Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік і гісторык Анатоль Сідарэвіч апублікаваў вытрымкі зь ліста, які ён атрымаў на свой запыт да мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта.

З гэтаю праяваю першы раз я сутыкнуўся на Кальварыі ў Менску. Трапіўшы на могілкі праз гадоў колькі пасьля пахаваньня Вячаслава Адамчыка, я вырашыў праведаць і магілу пісьменьніка. Той рад, у якім знаходзіцца магіла выдатнага навэліста і аўтара «Чужой Бацькаўшчыны», уразіў мяне сваёй незвычайнасьцю.

Ад старых пахаваньняў ён адрозьніваецца тым, што надмагільныя помнікі стаяць у каго як: на адных магілах у галавах нябожчыкаў, на іншых — у нагах.

Праз колькі часу я паехаў на радзіму і на могілках у сельсавецкай вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёну ўбачыў такі ж самы разнабой. Як мне патлумачылі, гэтак — у нагах — ставіць помнікі параіў сваякам нябожчыкаў мясцовы бацюшка. Летась такое новаўвядзеньне перакінулася і ў маё Задуб’е. Гэта была першая навіна, якую я пачуў у вёсцы. Кажучы мне пра бацюшкаву «рэформу», мая інфарматарка — сталая патомная баптыстка — не стрымалася, каб не пакпіць і з бацюшкі, і з праваслаўных наогул: «Думаюць, што гэтак хутчэй з Богам стрэнуцца». Не пасьпеў я прыехаць з Палесься, як адзін добры знаёмец, патэлефанаваў мне і спытаўся: ці ня ведаеш ты часам, чаму праваслаўныя сьвятары мяняюць нашу адвечную пахавальную традыцыю?

Паведамляючы мне, што надмагільныя помнікі ў нагах нябожчыкаў пачалі ставіць і ў Аршанскім раёне, мой знаёмец схільны быў бачыць у гэтым новаўвядзеньні маскоўскую інтрыгу. Маўляў, нават Іосіф Сямашка са сваімі хаўрусьнікамі не дадумаўся да таго, каб парушыць наш пракаветны звычай, а папы новай фармацыі... Дасталося і сьвятарам, і віцебскаму ўладыку Дзьмітрыю, і экзарху Філарэту.

Вось да ўладыкі Філарэта і вырашыў я зьвярнуцца. Коратка апісаўшы сытуацыю, я прасіў мітрапаліта аўтарытэтна патлумачыць, чым выклікана гэтае новаўвядзеньне. Ці маюцца наконт новага спосабу ўстаноўкі надмагільнага крыжа (помніка) каноны Ўсяленскіх Сабораў, правілы і запаветы ўсходніх Айцоў Царквы? Ці гэта толькі перайманьне практыкі іншых памесных Праваслаўных Цэркваў або практыкі іншых рэгіёнаў Расейскай Праваслаўнай Царквы?

Праз пэўны час я атрымаў адказ сакратара Менскага епархіяльнага ўпраўленьня пратаярэя Мікалая Коржыча. Марна шукаў я ў тым адказе спасылкі на каноны Ўсяленскіх Сабораў або запаветы Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова ці Яна Залатавуснага. Значыць, ні Айцы Царквы, ні Макар Александрыйскі, які ўвёў саракавіны, ніякіх запаветаў наконт спосабу ўстаноўкі надмагільнага крыжа не давалі. З блаславаеньня мітрапаліта Філарэта а. Мікалай напісаў мне, што тая ці іншая практыка ўстаноўкі крыжа не ерытычная. І дадаў, што існуе некалькі тлумачэньняў сымболікі ўстаноўкі крыжа. Калі крыж ставяць у нагах, то думаюць, што ўваскрэслы чалавек, устаючы з магілы, глядзіць на крыж і зьвяртаецца да свайго Творцы. Калі ж крыж стаіць у галавах, гэта азначае харугву, якую панясе чалавек пасьля ўваскрасеньня як сымбаль перамогі над сатаной.

Такія тлумачэньні сымболікі ўстаноўкі надмагільнага крыжа, дадзеныя мне, падкрэсьлю, без спасылкі на неаспрэчныя аўтарытэты. Але самае галоўнае заключаецца, як на маю думку, у яшчэ адным сказе зь пісьма а. Мікалая Коржыча. Цытую той сказ у перакладзе на беларускую: «Дзецям Праваслаўнай Царквы варта прытрымлівацца традыцыі, прынятай у тым рэгіёне, у якім яны жывуць».

Добра было б, калі б такую параду а. Мікалай, а яшчэ лепш — сам мітрапаліт Філарэт далі не ў адказе на прыватны запыт, а ў цыркуляры праваслаўнаму духавенству ўсяе Беларусі. Тады ўжо пэўна ў асобных нашых грамадзян не было б спакусы бачыць за новаўвядзеньнямі асобных сьвятароў замах Масквы на нашы адвечныя традыцыі і звычаі. А пратэстанты не пасьмевайліся б і з бацюшак-«рэфарматараў», і з Царквы.

Анатоль Сідарэвіч

Крыніца nn.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG