Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэлінджэр» і яго таямніца


Аляксандар Геніс

Легендарны кінапрадусар Харві Вайнштейн паабяцаў сэнсацыю: дакумэнтальны фільм «Сэлінджэр», які раскрые таямніцу пісьменьніка.

Якую менавіта — ніхто не ведае, таму што з усіх удзельнікаў ўзялі падпіску аб неразгалошваньні. Але рэжысёр карціны Шэйн Салерна, які да гэтага быў вядомы толькі баявікамі, ужо чатыры гады рыхтуе гледачам «надзвычайны» па яго словах, кінасюрпрыз, у вытворчасьць якога ён ўклаў два мільёны ўласных даляраў. Як толькі Вайнштейн, які лічыцца самым ўмелым «вытворцам» Оскараў «у Галівудзе, убачыў чарнавы варыянт карціны, ён тут жа купіў фільм. Неўзабаве яго пакажуць на Канскім фэстывалі, але нават там ад гледачоў схаваюць галоўную адметнасьць. Так што ўсім трэба будзе чакаць разгадкі да амэрыканскай прэм’еры фільма, прызначанай на 6 верасьня. Але ўжо зараз ёсьць сэнс пагаварыць пра іншую таямніцу, тую, якая прыцягвае да Сэлінджэра мільёны прыхільнікаў, якія спрабуюць зразумець галоўнае: што хацеў нам сказаць аўтар.

Постэр фільма "Сэлінджэр"
Постэр фільма "Сэлінджэр"
Сэлінджэр — за агароджай славеснасьці. Чытаючы яго, забываеш, што ў кнігі ёсьць аўтар. Кожная старонка здаецца падслуханай, і ня пісьменьнікам, а табой. І яшчэ — у Сэлінджэра адчувалася непрымірымая фронда. Прычым бунтам была форма, а зьместу не было зусім. Ад яго прозы заставаўся смак у роце: як быццам ты толькі зараз зразумеў, што табе заўсёды хлусілі.

Гэтая беспрэцэдэнтная шчырасьць уразіла легендарны «Нью-Ёркер» які заключыў з Сэлінджэрам эксклюзіўны кантракт адразу ж пасьля дэбюту — апавяданьня «Добра ловіцца рыбка-бананка». Менавіта ў гэтым опусе схаваная таямніца, разгадку якой да гэтага часу ўсе шукаюць. Дзясятак старонак, і на кожнай пустэчы больш, чым радкоў, бо тэкст — суцэльны дыялёг. Спачатку кажа яна, потым ён, але не адзін з адным. Гутарка Мюрыэль з маці па тэлефоне — экспазыцыя, якая бегла і няпоўна уводзіць нас у курс справы. Гутарка Сымора з шасьцігадовай Сібіл падрыхтоўвае разьвязку, робячы яе непазьбежнай. З першага дыялёгу мы даведаемся, што Сымор — ненармальны, з другога мы бачым яго вар’яцтва ў дзеяньні, і яно нам падабаецца. Пазьбягаючы найменшага ціску на чытача, аўтар звальвае віну за тое, што адбылося, на жонку — проста таму, што яна нічым не адрозьніваецца ад нас. Затое Сымор — наш герой. Ён жыве ў маляўнічай выдумцы, паверыць у якую здольныя толькі дзеці — і мы, раз гэтага патрабуе аповед.

60 гадоў пасьля крытыкі ўсё яшчэ спрачаюцца, чаму Сымор застрэліўся. Прастадушныя карыстаюцца «Лалітай»: герой карае сябе за пажадлівасьць да малых дзяўчатак. Іншых спакушае псыхалёгія: Сымор ашукаўся ў сваёй любові да жонкі, прыняўшы за нявіннасьць яе ўнутраную пустэчу. Але, па-мойму, у апавяданьні ўсё так ясна, што і канец лішні. Самагубства ўжо адбылося ў канфлікце двух дыялёгаў, і гарачы пісталет — саступка каранэру. Два выведзеных у тэксьце чалавекі прынцыпова несумяшчальныя — як розныя пароды. Пазбаўленыя агульнай мовы, але зачыненыя ў адной клетцы, яны ўзаемна выключаюць адзін аднаго. У гэтай пары адзін павінен памерці, і зразумела — хто, таму што Сібіла — не выйсьце. Яна вырасьце, ператворыцца ў Мюрыэль і стане як усе.

Каб зразумець, да чаго гэта страшна — быць як усе, Сэлінджэр прымушае нас ўслухацца ў размову маці з дачкой па тэлефоне. Чытач, уласна, і ёсьць той самы тэлефон, паколькі мы чуем абедзьвюх жанчын. Абмен сумнымі, нічога не значнымі, паўтаральнымі рэплікамі ўсыпляе нашу пільнасьць, а потым позна, таму што мы ўжо ненавідзім Мюрыэль ня менш, чым Сымор. Віртуознасьць аповеду — у беспамылковым дыялёгу: чыстая эквілібрыстыка, балет на рабры куфля. З тых часоў Сэлінджэр стаў для трох пакаленьняў чытачоў камэртонам дакладнасьці. Чытаць такі дыялёг трэба так, каб адчуць іншага, не перастаючы быць сабой. Увайшоўшы ў ролю, мы адчуем тое, для чаго аўтару не хапіла слоў, і даведаемся тое, што напісана паміж радкоў, дзе хаваецца сапраўдная літаратура. І калі цяпер вярнуцца да рыбкі-бананкі, то апынецца, што ў Сэлінджэра ўсё зразумела з першага слова:

— Алё — сказала яна, трымаючы воддаль растапыраныя пальчыкі левай рукі і стараючыся не дакранацца імі белага шаўковага халаціку — на ёй больш нічога, апроч чаравікаў, не было — кольцы ляжалі ў ваннай.

Ужо з гэтага «алё» мы здагадваемся, што манікюр у Мюрыэль на душы, а ня пальцах. Але да гэтай высновы мы павінны прыйсьці самі. Варта пераціснуць, як ілюзія дакладнасьці зьнікне, шырма абрынецца, шкло разаб’ецца, і мы адразу выявім аўтара. Адной прамашкі дастаткова, каб героі ператварыліся ў марыянэтак, аўтар — у духа. Але Сэлінджэр доўга не дапускаў промахаў, а калі ў самых апошніх апавяданьнях ўсё-такі дапусьціў, дык перастаў друкавацца зусім.

Магчыма, новы фільм раз і назаўжды растлумачыць — чаму. Хацелася б, каб ён паабяцаў нам, як многія мараць, неапублікаваныя рукапіс Сэлінджэра. Але якім бы ні апынуўся «Сэлінджэр» карціна не здолее раскрыць душу свайго героя лепш, чым гэта атрымалася яго прозе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG