразумець, стаўка робіцца на тое, што гэтыя алігархі, трапіўшы пад санкцыі, пачнуць ціснуць на Лукашэнку, штурхаючы яго да пераменаў, зьмякчэньня палітычнага рэжыму.

Выкажу асьцярожную гіпотэзу, што дасьледчыца дрэнна разумее прыроду рэжыму Лукашэнкі. Ён зусім не падобны на алігархічную сыстэму ўлады ва Ўкраіне ці Расеі часоў Ельцына. Рэжым у Беларусі – чыста пэрсаналісцкі. Гэта рэжым асабістай улады аднаго чалавека. І сымбіёз улады і бізнэсу тут зусім іншы.

Вось зараз Лукашэнка ладзіць фармальна афіцыйны візыт у Армэнію. Хоць складваецца ўражаньне, што беларускі кіраўнік паехаў туды на запрашэньне тамтэйшага алігарха Гагіка Царукяна. Той ня толькі фінансуе шмат якія праекты, але стварыў уласную партыю «Квітнеючая Армэнія», якая мае другую па колькасьці фракцыю ў парлямэнце. Ён паводзіць сябе як гаспадар краіны, запрасіў Лукашэнку жыць у сваім асабняку. А сустрэча беларускага лідэра з прэзыдэнтам Армэніі Сэржам Саргсянам выглядала як нейкі фармальны дадатак да гэтага візыту.

Выношу за дужкі пытаньні палітычнай этыкі ў паводзінах Лукашэнкі, прэстыжу дзяржавы, магчымы карупцыйны складнік у цесных сувязях беларускага прэзыдэнта з замежным алігархам. Хачу толькі адзначыць, што у Беларусі існаваньне такога алігарха, які стаў ужо і буйным палітыкам, немагчыма ў прынцыпе.

Тут гэты сымбіёз улады і бізнэсу выглядае абсалютна інакш. Няма ніякай узаемазалежнасьці. Бізнэс тут абсалютна залежыць ад улады. Гэта не сыстэма васалітэту, якая існавала ў сярэднявечнай Эўропе. Бо там адносіны паміж васалам і сюзэрэнам будаваліся на аснове дамовы, з узаемнымі абавязкамі. Беларуская мадэль больш падобная на тую, якая існавала у Расеі ХVII-ХІХ стагодзьдзяў, дзе шмат бізнэсоўцаў заставаліся прыгоннымі.

У любы момант беларускі алігарх можа апынуцца за кратамі, а ягоны бізнэс канфіскаваны. Прыкладаў тут шмат. Вось нядаўна на некалькі месяцаў быў пазбаўлены волі буйны бізнэсовец В. Шаўцоў, уладальнік банка, які ўваходзіць у дзясятку найбольш уплывовых алігархаў. Пісалі, што ён набліжаны да «Сям'і». А вось жа сеў, пакуль не адкупіўся. Біёграфы У. Пефціева абавязкова ўзгадваюць, што шмат часу той сядзеў на Кіпры, баяўся прыяжджаць у Беларусь, асьцерагаўся арышту. Некалькі гадоў таму праваахоўнымі органамі на пару дзён быў затрыманы Ю. Чыж. Каб не забываўся.

Таму ўявіць, што гэтыя людзі неяк ціснуць на Лукашэнку, нерэальна.

Увогуле пераносіць досьвед краін, якія падвергліся санкцыям, на Беларусь трэба вельмі асьцярожна. Ня толькі таму, што любыя гістарычныя аналёгіі умоўныя. Проста беларускі выпадак дастаткова ўнікальны.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG