Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму камунізм ня меў свайго Нюрнбэргу?


На Нюрэнбэрскім трыбунале прамаўляе адзін зь лідэраў нацыстаў, рэйхсмаршал Герман Герынг.
На Нюрэнбэрскім трыбунале прамаўляе адзін зь лідэраў нацыстаў, рэйхсмаршал Герман Герынг.

Хто вінаваты ў тым, што камунізм, найбольш злачынная палітычная сыстэма ў чалавечай гісторыі, застаецца беспакараны? Чаму нацыстаў судзілі ў Нюрнбэргу, а камуністы свайго Нюрнбэргу не дачакаліся?

На гэтыя пытаньні імкнецца адказаць польскі гісторык і публіцыст Анджэй Новак. Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў ягонага артыкулу, які нядаўна быў апублікаваны на сайце Interia.pl

Спроба ажыцьцяўленьня камуністычнай ідэалёгіі пацягнула за сабой зьнішчэньне прынамсі 100 мільёнаў чалавек. Уявіце сабе, што раптам зьнікаюць Францыя і Англія або ўсё ўсходняе ўзьбярэжжа ЗША, ад Бостану і Нью-Ёрку па Маямі — вось што значыць 100 мільёнаў чалавек. Але ахвяры камунізму былі забітыя ў іншых месцах, у такіх малацікавых мясьцінах, як Катынь, Калыма, дзесьці ў Кітаі, Віетнаме, на Кубе. Хто б імі турбаваўся ў вялікім сьвеце палітычна-інтэлектуальных элітаў Заходняй Эўропы і ўсходняга ўзьбярэжжа ЗША?

Чаму камунізм не асудзілі?

Па-першае таму, што была прынятая вэрсія, быццам бы камунізм не прайграў, але ласкава пагадзіўся падзяліцца адказнасьцю і паўнамоцтвамі са сваімі рабамі ды заключыў пагадненьне (кампраміс) з Захадам. Гэтая вэрсія цалкам адпавядае інтарэсам палітычных абаронцаў статус-кво — у тым ліку і зь Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, а таксама тым, каго запрасілі да розных круглых сталоў.

Другая прычына ў тым, што камуністычная ідэалёгія на працягу апошніх 90 гадоў прайшла ПЕРАМОЖНЫМ маршам праз сродкі масавай інфармацыі і адукацыйныя ўстановы Захаду. Ва ўнівэрсытэтах Заходняй Эўропы і Амэрыкі, падобна як у рэдакцыях найбольш уплывовых СМІ, дамінуюць «ікраныя левыя , якія ўвесь час здзьмухваюць пылінкі зь бюсту старога Маркса (калі ня Сталіна і Мао).

Ад пачатку 1990-х гадоў я рэгулярна наведваю навуковыя кнігарні ў буйных гарадах Захаду. Заўсёды заглядваю на паліцы зь кнігамі па філязофіі. Пасьля кароткага перапынку, які наступіў каля 1990 году, там зноў пануе марксізм. (...) Цяпер галоўным мудрацом зьяўляецца Ален Бадзью, францускі прыхільнік Мао. Вялікай папулярнасьцю далей карыстаецца Эрык Хобсбаўм, ангельскі гісторык-камуніст, які гладка растлумачвае, чаму трэба апраўдаць злачынствы, учыненыя ў імя «прыгожай ідэі». Адносна новай зоркай зьяўляецца Тэры Іглтан, які імкнецца аб’яднаць хрысьціянства з артадаксальным марксізмам.

У цэлым, дамінуе крытыка капіталізму, асабліва Амэрыкі, лібералізму, рэлігіі, жахлівага «мяшчанства». Удумлівае трохтомнае дасьледаваньне таталітарнай спакусы марксізму, якое апублікаваў філёзаф Лешэк Калакоўскі, пакрылася тоўстым пластом пылу, тады як нянавісьць да Захаду і палітычна-эканамічнай сыстэмы, на якой ён грунтуецца, працягваюць выдатна прадавацца. А хто ўмеў абгрунтаваць гэтую нянавісьць лепш, чым Маркс?

Ахвяры камунізму — зусім ня «модная» тэма ва ўплывовых колах. Калі міністр культуры Латвіі Сандра Калніеце на адкрыцьці вялікага кніжнага кірмашу ў Лейпцыгу ў 2004 годзе асьмелілася нагадаць пра ахвяры камуністычнага рэжыму, выбухнуў вялікі скандал. Як гэта так: у Партугаліі ідзе сусьветны зьезд камуністычных партый, на які зьехаліся прадстаўнікі 100 краінаў, а Эўропа раптам пачне асуджаць спадчыну Маркса і Леніна? Памятаць пра нейкіх замораныя голадам «рускіх мужыкоў», пра расстраляных дзесьці польскіх «рэакцыйных» афіцэраў, пра раскрыжаваных ў імя прагрэсу сьвятароў? Вось гэта сапраўдны фашызм!

Камунізм усё яшчэ застаецца надзеяй для чалавецтва... Але ні адзін з інтэлектуалаў, якія прапаведуюць веру ў яго, ня хоча заўважаць, што камунізм па-ранейшаму рэалізуецца на практыцы — у Паўночнай Карэі. Ажно мне карціць спытацца: хочаце пабудаваць другую, палепшаную Карэйскую народна-дэмакратычную рэспубліку? (...)

Тыя мільёны людзей, якія займалі ключавыя пазыцыі ў структурах камуністычнай улады, былі зацікаўлены ў тым, каб камунізм ня быў асуджаны, бо разам з гэтым было б пастаўленае пад пытаньне іх добрае самаадчуваньне, а таксама іх сувязі зь дзядзькамі і мацяркамі з НКУС, КПСС, з намэнклятурай... Яны займалі ў падкантрольных краінах занадта моцную пазыцыю, каб дазволіць сабе падобнае.

У сваю чаргу, калі стала відавочна, што камунізм прайграе ў глябальным суперніцтве з Захадам, такія палітычныя лідэры заходніх краін, як Джордж Буш-старэйшы або Франсуа Мітэран, хацелі пазьбегнуць любога роду праблемаў і новай адказнасьці за «галодны зброд з Усходняй Эўропы».

Хай ужо лепш той Савецкі Саюз так хутка не развальваецца, заклікаў Буш-старэйшы падчас свайго візыту ў Кіеў у 1991 годзе. Масква, хоць і «чырвоная» — гэта прынамсі стабільны партнэр у імпэрскіх гульнях або ў бізнэсе (як гэта было добра вядома канцлеру ФРГ Гельмуту Шміту, які разьвіваў газавае супрацоўніцтва з Брэжневам).

Самая цынічная Realpolitik і надзея на выгады ў бізнэсе прымушаюць заплюшчваць вочы на злачынствы камунізму. Інтэлектуальныя эліты Заходняй Еўропы і Амэрыкі кіруюцца толькі ўласнымі ідэалягічнымі антыпатыямі, і гэта падсілкоўвае іх надзею на тое, што камунізм усё ж можа быць выдатнай альтэрнатывай для таго сьвету, які гэтым элітам хацелася б разбурыць.

Той факт, што гэтая альтэрнатыва ўжо ўкаранялася на практыцы, толькі напаўняе іх гонарам. Камунізм прыгожы таму — як паўтарае Хобсбаўм — што ён перастаў быць тэорыяй, а стаў практыкай. А тое, што гэтая практыка пазбавіла жыцьця мільёны людзей — тым горш для ахвяр «прыгожага экспэрымэнту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG