Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХХІ-е стагодзьдзе пачалося ў 1979 годзе


Маргарэт Тэтчар вітае журналістаў у першы дзень свайго прэм'ерства 4 траўня 1979 году.
Маргарэт Тэтчар вітае журналістаў у першы дзень свайго прэм'ерства 4 траўня 1979 году.

У 1979 годзе мелі месца падзеі, якія незваротна зьмянілі наш сьвет і працягваюць уплываць на яго да сёньняшняга дня.

Іначай кажучы, 1979 год быў пачаткам новай эпохі ў гісторыі сьвету, падобна як такімі эпахальнымі гадамі аказаліся, прыкладам, 1917 (Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расеі), 1789 (Француская рэвалюцыя), 1517 (Марцін Лютэр выступае з 95 тэзісамі супраць Рыма-каталіцкай царквы).

Так прынамсі лічыць вядомы амэрыканскі журналіст Крыстыян Кэрыл (Christian Caryl), які абгрунтоўвае тэзіс аб «эпахальнасьці» 1979 году ў сваёй найноўшай кнізе «Дзіўныя бунтаўнікі: 1979 і народзіны 21-га стагодзьдзя» («Strange Rebels: 1979 and the Birth of the 21st Century»).

Крыстыян Кэрыл, які зьяўляецца старшым навуковым супрацоўнікам Legatum Institute у Лёндане, вядзе рэгулярную калёнку ў амэрыканскім двухмесячніку Foreign Policy. Раней ён працаваў для тыднёвікаў Newsweek і US News & World Report. У 2010-2011 гг. быў галоўным рэдактарам вашынгтонскага бюро нашага радыё.

Што насамрэч здарылася ў 1979 годзе?

Паводле Кэрыла, у 1979 годзе на сусьветную палітычную арэну вельмі моцна выступілі сілы рынку і рэлігіі, якіх раней не заўважалі альбо якія здушвалі, каб яны не маглі праявіцца.

Па-першае, у 1979 годзе выбары ў Вялікабрытаніі выйграла Кансэрватыўная партыя і да ўлады прыйшла «жалезная ледзі» Маргарэт Тэтчэр (прэм’ер-міністар у 1979-1990). Тэтчэр правяла жорсткія палітычныя і эканамічныя рэформы, абапёртыя на адмене дзяржаўнай рэгуляцыі ў эканоміцы і фінансавай сыстэме, забесьпячэньні гнуткага рынку працы, прыватызацыі дзяржаўных кампаніяў і памяншэньні ўплыву прафсаюзаў. Посьпех палітыкі Тэтчэр стаў вызначальным для рэфарматараў у Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе пасьля падзеньня камунізму, якія шмат у чым паўтарылі ейныя рэфарматарскія падыходы.

У 1979 годзе кітайскі палітык і рэфарматар Дэн Сяапін пачаў лібэралізацыю кітайскай эканомікі, робячы яе часткай сусьветнага рынку і закладаючы падмурак для бурлівага эканамічнага разьвіцьця краіны. Палітыку Дэн Сяапіна, якая мае ўсе шанцы учыніць Кітай самай магутнай эканомікай сьвету, кіраўнікі краіны працягваюць і сёньня.

У 1979 годзе папа Ян Павал ІІ наведаў Польшчу, дзе яго сустракалі мільёны суродзічаў і вернікаў. Раптам аказалася, што рэлігія, адсунутая на ўзбочыну грамадзкага жыцьця і/або рэпрэсаваная палітычным рэжымам, далей зьяўляецца магутнай духовай і палітычнай сілай.

Яшчэ большую сілу ў тым самым годзе рэлігія праявіла ў Іране. У 1979 шах Ірану Рэза Пэхляві пакінуў краіну, і на зьмену ягонай манархіі прыйшлі ісламскія фундамэнталісты з аяталом Хамэйні на чале. Ніхто тады і не падазраваў, што іслам стане адной з самых сур’ёзных палітычных сілаў у наступным стагодзьдзі.

І яшчэ адна падзея таго году абумовіла далейшую палітычную хаду сьвету. Перад Калядамі 1979 году савецкія войскі ўвайшлі ў Аўганістан, каб падтрымаць тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва ў Кабуле. Вайна з талібамі ў Аўганістане, якіх паціху падтрымлівалі Злучаныя Штаты, стала для СССР дзесяцігадовай катастрофай. Праблема Аўганістану засталася ў спадчыну і амэрыканцам у 21-м стагодзьдзі.

Кэрыл характарызуе згаданыя падзеі 1979 году як «зваротную рэакцыю» на «грамадзкі прагрэс» папярэдняй эпохі. У першую чаргу гэта была рэакцыя на празьмерную ролю дзяржавы ў грамадзкім жыцьці, плянавую эканоміку і прымусовую сэкулярызацыю грамадзкага жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG