Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якое значэньне перамозе ў Другой сусьветнай вайне надае беларуская масавая сьвядомасьць? Ці не зьяўляюцца беларускія спрэчкі пра тую вайну спаборніцтвам мадэляў будаўніцтва нацыі і дзяржавы? Наколькі гэтыя спрэчкі палягаюць у агульнаэўрапейскім рэчышчы асэнсаваньня Другой сусьветнай вайны?

Над гэтымі тэмамі у Праскім акцэнце разважаюць філёзаф Валянцін Акудовіч, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Валер Булгакаў і сацыёляг Аляксей Ластоўскі.


Вайна і перамога у масавай сьвядомасьці


Дракахруст: 68 гадоў таму скончылася Другая сусьветная вайна. Ужо няшмат засталося тых, хто быў на той вайне, нават людзі, якія тады былі дзяцьмі, маюць вельмі сталы век. Але перамога ў той вайне — сыстэмаўтваральны слуп дзяржаўнай ідэалёгіі, 9 траўня — адно з галоўных дзяржаўных сьвятаў, нават фармальна галоўнае сьвята — Дзень незалежнасьці — даволі штучна прыцягнуты да той вайне. Кіраўнік дзяржавы да месца і не да месца прыгадае вайну ў сваіх прамовах, то кажучы пра акопы, ў якіх беларусы поплеч з рускімі гнілі тады, то параўноваючы цяперашнюю заходнюю палітыку з гітлераўскім нашэсьцем. Гэта часам называюць спэкуляцыяй. Але і ў першасным эканамічным значэньні спэкуляцыя — гэта маніпуляцыя каштоўнасьцямі. А гэта сапраўды застаецца каштоўнасьцю для беларусаў? Аляксей, вы шмат аналізавалі дадзеныя апытаньняў, якія тычацца гістарычнай памяці? Паводле іх якая роля той вайны ў масавай сьвядомасьці?

Ластоўскі: Трохі не пагаджуся з ужытым тэрмінам «маніпуляцыя» ці «спэкуляцыя» ў дачыненьні да памяці, бо кожная дзяржава выкарыстоўвае мінулае для стварэньня прэстыжу на міжнароднай арэне і падтрыманьня ляяльнасьці ўласных грамадзян. І тут Беларусь ніякае не выключэньне. Кожная дзяржава маніпулюе гісторыяй. І які ўласна выбар быў у Лукашэнкі? Ён выкарыстоўваў той рэсурс, які дастаўся яму з савецкіх часоў. І, відавочна, што ў гістарычнай памяці перамога ў Вялікай Айчыннай вайне дамінуе. Яна зьяўляецца цэнтрам, фундамэнтам калектыўных уяўленьняў беларусаў пра мінулае сваёй краіны. Вакол Перамогі зьбіраецца ўся наша гісторыя, менавіта яна дае сэнс і значэньне беларусаў як нацыі, вызначае іх місію пераможцаў над фашызмам. Тут можна прыгадаць і дасьледаваньне Інстытута сацыялёгіі НАН 2008 году і дасьледаваньне НІЭСПД 2012 году. У абодвух выпадках у адказах на пытаньне, якая падзея з гісторыі Беларусі зьяўляецца найбольшай падставай для гонару, на першае месца бясспрэчна і з вялікім адрывам выходзіць менавіта перамога ў вайне. Такі варыянт адказу далі каля 80% апытаных. І тут мы можам казаць пра досыць вялікую ступень падтрымкі той палітыкі мэмарыялізацыі вайны, якую праводзяць беларускія ўлады. Паводле апытаньня Інстытуту сацыялёгіі НАН 2010 году 89% апытаных лічаць, што галоўнае дзяржаўнае сьвята Беларусі мусіць захоўваць сувязь з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Мы можам прыгадаць і дасьледаваньне лябараторыі НОВАК, зробленае ў 2009 годзе на замову кампаніі «Будзьма», дзе бачым аналягічную карціну: абсалютная большасьць жыхароў краіны лічыць нацыянальным сьвятам дзень Незалежнасьці, які адсылае нас да вызваленьня Менску ў 1944 годзе, і дзень Перамогі.

Тут можна было б зрабіць простую выснову пра эфэктыўнасьць і пасьпяховасьць таго праекту гістарычнай памяці, які падтрымлівае і распаўсюджвае беларуская ўлада. Але таксама хацеў бы зьвярнуць увагу на некаторыя лякуны гістарычнасьці, нават калі не браць на ўвагу тое, што існуюць і цалкам альтэрнатыўныя погляды на характар вайны для Беларусі. Існуе вялікі зазор паміж патасам і праслаўленьнем подзьвігу, як гэта агучваецца ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі, і расповедамі простых людзей, якія перажылі вайну на фронце ці ў часе акупацыі. Гэтыя ўспаміны існуюць у форме вуснай камунікатыўнай памяці і зараз зьбіраецца дасьледнікамі. На жаль, гэта цалкам розныя расповеды. Калектыўны подзьвіг і калектыўная ахвяра выключаюць трагедыю індывіда, звычайнага чалавека. Але ў любым выпадку гэта калектыўная памяць займае сваю нішу. Аднак калі казаць пра публічны дыскурс, пра калектыўную памяць, то тут відавочна, што перамога у Вялікай Айчыннай вайне цалкам дамінуе.

Дракахруст: Валер, у вайне Беларусь панесла незьлічоныя страты. Да таго ж ня ўсё там было так адназначна — дзесяткі тысяч людзей удзельнічалі ў паліцэйскіх і грамадзкіх фармаваньнях, створаных пад эгідай нацыстаў. Дык чаму ж такія ацэнкі Перамогі ў масавай сьвядомасьці, чаму гэта прадмет гонару?

Булгакаў: Існуюць таксама сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх адпраўная кропка нацыянальнай гісторыі для беларусаў — гэта альбо падзеі Другой сусьветнай вайны, у прыватнасьці, вызваленьне Беларусі ў 1944 годзе, альбо крушэньне імпэрыі Раманавых, Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 году, альбо заснаваньне БССР, альбо — ў самых такіх заглыбленых варыянтах — падзеі, зьвязаныя з крахам Рэчы Паспалітай і дэстабілізацыі палітычнай сыстэмы на нашых землях у канцы XVIII стагодзьдзя. Гістарычна так склалася, што сама беларуская нацыя, як суб’ект гісторыі, зьявілася на міжнароднай арэне палітыкі і эканомікі фактычна толькі ў ХХ стагодзьдзі, таму няма нічога дзіўнага, што акурат падзеі, зьвязаныя з гісторыяй ХХ стагодзьдзя, зьяўляюцца нейкім фундамэнтам, адпраўной кропкай ўяўленьня беларусаў пра сябе і пра ўласную мінуўшчыну.

Дракахруст: Валер, вось вы кажаце, што зьявілася беларуская нацыя ў ХХ стагодзьдзі. Так усе прыкладна ў адзін і той жа час зьявіліся. Напрыклад, побач з Беларусьсю Літва. Нельга сказаць, што літоўцы асэнсавалі сябе як нацыя на 100 ці на 200 гадоў раней за беларусаў. Прыкладна тады ж і асэнсавалі. І яшчэ — да фразы Аляксея наконт Лукашэнкі : «А які ў яго быў выбар?». Да быў выбар. Тыя ж літоўцы выйшлі з таго «савецкага шынэлю», але яны будуюць сваю ідэалёгію дзяржаўнасьці зусім не на Другой сусьветнай вайне. І ў Беларусі менавіта такая магчымасьць існавала, і былі людзі, якія адстойвалі іншы радавод Беларусі.

Булгакаў: Гэта вельмі няўдалае параўнаньне Беларусі і Літвы, бо ў Беларусі не было міжваеннага эпізоду, не было пэрыяду ў 20 гадоў, калі ў Літве паўстала нацыянальная эліта, паўстала нацыянальная гісторыяграфія, якая была інтэгральнай часткай эўрапейскай гістарычнай навукі, калі паўсталі нацыянальныя ўнівэрсытэты. Калі ўласная гістарычная памяць пераўтварылася ў буйную нацыянальную індустрыю з выхадам на асноўныя акадэмічныя асяродкі ўласнай краіны і Эўропы. Уласна кажучы, казус Беларусі палягае ў тым, што нясьмелыя спробы стварэньня ўласнай гістарычнай навукі, а гістарычная навука ўсё ж такі зьвязана з палітыкай гістарычнай памяці, былі патопленыя ў крыві ў 30-я гады ХХ стагодзьдзя.

Дракахруст: Валянцін, вы шмат пісалі пра тое, што гэтая вайна для беларусаў не была айчыннай, была чужой, жорнамі гісторыі, у якіх беларусы былі адно ахвярамі. А чаму ж паводле апытаньняў пераважная большасьць не ўспрымае вайну гэтак, як вы, а прытрымліваецца хутчэй афіцыйнай вэрсіі?

Акудовіч: Я належу да тых, хто, як кажа Лукашэнка, «пастаянна імкнецца перагледзець гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, прынізіць значэньне гераічнай барацьбы савецкіх людзей, ачарніць партызанскі рух». Ужо як найменей гадоў дваццаць я спрабую давесьці паспалітаму люду, што для нас, беларусаў, ніякая гэтая вайна не Айчынная, што гераічны подзьвіг савецкіх людзей — гэта ідэалягічны міт, а знакамітая савецкая партызанка на Беларусі штучна і да таго ж прымусова арганізаваная Масквой. Але гэта зусім не азначае, што ў сваёй «нядобрай» справе перапісваньня гісторыі я імкнуся зьмяніць ідэалягічныя плюсы на мінусы ці наадварот. Я проста хачу, каб людзі забыліся на перамогу як сьвята, калі размова ідзе пра вайну. Рэч у тым, што калі мы сьвяткуем перамогу, то мы сьвяткуем вайну. А ў вайны няма і не можа быць сьвята. Дык чаму тады беларусы так любяць гэты дзень, прыдуманы яшчэ камуністамі за савецкім часам? Ну, хаця б таму, што нягледзячы на зьмену пакаленьняў, у ідэалягічным пляне беларусы ўсё яшчэ моцна нагадваюць савецкіх людзей. Дарэчы, дзень Перамогі выконвае значную ролю ў тым, каб яны такімі заставаліся і далей. Але першынства тут, безумоўна, належыць татальнаму ідэалягічнаму прэсінгу, які дзейнічае не толькі праз выхаваньне і адукацыю, але і праз усе формы масавай культуры. Аднак ёсьць у гэтым фэномэне і іншыя, акрамя ідэалягічнай апрацоўкі, чыньнікі. Беларусы самі былі ахвярамі і, як кажуць прапагандысты, героямі гэтай вайны. Узяўшы на сьвята Перамогі «наркомаўскія сто грамаў», яны эмацыйна далучаюцца да сваіх продкаў, якія непасрэдна і актыўна ўдзельнічалі ў адной з самых вялікіх падзеяў у гісторыі чалавецтва. А кожнаму чалавеку хоць час ад часу карціць адчуць сябе вялікім.


Вайна як поле ідэалягічнага спаборніцтва


ці спалучаецца бел-чырвона-белы сьцяг з гонарам за Перамогу?
Дракахруст: Савецкі гісторык Міхаіл Пакроўскі некалі напісаў, што гісторыя — гэта палітыка, абрынутая ў мінулае. І часам здаецца, што беларускія спрэчкі пра вайну цалкам адпавядаюць гэтай вульгарнай формуле, што яны — адлюстраваньне спаборніцтва мадэляў будаўніцтва дзяржавы і нацыі. Ёсьць ланцужок — калі гэта айчынная вайна для беларусаў, значыць, СССР быў іх сапраўднай Айчынай, рускія — былі і ёсьць братамі, значыць, іх сьцяг — чырвоны, а незалежная Беларусь — недарэчнасьць, а мо нават і працяг справы Гітлера. І тады, каб выбудаваць іншы ланцужок, то трэба пачынаць з адваротнага: калі незалежная Беларусь і бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сьвятыя каштоўнасьці, то вайна за СССР, у складзе СССР, пад чырвоным сьцягам і кіраўніцтвам Сталіна — гэта чужая вайна. Ну а калі ісьці далей, то тыя, хто быў на іншым баку ў той вайне, прадстаўляюцца, як змагары за беларускую незалежнасьць. Так выглядае, што справа менавіта ў гэтых ідэалягічных патрэбах, а ня ў тым, ці рабавалі нейкага партызаны і ці стаялі за іх сьпіной пасланцы Масквы. Наколькі жорсткія гэтыя ланцужкі, наколькі адно ў іх выцякае зь іншага? Іншымі словамі, фігуральна кажучы, ці спалучаецца бел-чырвона-белы сьцяг з гонарам за Перамогу?

Булгакаў: Думаю, што, безумоўна, так. Вайна — гэта перш за ўсё не рэальная зьява з рэальнымі наступствамі, а адмысловая ідэалёгія, пэўная ідэалягічная канцэпцыя, якая выкарыстоўваецца ў палітычных дэбатах пра сучаснасьць. Аляксей Ластоўскі тут вельмі слушна заўважыў, што паміж прапагандысцкім дыскурсам вайны і рэальнымі ўспамінамі людзей, якія яе перажылі, існуе велізарны зазор. З аднаго боку ёсьць рэальная памяць пра рэальную вайну, а з другога боку ёсьць індустрыя прапагандысцкая, якая дзеля пэўных палітычных мэтаў стварае прыхарошаны канструкт. І так сталася, што, безумоўна, савецкая ўлада трымае тут, нават пасьля свайго краху, перавагу супраць млявых і разрозьненых нацыяналістычных «спробаў» стварэньня контар-ідэалёгіі. Але і першая, і другая канцэпцыі маюць пэўныя ўразьлівыя месцы.

Савецкае ці постсавецкае ўяўленьне пра вайну, як і нацыяналістычнае бачаньне, маюць тую Ахілесавую пяту, што вельмі часта яны базуюцца на выдумках і мітах, а не на рэальных фактах. Гэта зьяўляецца ключавым момантам для разуменьня сытуацыі. І задача сучаснага беларускага інтэлектуала-інтэлігента палягае, на маю думку, ў тым, каб дэканструяваць гэтыя міты, зрабіць так, каб памяць пра вайну засталася не столькі ідэалягічная, колькі заснаванай на рэальных рэчах і фактах.

Дракахруст: Аляксей, паводле апытаньняў стаўленьне людзей да пэўных гістарычных сюжэтаў вельмі моцна залежыць ад іх палітычных перакананьняў, скажам, ацэнкі рэвалюцыі 1917 году, абвяшчэньня БНР, абраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнкі вельмі адрозьніваюцца ў залежнасьці ад стаўленьня да кіраўніка дзяржавы. А ці так гэта ў адносінах да перамогі ў Другой сусьветнай вайне?

Гістарычная палітыка цяперашняй улады —эклектычная
Ластоўскі: Тут можна зьвярнуцца да апытаньня НІСЭПД 2012 года, паводле якога няма ніякай прынцыповай розьніцы паміж ацэнкамі ролі Перамогі, якая зьяўляецца галоўнай падзеяй для гонару і для тых, хто прыхільны да прэзыдэнта, і для тых, хто непрыхільны. Розьніца там нязначная. Можна было б сказаць пра існаваньне двух наратываў, адзін прарасейскі, прасавецкі, пралукашысцкі, а другі базуецца на нацыяналістычнай вэрсіі гісторыі. Але ў рэчаіснасьці ўсё ня так. Гістарычная палітыка цяперашняй улады —эклектычная. Яна ўключае ў сябе розныя элемэнты і савецкія, і нацыянальныя, і іншыя. Такой разьбежкі, дыфэрэнцыяцыі і супрацьстаяньня няма, але ёсьць моманты, якія могуць людзей разрозьніваць. Гэта не толькі нават абвяшчэньне БНР, але і войны з Масквой. У гэтым кантэксьце мы можам узгадаць і паўстаньне Кастуся Каліноўскага і Аршанскую бітву, юбілей якой мы будзем адзначаць у наступным годзе. Сапраўды вось гэтыя падзеі вядуць да канфрантацыі, да падзелу на часткі беларускага грамадзтва. А тое, што інтэгруе і аб’ядноўвае — гэта перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Яна сапраўды зьяўляецца менавіта такім істотным аб’яднальным фактарам.

Дракахруст: Валянцін, як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя апошнія рэчы, пра якія сказаў Аляксей? Сэнс таго, пра што вы казалі раней, зводзіцца да таго, што гонар Перамогай — гэта вынік савецкай і постсавецкай індактрынацыі. Але, як мы бачым, нават людзі, якія не прымаюць гэтай індактрынацыі, яны ў гэтым пытаньні абсалютна такія, як і тыя, што прымаюць яе. Ёсьць каштоўнасьць, якая рэальна аб’ядноўвае нацыю,. А навошта вы яе выкідаеце?

Акудовіч: Юры, вы проста выдатна расклалі гэтую ідэалягічную апазыцыю. Але асабіста для мяне спалучэньне бел-чырвона-белага сьцяга з гонарам за Перамогу — гэта толькі палітычная зьмена адной прафанацыі вайны на другую. Ці, дакладней, падваеньне прафанацыяў. Яшчэ раз паўтаруся: у вайны няма перамогі, у вайны ёсьць толькі паразы. Незалежна ад таго, хто гэтую вайну палітычна выйграў. І я буду ўпэўнены ў гэтым, нават калі пераважная частка беларускага народу будзе думаць інакш.

Беларускія спрэчкі як працяг эўрапейскіх


Дракахруст: Наколькі беларускія спрэчкі пра вайну палягаюць у рэчышчы эўрапейскага пераасэнсаваньня Другой сусьветнай? Здаецца, нідзе дзень завяршэньня той вайны не сьвяткуецца так масава і не ўспрымаецца так востра, як у Беларусі да Расеі. І ці можна сказаць, што агульны эўрапейскі трэнд — гэта перасэнсаваньне Другой сусьветнай, як проста катастрофы, кшталту землятрусу, як гэта ў значнай ступені адбылося з Першай сусьветнай. У землятрусе хто ж вінаваты, хто меў рацыю? Ці ўсе ж і ў Эўропе ў цэлым захоўваецца ўяўленьні — гэтыя мелі рацыю, справа гэтых была правай, а гэтых — не? Вось неўзабаве пасьля Першай сусьветнай вайны сталі папулярнымі сустрэчы, скажам, яе нямецкіх і францускіх вэтэранаў, пасядзець гэтак ля кацялка з салдацкай кашай, успомніць былыя бітвы. Парадокс, але гэтыя сустрэчы адбываліся і тады, калі Гітлер ужо прыйшоў да ўлады. А вось пасьля Другой сусьветнай не было такога, не сядзелі вэтэраны вэрмахта ля вогнішча ня толькі з вэтэранамі Чырвонай арміі, але і з былымі салдатамі з ЗША і Вялікабрытаніі.

ўсё ж такі ў беларусаў ёсьць схільнасьць пераходзіць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў
Ластоўскі: Я думаю, што зараз вайна не асэнсоўваецца, як прыродная катастрофа, і ў тым ліку і ў Эўропе. Існуюць іншыя тэндэнцыі. Пасьля вайны доўгі час існавала тэндэнцыя гераізацыі пераможцаў. Тое, што мы зараз бачым у Беларусі, і тое, што адбывалася ў савецкія часы — агульная рысавая характарыстыка. Сьвет пасьля вайны будаваўся на легітымнасьці перамогі. Той, хто перамог, атрымоўваў сымбалічны прэстыж. І для гістарычнай памяці эўрапейскіх нацый гэта таксама адыгрывала значную ролю. Але ў Нямеччыне пачаўся працэс пераасэнсаваньня вайны зусім зь іншай пазыцыі, з пазыцыі калектыўнай віны нацыі за гэты ўвесь абсяг злачынстваў, якія адбываліся. Асабліва гэта ўзмацнілася тады, калі пачала ўздымацца тэма Галакосту — страшнай трагедыі габрэйскага народу. І вось гэты трэнд — пераасэнсаваньне вайны з пазыцыі разуменьня віны і адказнасьці за злачынствы — пераважае над памяцьцю перамогі, якая ўсё роўна існуе, але ўжо не ў такой значнай ступені. І таму мы бачым, што ў Эўропе гэта сапраўды больш сьвяткуецца як Дзень памяці ахвяраў і трагедыя, але ўсё роўна востра ўздымаецца пытаньне віны. Мае важнае значэньне ўдзел мясцовага насельніцтва ў гэтых злачынствах — хто ўступаў у калябарацыю, хто дапамагаў зьнішчэньню габрэйскага насельніцтва. Асабліва вострыя дыскусіі на гэты конт ідуць у Польшчы, Украіне і Літве. Да Беларусі гэта яшчэ не дакацілася, хаця ёсьць гісторыкі, напрыклад, Белы, якія спрабавалі ўздымаць гэтыя пытаньні і ў нас. Але я таксама адзначу адну важную рысу. У апытаньні Інстытуту сацыялёгіі НАН ў 2010 годзе было пытаньне: «Што для вас у першую чаргу азначае гэты дзень?». І на першым месцы — 40% — адказалі, што гэта менавіта Дзень памяці ахвяраў вайны. Мы бачым, што ўсё ж такі ў беларусаў ёсьць схільнасьць пераходзіць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Акудовіч: Мае погляды на сутнасьць вайны бліжэй, як мы кажам, да эўрапейскіх. Хаця ў мяне яны, бадай, яшчэ больш радыкальныя. Я спадзяюся, што некалі ўся гісторыя войнаў будзе пазбаўленая гераічнага ці хай сабе толькі рамантычнага патасу. Гэта значыць і Аляксандр Македонскі, і Напалеон, і Сувораў будуць бачыцца найперш як таленавітыя арганізатары масавых забойстваў, а ўжо толькі потым як вялікія майстры ў справе вайны. Але дзеля таго, каб перапісаць гісторыю ў антымілітарысцкім кантэксьце, спачатку тое самае трэба прарабіць са слоўнікамі нашых моваў. Відавочна, яны збыткоўна мілітарызаваныя. А пакуль у нашых галовах словы «вайна»- «перамога»-«сьвята» не пярэчаць адно аднаму, датуль сьвяточныя «скокі» на костках ахвяраў вайны будуць працягвацца.

Булгакаў: Былыя салдаты вэрмахту, якія ваявалі на нашых землях і, калі казаць савецкім прапагандысцкім штампам, «рэзалі савецкі народ», вялікай часткай сталіся вайскоўцамі арміі, якая была складовай часткай, ізноў кажучы савецкім штампам, «агрэсіўнага блёку НАТА». Уласна кажучы, элітныя нямецкія лётчыкі, танкісты былі непадзельна інтэграваныя ў заходнюю вайсковую структуру. Сытуацыі пасьля Першай сусьветнай вайны і пасьля Другой сусьветнай вайны радыкальна розьнілася па той простай прычыне, што Першая сусьветная вайна прывяла да яшчэ большай катастрофы ўвесь заходні сьвет, а Другая сусьветная вайна стала тым выклікам, рэакцыяй на які стала інтэграцыя Заходняга сьвету. Такіх сустрэчаў з кашай ля вогнішча, таму што сьвет радыкальна зьмяніўся, а былыя камбатанты, людзі, якія ваявалі па розныя лініі фронту, проста зьліліся ў адзіную вайсковую структуру. Гэта, безумоўна, суправаджалася канфліктамі, бо, з аднаго боку, гэта было балючае траўматычнае перажываньне, а з другога боку — гэта было нешта абсалютна новае, чаго не было раней.

У сярэдзіне 80-х гадоў прэзыдэнт Рэйган, ідучы на пераабраньне на другі тэрмін, пачаў свой візыт ў ФРГ з таго, што наведаў могілкі нямецкіх вайскоўцаў, салдатаў вэрмахту. Гэта паказвае, наколькі іншае вымярэньне зьявілася ў заходнім сьвеце, што лідэр дзяржавы, якая перамагла фашызм, не лічыў ніжэй за сваю годнасьць, больш за тое — лічыў палітычна мэтазгодным, наведаць могілкі тых людзей, якіх у СССР апісвалі як лютых забойцаў. Акурат гэта і ёсьць канстанта заходняга сьвету, разуменьне якой, на жаль, да нас яшчэ не прыходзіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG